Вернае сэрца Аляксандра Саладухі

Кожны яго прыезд становіцца падзеяй у культурным жыцці нашага горада. Канцэрты праходзяць з нязменным аншлагам і пры шчодрых апладысментах. Прычына такога ажыятажу – любоў слухачоў і гледачоў. Творчасць артыста многім падабаецца менавіта сваёй шчырасцю, пранікнёнасцю.

Дарэчы, пачынаючы з 2006 года, калі Аляксандр Саладуха набыў юрыдычны статус як артыст, ён даў ужо больш за 500 канцэртаў. Дакладней, 16 снежня гэтага года ў Мінску адбудзецца 555-ы.

У межах гастрольнага тура 9 снежня Аляксандр Саладуха  зноў у Ляхавічах.   На гэты раз з юбілейным, дзясятым па ліку, альбомам пад назвай “Вернае сэрца”. Карэспандэнт “ЛВ” патэлефанаваў  артысту, які быў на гастролях  у  Магілёўскай вобласці, і ўзяў у яго інтэрв’ю.

— Аляксандр, ведаем, што ў вас з нашым горадам ёсць агульныя біяграфічныя радкі. Якія ўражанні застаюцца ад сустрэч з ляхавіцкімі гледачамі?

— Уражанні самыя прыемныя – здорава адчуваць, што твая творчасць падабаецца, на канцэртах людзі, незалежна ад узросту, атрымліваюць задавальненне, радасць і добры настрой.  Для артыста  гэта дадатковы стымул, натхненне.

Падабаецца прыязджаць у Ляхавічы і таму, што менавіта сюды я быў размеркаваны  ў 1982 годзе пасля  заканчэння Мінскага медыцынскага інстытута ў санэпідэмстанцыю загадчыкам санітарнага аддзела.  Праўда, пераразмеркаваўся ў Мінск, дзе працаваў у санстанцыі, а потым 4 гады — інспектарам  рыбнагляду.

— “Берагі”, “Сотні кіламетраў  да кахання”, “Усяго толькі 50”… З гэтымі канцэртнымі праграмамі вы аб’ездзілі  ўсю Беларусь і не толькі. Чым парадуеце прыхільнікаў сваёй творчасці цяпер?

— “Вернае сэрца”— праграма, разлічаная  амаль на 2 гадзіны выступлення. Прэзентаваць яе пачалі сёлета ў студзені.  Альбом, як і папярэдні, запісваўся ў Маскве, аранжыроўшчыка мне парэкамендаваў вядомы расійскі спявак Стас Міхайлаў.

З “Верным сэрцам” паспелі пабываць ужо ў многіх гарадах Беларусі. Ад кожнай сустрэчы са слухачамі — мора станоўчых эмоцый.  У першым аддзяленні праграмы —  новыя кампазіцыі, напісаныя на працягу апошніх двух гадоў. Лірычныя песні “Мая жанчына”, “Не прымушайце жанчын доўга чакаць” — пра каханне,  трэкі “Афіцэрам”, “Сынам” — патрыятычнай тэматыкі.  Як пацвердзіў ужо не адзін канцэрт, яны не пакідаюць людзей абыякавымі.  Гэта вельмі важна.

Дарэчы, у  альбом увайшлі 9 песень майго сябра таленавітага  кампазітара Алега Елісеенкава. Нашаму творчаму саюзу 26 гадоў.

Потым на сцэну выйдуць мае сыны Аляксандр і Антон, якія прадстаўляюць маладзёжную групу “Элемент”, з новымі песнямі з альбома “Мы”.

У другім аддзяленні  прагучаць самыя вядомыя песні, што даўно сталі  хітамі: ”Чужая мілая”, “Адзінокі”, “Зялёны вінаград”, “Каліна”, “Карусель” і іншыя. Дарэчы, кожную кампазіцыю будзе суправаджаць слайд-шоу на вялікім экране з сямейнага архіва, фрагментаў ранейшых  канцэртаў і відэакліпаў.  Абяцаю і іншыя сюрпрызы. Пасля канцэрта кожны  жадаючы зможа ўзяць аўтограф, набыць дыскі з песнямі. І пры жаданні – фотасесія.

— А што, на вашу думку,  гарантуе песням  і выканаўцу поспех?

— Канешне, прыемна, калі  тое, чым займаешся, прыносіць радасць іншым.  Паспяховасць артыста дасягаецца толькі пры поўнай аддачы справе.  Калі не выкладацца на ўсе 100 працэнтаў,  слухачы не павераць у тваю шчырасць. А калі не павераць, то ў наступны раз на канцэрт не прыйдуць .  Без прыхільнікаў  творчасць развівацца не будзе — гэта адназначна.  На ўсё, што я раблю на працягу амаль 30 гадоў,  натхняеце мяне вы, мае слухачы. З любоўю аддаю сваё вернае сэрца і  душу  любімым гледачам.  Жадаеце пераканацца? Прыходзьце на канцэрт, не пашкадуеце!

— Вы заўсёды спартыўны, падцягнуты, стыльны. Як гэта ўдаецца пры такім рытме жыцця?

— Чалавек выглядае на той узрост, на які сябе адчувае. Не важна, колькі табе  — 25, 40, 55 ці 70 гадоў. Галоўнае  —  быць  патрэбным іншым,  неабыякавым,  думаць не  пра ўзрост, а  пра тое, як зрабіць кожны дзень асаблівым, радаваць сваіх блізкіх. Мой любімы занятак спортам – сольныя канцэрты. Так, там аддаеш сілы і энергію, але не меншую атрымліваеш і ад слухачоў. Гэта і ёсць сакрэт маладосці. Ну і яшчэ зімой заўсёды сам ачышчаю двор загараднага дома ад снегу.

— Вы шчаслівы чалавек?

— Адназначна. Галоўнае, што падтрымлівае мяне заўжды і ва ўсім, – любоў. Я шчаслівы тым, што займаюся любімай справай, не ўяўляю сябе без сцэны, выступленняў, запісу новых песняў. Вельмі люблю сваіх дзяцей – сыноў і дачушку,  жонку Наталлю.  Ганаруся  Беларуссю. Галоўнае  ў  маіх песнях —любоў.  Каб аддаваць яе гледачам, неабходна быць самому улюбёным – у работу, жыццё,  людзей.  Яшчэ перакананы: шчасце не даецца проста так. Яго неабходна заслужыць, зарабіць. І абавязкова — верыць у сябе, свае сілы.

— Аляксандр, што пажадаеце чытачам “Ляхавіцкага весніка”, сярод якіх нямала прыхільнікаў вашай творчасці?

— Мае дарагія! Жадаю ўсім шчасця, моцнага здароўя,  дабра, удачы, веры ў сябе. Часцей усміхайцеся і радуйцеся кожнаму пражытаму дню. Шчыра ваш,  Аляксандр Саладуха!

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *