Засведчыць натарыус. Ляхавіцкія юрысты адзначаюць прафесійнае свята

У першую нядзелю снежня ў краіне адзначаецца дзень юрыста — прафесійнае свята судовых работнікаў, юрысконсультаў прадпрыемстваў і арганізацый, адвакатаў.

Да супрацоўнікаў натарыяльнай службы звяртаемся не надта часта. Але для кожнага візіту — сур’ёзная падстава. У асноўным сюды прыходзяць, каб засведчыць здзелкі, звязаныя з адчужэннем маёмасці, транспартных сродкаў, нерухомасці, аформіць завяшчанне, даверанасць, засведчыць копіі дакументаў і сапраўднасць подпісу. Работа натарыуса накіравана на тое, каб забяспечыць законнасць здзелак і ў будучым пазбегнуць спрэчак.

– З 1 студзеня 2014 года ў рабоце натарыята адбыліся істотныя змены. Павысіўся статус натарыуса і яго роля ў забеспячэнні законных правоў і інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб. Пры гэтым захавалася сацыяльная арыентаванасць натарыяту, яго даступнасць. Натарыяльныя канторы, незалежна ад формы ўласнасці, перайшлі на самафінансаванне, — расказвае загадчыца натарыяльнай канторы Ляхавіцкага раёна Іна Шабацько.

Сёлета за 11 месяцаў супрацоўнікі натарыяльнай канторы раёна выканалі 2190 дзеянняў: засведчылі 553 дагаворы адчужэння нерухомасці, 450 пасведчанняў аб праве на спадчыну, 333 згоды на здзелку (прыватызацыя, рэгістрацыя , выезд дзіцяці за мяжу) і іншых.

Уважліва выслухаць суразмоўцу, даць прафесійную кансультацыю і слушную параду, правільна, дакладна і своечасова аформіць неабходны дакумент – так з дня ў дзень размеркаваны рабочы час Іны Шабацько. Іна Пятроўна – вопытны юрыст, у прафесіі амаль 15 гадоў. Да выбару справы свайго жыцця падышла асэнсавана, вырашыла прадоўжыць юрыдычную дынастыю (маці працуе загадчыцай канцылярыі суда ў Пружанах). Сцвярджае, што ні разу не пашкадавала пра свой выбар, знайшла сябе ў прафесіі.

Невялікі калектыў канторы – акрамя загадчыцы яшчэ натарыус Кацярына Стральцова і справавод Людміла Ганчук — заўтра разам з калегамі будзе прымаць віншаванні з прафесійным святам. Далучаемся!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *