Дарагая юбілярка! Брэсцкая вобласць адзначыла 75-годдзе (фота)

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар віншуе землякоў, якія ўдастоены звання «Ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці»

Святочная падзея сабрала ў мінулую пятніцу ў Брэсце мноства гасцей. Пад дахам спартыўнага комплексу “Вікторыя” ладзіліся ўрачыстасці з нагоды 75-годдзя Брэсцкай вобласці. Брэстчыны, якая працягвае ўпэўнена рухацца па шляху ўмацавання эканамічнага патэнцыялу і павышэння якасці жыцця, росту дабрабыту людзей, што падкрэсліў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, звяртаючыся да землякоў.

Станоўчыя зрухі ў эканоміцы, павелічэнне аб’ёму валавага рэгіянальнага прадукту, рост аб’ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, комплексная мадэрнізацыя, стварэнне новых прадпрыемстваў і рабочых месцаў, рост экспарту – гэта сённяшні наш дзень. І стваральнасць яго – справа рук нястомных працаўнікоў Брэстчыны. Канстанцін Сумар падзякаваў землякам, асабліва ветэранам вайны і працы за іх удзел у развіцці вобласці.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Анатолій Ліс павіншаваў жыхароў вобласці з юбілеем і зачытаў Прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У ім гаворыцца, што любоў да сваёй малой радзімы, клопат пра яе, памяць пра гераічнае мінулае, працавітасць, цярпенне і гасціннасць – тыя рысы, якія вызначаюць сённяшняе пакаленне Брэстчыны. Выказана ўпэўненасць, што і далей жыхары вобласці будуць рабіць усё магчымае “для захавання і прымнажэння матэрыяльнага і духоўнага багацця гэтага ўнікальнага куточка беларускай зямлі”.

Віншаваў жыхароў Брэстчыны і намеснік Прэм’ер-міністра Анатолій Калінін, які зачытаў Прывітальны адрас Прэм’ер- міністра.

У гэты святочны дзень урадавыя ўзнагароды атрымала вялікая група нашых землякоў. Медаля “За працоўныя заслугі” ўдастоены 11 чалавек. Падзяка Прэзідэнта аб’яўлена шасці працаўнікам вобласці.

Урачыстыя і хвалюючыя імгненні: на святочную сцэну запрашаюцца тыя, хто ўдастоены высокага звання “Ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці”. Гэта вельмі паважаныя і добра вядомыя людзі: Віктар Бурскі, які ў 1987-1996 гадах кіраваў Брэсцкім аблвыканкамам, Анатолій Зеляноўскі, які ўзначальваў Брэсцкі абкам КПБ, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцефан, першы алімпійскі чэмпіён з Брэстчыны Сяргей Макаранка, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Марыя Осіпава. Узнагароды ім уручыў кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар.

Сярод больш чым 3000 чалавек, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях, былі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, дыпламатычнага корпуса, дэлегацыі з усіх раёнаў Брэстчыны, у тым ліку і з нашага. А ў відовішчную канцэртную праграму з удзелам ансамбля “Песняры”, Надзеі Бабкінай і яе “Рускай песні”, Тэа, лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці Брэстчыны ўліліся галасы і ляхавіцкай народнай эстраднай студыі “Экспрэс”.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На сцэне "Экспрэс"

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *