Стаянка цягніка дзве мінуты. Вёска Кавалі Ляхавіцкага раёна вядома з XVI стагоддзя /фота/

Прыпыначны пункт "Кавалі"

Вёска Кавалі  вядома з XVI стагоддзя, уваходзіла ў склад Навагрудскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1551 годзе – сяло маёнтка Ведзьма Ляхавіцкай воласці, уласнасць вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта ІІ Аўгуста.

Вёска Кавалі летам патанае ў зелені садоў.  Прыгожыя мясціны, цішыня, якую дакладна ў адзін і той жа час парушае  перастук колаў цягніка. 39 двароў, 83 жыхары –  такая вёска сёння ( для параўнання: яшчэ 10 гадоў назад  лічбы былі большыя — 57 і 120). Адна з тутэйшых адметнасцяў – чыгунка, правільней, прыпыначны пункт з аднайменнай назвай.  Невялікі перон,  навес з назвай прыпынку і раскладам руху  дызель-цягнікоў — вось і ўсё, што засталося ад некалі немалога будынка  чыгуначнай станцыі. Калісьці тут  можна было купіць білет, пасядзець на лавачцы ў чаканні свайго цягніка на  Баранавічы, Слуцк і нават Маскву. А яшчэ, па ўспамінах тутэйшых  старажылаў, каля “вакзала” ладзілі  танцы  пад гармонік і баян — збіралася шмат моладзі (і не толькі)  з навакольных вёсак і хутароў.

Непадалёк аўтобусны прыпынак, праўда, па другі бок чыгункі. Некалькі разоў на дзень праязджае рэйсавы аўтобус. Так што дабрацца можна без асаблівых праблем да Ляхавічаў, Баранавічаў і цэнтра сельсавета – аграгарадка Навасёлкі.

Пабываць у Кавалях і не  ўбачыцца з цудоўным чалавекам  Нінай Іванаўнай Люкіш  проста недаравальна.  Яна будавала мясцовую  школу,  потым была  яе дырэктарам і настаўнікам. Цяжка падлічыць, для колькіх вучняў з 1966 па 1987 гады  Ніна Іванаўна станавілася не проста любімай настаўніцай, а другой мамай — шчырай, добразычлівай.

Па сцяжынцы, зацярушанай свежым сняжком, рушым уздоўж вялікага сада, упрыгожанага інеем. На  акуратным цагляным  доміку шыльда  з надпісам “Дом узорнага санітарнага парадку”.  На парозе ветліва сустракае гаспадыня.

Сяброўкі-суседкі Аляксандра Біза і Ніна Люкіш.

Паважаная Ніна Іванаўна,  — так і сёння  да яе звяртаюцца  былыя вучні, суседзі і знаёмыя. Не забываюць і настаўнікі цяперашняй Навасёлкаўскай СШ, адкуль пайшла на заслужаны адпачынак. Нягледзячы на  шаноўны ўзрост ( 81 год),  не сядзіць без справы. У многім дзякуючы яе намаганням устанавілі, напрыклад, навес і лаўку на чыгуначным прыпынку.

З гэтымі мясцінамі, пра якія можа расказваць бясконца,  у  Ніны Іванаўны звязана ўсё жыццё. Яе маленькая радзіма недалёка,  праз пераезд —  Вялікая Лотва.   Жанчына ўспамінае:

— У  новай  пачатковай Кавалёўскай школе ў першае яе дзесяцігоддзе вучылася па 50 чалавек штогод, а ў апошні, 1986-1987 навучальны – у трох класах — 7 вучняў. А якая школа была —  узорная і па парадку, і па паспяховасці!

На жаль, вёска не маладзее.  Школу ў Кавалях закрылі. Будынак, дзе  калісьці гучалі дзіцячыя галасы, ішлі ўрокі, змяніў  прызначэнне: стаў магазінам. Праўда і яго век быў нядоўгім. Ужо некалькі гадоў, як  гандлёвая кропка  не дзейнічае. Нявыгадна завозіць сюды тавар, трымаць прадаўца, у  халодную пару  ацяпляць памяшканне.  Вось паціху і зарастае тэрыторыя вакол  бур’яном і пустазеллем. Дарэчы,  пра парадак тут не пашкодзіла б паклапаціцца райпо, на чыім балансе знаходзіцца памяшканне. Каб забяс-печыць мясцовых жыхароў самымі неабходнымі прадуктамі харчавання ці спадарожнымі таварамі, двойчы на тыдзень сюды прыязджае  магазін на колах.  Як сцвярджаюць кавалёўцы, асартымент у  аўталаўцы  добры, задавальняе і якасць абслугоўвання.  Але, па словах  Ніны Іванаўны Люкіш,   вельмі цяжка ў немаладым узросце, маючы праблемы  са здароўем, дайсці да машыны, асабліва нязручна, калі на вуліцы мокра ці галаледзіца.  На дапамогу прыходзіць  сацыяльны работнік. У адрас Марыі Масайла гучалі  шчырыя  словы ўдзячнасці за клопат пра тутэйшых пажылых людзей, чые  дзеці і ўнукі  жывуць далёка. Яна  з мужам Васіліем, таксама сацыяльным работнікам, сталі надзейнай падтрымкай для адзінокіх пенсіянераў: і пакупкі для іх зробяць, і з аплатай камунальных паслуг справяцца, і па гаспадарцы дапамогуць. А яшчэ, калі спатрэбіцца, і ў цырульніка перакваліфікуюцца. Што ж зробіш,  з бытавым абслугоўваннем у Кавалях напружана. А  тых, каму за 70 гадоў – большасць.

На падворку бацькоўскага дома Мікалай Сасім з жонкай Ганнай.

Наша незаменная – так ад імя многіх аднавяскоўцаў гаворыць  Ніна Іванаўна пра сваю суседку  Аляксандру Бізу. Аляксандра Аляксееўна – медык па адукацыі, працавала акушэркай,  потым у санстанцыі. На пенсіі 15 гадоў, але зрабіць укол, памераць артэрыяльны ціск  аднавяскоўцы спяшаюцца менавіта да яе. Яна нікому не адмаўляе ў дапамозе. Дачка  прадаўжае дынастыю — працуе медсястрой у Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі, сын — свяшчэннаслужыцель.

— У нашай вёсцы па-добрасуседску  жывуць людзі розных веравызнанняў — католікі, праваслаўныя, пратэстанты. Мы паважаем адзін аднаго, падтрымліваем, — расказвае Аляксандра Аляксееўна і ўспамінае, як дружна, талакой будавалі ў 1951 годзе чыгуначную станцыю…

Неаднойчы  жанчыны ўзгадвалі  Вялікую Лотву.  Яна амаль што адно  цэлае з Кавалямі, таму і свята вёскі заўсёды адзначаюць разам – у Вялікалотаўскім клубе, бо сваёй культурнай установы тут няма і ніколі не было.

Многія апошнія навіны вяскоўцы  чуюць ад свайго паштальёна Любові Равінскай, якая не толькі пенсію і свежую прэсу прынясе  (між іншым, у Кавалях з 39 двароў па 25 адрасах выпісваюць  “Ляхавіцкі веснік”!), але і заказы выконвае. Сумуюць вяскоўцы, як яны самі гавораць, па сваім сябры — правадным радыё, пад якое і прачыналіся раніцай, і вечарам клаліся  спаць .

Па-суседску  з Аляксандрай Бізой жыве  сям’я Вячаслава  і Веры Калошаў, яны выхавалі 6 дзяцей, маюць 15 унукаў.

Насупраць сядзібы  Ніны Люкіш – сучасны вялікі  дом з  добраўпарадкаваным участкам, маладым садам. Тут гаспадарыць маладая сям’я, якая з гатоўнасцю дапамагае сваім пажылым суседзям.

Не сумуе ў родных Кавалях Валяр’ян Несцяровіч

Большая частка Кавалёў  размяшчаецца на  вуліца Южакова, працягласцю больш за 1,2 кіламетра.  Ідзеш па ёй  і здаецца канца-краю няма.  Большасць сядзіб добраўпарадкаваныя і дагледжаныя. Што лепш скажа пра гаспадара, чым вонкавы выгляд яго дома і двара?  Без перабольшвання,  ідэальны парадак у двары дома
№ 8.  Гэта заслуга гаспадароў  Васілія і Надзеі Несцяровічаў.  Вяскоўцы па-добраму  называюць Васілія мясцовым таксістам:  ён мае свой аўтамабіль і па просьбе землякоў дастаўляе іх па патрэбным адрасе.

Яшчэ адна адметнасць вёскі — мноства дачнікаў. Мясціны тут цудоўныя, маляўнічыя.  Дачнікаў можна падзяліць на тых, хто купіў тут участкі,  і тых, хто вярнуўся да сваіх вытокаў, у бацькоўскія сядзібы.

Абкладзены светлым сайдынгам дом, вялікі двор, гаспадарчыя пабудовы — клапоціцца пра сваю бацькаўшчыну Мікалай Сасім з жонкай Ганнай. У Баранавічы, дзе маюць кватэру,
выязджаюць рэдка, часу асабліва няма — трымаюць гаспадарку.  Па словах іх суседкі Надзеі Несцяровіч,  Мікалай – майстар на ўсе рукі, за якую справу ні возьмецца, усё атрымліваецца.  Сасімаў у Кавалях задавальняе ўсё.

— Вось толькі надакучыла “любавацца”  на гэты спалены пейзаж, – гаворыць Мікалай пра карціну на суседнім участку. — Колькі гадоў прайшло пасля пажару, а  гаспадары ніяк не разбяруць завалы…

На жаль, гэта не адзіны прыклад   нядбайных адносін  да сваёй маёмасці ці спадчыны. Паўразбуранага цаглянага дома № 12 хутка не будзе відаць з-за бур’яну і смецця. А некалі тут жылі людзі…

А вось сядзіба Валяр’яна і Галіны  Несцяровічаў.  Пасля  выхаду на пенсію мужчына  вярнуўся ў бацькоўскі дом у Кавалі, дзе жыве, працуе, увіхаецца па гаспадарцы.

Дбайныя гаспадары жывуць тут.

84-гадовая Ніна Баёк  з мужам Аляксандрам прыехала ў Кавалі яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Уладкавалася  даяркай на  ферму ў калгас імя Ламаносава, якая адразу за вёскай (праўда, даўно не дзейнічае).  За бездакорную работу атрымала шмат узнагарод. Калі выйшла на пенсію,  згадзілася на прапанову, і яшчэколькі гадоў разносіла пошту аднавяскоўцам.

Раскідаў лёс кавалёўцаў і іх нашчадкаў па ўсім свеце. Некаторыя вяртаюцца – хто ў госці, хто назаўсёды.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Прыгожая вёска за пераездам. А ўказальнік «падкачаў».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *