Спяваюць усе! Падлескаму народнаму хору – 75. Яго стварэнне з’яўляецца эўрыкай, вынікам творчай працы Генадзя Цітовіча

Жамчужына народнай творчасці. Любімы творчы першынец маэстра Цітовіча. Вядомы і шаноўны за талент ад нараджэння. Зрэшты, равеснік Брэсцкай вобласці і яе галасісты пявучы штрых, біяграфічны фрагмент, кавалачак гісторыі і культуры. Гэта пра Падлескі народны хор, які адзначае свой брыльянтавы юбілей — 75. Гучыць прыгожа і даказальна – ніякіх дадатковых аргументаў наконт запатрабаванасці, жыццёвасці калектыву і не трэба шукаць.

Калектыву, які стаў правобразам, першапачаткам, “генеральнай рэпетыцыяй” нацыянальнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча.

І хаця наш Падлескі быў створаны восенню 1939, шлях да яго пачаўся трыма гадамі раней.

…Апантаны народнай песняй, падчас фальклорнай вандроўкі трапіў будучы маэстра ў Падлессе, і сэрца яго адразу і назаўсёды было аддадзена гэтаму песеннаму краю. Праз тры гады сёстры-падляшанкі Вольга і Вера Федчыкі прыйшлі да яго, супрацоўніка Баранавіцкага радыё, для запісу песень, і з гэтага моманту, можна лічыць, пачалася біяграфія мастацкага калектыву. Здавалася, усё Падлессе спявала, а ў хоры – самыя галасістыя, самыя таленавітыя. Асновай іх творчасці была і застаецца народная песня. Адна “Ой, рэчанька, рэчанька” чаго вартая!

Які ж імклівы ўзлёт быў наканаваны самадзейным артыстам! Праз паўгода яны занялі першае месца ў абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці. А потым была паездка ў Маскву для ўдзелу ў дэкадзе беларускага мастацтва. Выступалі на сцэне Вялікага тэатра, на ўрадавым прыёме ў Крамлі, ім апладзіраваў Сталін. І падарункі ад Сталіна прывезлі дамоў – ладныя боты, шыкоўны баян. Па ўспамінах Веры Федчык, занатаваных у кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён”, у час Вялікай Айчыннай фашысты ледзь вёску не спалілі за тое, што “у Крамлі камуністам спявалі”.

“Генка Цітовіч нарадзіўся на Палессі, а Генадзем Іванавічам стаў у Падлессі”, — гаварыў маэстра.

З 1944-га (цэлых сем дзесяцігоддзяў) у калектыве Лідзія Смаршчок. Сёння яна жыве ў Ляхавічах, у сям’і дачкі. Шмат цікавага памятае і расказвае пра хор, пра Цітовіча, пра бясконцы, як сёння назвалі б, гастрольны тур самадзейнага калектыву з заўсёдным аншлагам. І пра тое Лідзія Макараўна нагадае, як “хорамі сябравалі” – Падлескі і імя Пятніцкага. А прысвоілі нашаму званне народнага, дык хор імя Пятніцкага з віншаваннямі ў Падлессе на ўрачыстасць з нагоды прыязджаў. Было гэта ў 1965 годзе.

Генадзю Цітовічу да дзесяцігоддзя калектыву, як яго кіраўніку, прысвоілі званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Хор адточваў сваё выканальніцкае майстэрства, разам з ім прафесіянальна рос Цітовіч. Ці не доказ гэтаму стварэнне дзяржаўнага народнага хору БССР (сёння гэта нацыянальны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча), у першы склад якога ўвайшло некалькі падлескіх спевакоў. Да канца жыцця Генадзь Іванавіч заставаўся апекуном свайго падлескага творчага дзецішча і часта бываў у вёсцы. А недзе ў 1980-м падчас аднаго з прыездаў сюды даведаўся аб прысваенні яму звання ганаровага калгасніка калгаса імя Леніна (так тады называлася тутэйшая гаспадарка), чым надзвычай быў узрушаны і заўсёды радаваўся гэтаму. Маэстра Цітовіч па праву ганаровым калгаснікам стаў. Яго ў вёсцы лічылі сваім, паважалі, шанавалі. І калгаснікі, і старшыні Васілій Кунціш, потым Валянцін Сапун сустракалі, як самага дарагога госця.

Не эпізодам, а часткай біяграфіі хору быў пераемнік Цітовіча Міхаіл Жук, які доўгі час кіраваў Падлескім хорам. Як жа чыста ўліліся ў песню галасы салістак Галіны Мазюк, Ніны Буцько, Таццяны Русак, Валянціны Вінель, Надзеі Таранда, Марыі Праневіч і іншых таленавітых падляшанак і падляшан, што папоўнілі калектыў, у свой час абмаладзілі яго. Галіна Мазюк і сёння – гонар мастацкай самадзейнасці ўсяго раёна.

Між краёў шырокіх, на краю Палесся

У садах красуе вёсачка Падлессе…

Гэтую песню Генадзь Цітовіч напісаў некалі для хору, і ў ёй чуецца яго прызнанне ў любві песеннаму краю, галасістым, прыгожым людзям.

Салістка Галіна Мазюк (у цэнтры) з удзельніцамі хору Нінай Буцько, Таццянай Русак, Валянцінай Вінель, Надзеяй Таранда і Марыяй Праневіч – улюбёныя ў народную песню.

Што мы сёння «маем ў дастатку», калі гаварым пра гэты творчы калектыў-? У нас ёсць народны Падлескі хор, які пацвярджае сваё званне і які сёлета даў некалькі канцэртаў. І дастойны працяг пад назвай “Падляшаначка” зрывае апладысменты залы. Вёска-спявуха, вёска-красуня стала аграгарадком. Так хацелася б, і гэта было б справядлівым і правільным, каб юбілей хору стаў штуршком для яго новага творчага ўздыму.

…А вуліца нашага райцэнтра, на якой я жыву, названа ў гонар Генадзя Цітовіча, чыё прозвішча, дарэчы, і на рускай мове гучыць і пішацца праз «и» пасля «ц» – Цитович.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

і з архіва Падлескага ДК.

Аўтар удзячны нераўнадушнаму  земляку- ляхавічаніну, сябру раёнкі, ураджэнцу вёскі Падлессе  Івану Фёдаравічу Петуху за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай публікацыі.

Лідзія Смаршчок у хор прыйшла ў 1944-м.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *