Аптымістычная геаграфія

Адкрываеш зноўку, здавалася б, даўно вядомае і ўспрымаеш гэта, як жадана прыемную сустрэчу. Калі б давялося адказваць на пытанне, якую Брэстчыну я адкрыла для сябе за апошняе дзесяцігоддзе, ні хвіліны не вагалася б са сцвярджэннем: класічна прыгожую і самабытную, адухоўленую і жыццярадасную, прагматычную і летуценную, гераічную і працавітую – добра знаёмую і ўсё ж непрачытаную да канца. Таму што немагчыма ахапіць неабдымнае, выказаць словамі тое, што ўмяшчаецца ў адзінае – люблю.

Чаму абмяжоўваю адказ дзесяцігоддзем? Менавіта за гэты час аб’ездзіла Брэстчыну больш, чым за ўсё ранейшае жыццё. І таму ёсць прычына: традыцыйны штогадовы фестываль абласной прэсы, на якім не толькі ўзнагароджваюцца пераможцы творчага журналісцкага спаборніцтва, але чытаецца чарговая старонка стваральнага берасцейскага сюжэту. Сёлета ў маі гэта адбылося ў дзясяты раз. А ўпершыню – у 2004 годзе, калі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар зацвердзіў прапанову аб штогадовым спаборніцтве паміж рэдакцыямі абласных, аб’яднаных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў. І кожны раз з таго часу геаграфія творчага фэсту пашыралася, дапаўнялася новымі адрасамі. Па сутнасці, Канстанцін Андрэевіч запраграмаваў для журналістаў падарожжа па роднай Брэстчыне, якое дазваляе пазнаць яе больш поўна, убачыць у дэталях, пераканацца на ўласныя вочы ў тым, што яна непаўторная і непераўзыдзеная ў сваіх памкненнях, справах, здзяй-сненнях, марах і планах.

Такім чынам пашчасціла пабываць у славутай Тамашоўцы Брэсцкага раёна, дзе ўразіў не толькі музей касманаўтыкі, але і высокаразвітая тутэйшая гаспадарка. У захапленні былі ад Пружаншчыны з яе зай-здросна развітай вытворчасцю, сацыяльнай сферай, слаўнай гісторыяй (адзін Ружанскі палац чаго варты!), парадаваліся за выдатныя ўмовы, у якіх адпачываюць дзеткі ў санаторыі “Ружанскі”. А якія ўражанні ад іванаўскай зямлі, эксклюзіўнасці Моталя, асаблівага рамантычнага флеру, звязанага з імем вядомага мастака Напалеона Орды (сядзіба і музей узмацняюць пачуцці), гасціннасці тутэйшых людзей! Слаўны гістарычнымі падзеямі Кобрын і сёння піша прыгожую аўтабіяграфію. Вуліцы і скверы, музей, месцы, звязаныя з імем Суворава, – як жа непаўторна ўсё, відовішчна. І якія выразныя цяперашнія штрыхі да партрэта сучаснага горада. Адна вытворчасць дзіцячых цацак “Палессе” чаго вартая – суцэльны мадэрн.

Успамінаю фестываль абласной прэсы, які праходзіў на толькі што адкрытым вяслярным канале. Па сутнасці, журналісты былі ці не першымі наведвальнікамі-экскурсантамі гэтага шыкоўнага спартыўнага комплексу. У нас была магчымасць сустрэцца на святочным дзействе і ў абласным тэатры. Летась жа, напрыканцы мая, зачараваныя, любаваліся Белавежскай пушчай, удыхалі настоенае на сотнях траў гаючае паветра. А сёлетні, дзясяты па ліку фестываль зноў праходзіў у абласным цэнтры. Літаральна за некалькі тыдняў да святкавання 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў нас запрасілі ў Брэсцкую крэпасць. І зноў – у каторы раз, бы ў першы раз – сустрэча з подзвігам. Кожны экспанат музея адгукаўся ў сэрцы болем памяці, што перадаецца ад пакалення да пакалення.

Такая вось геаграфія, такая гісторыя – гісторыя ў асобах брастаўчан, правільней, яе старонкі, запоўненыя шчыльнымі радкамі спраў і падзей, учарашніх і сённяшніх. А заўтрашнія абавязкова з’явяцца, таму што наша Брэстчына накіравана ў будучыню.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *