Ехалі мы, ехалі…

Суддзя раённага суда Таццяна Жэрка гартае судовыя справы, у якіх абвінавачваюцца п’яныя вадзіцелі, каментуе некаторыя з іх. Засяроджвае ўвагу не толькі на асобах, якія ўчынілі злачынства, але і на праблеме: на жаль, бяздумных уладальнікаў транспартных сродкаў, гатовых сесці за руль аўтамабіля ў стане алкагольнага ап’янення, нямала. Паток аўтамабіляў запаланіў вуліцы-дарогі, у дадатак пешаходы, веласіпедысты, гужавы транспарт — усе мы ўдзельнікі дарожнага руху. А ён будзе бяспечным тады, калі кожны праяўляе ўвагу, асцярожнасць, узаемапавагу. На жаль, так бывае не заўсёды. Некалькі гадоў назад праводзілі выязное судовае пасяджэнне ў вёсцы Задвор’е, па месцы жыхарства грамадзяніна Н., які кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення і быў затрыманы супрацоўнікамі АДАІ. Тады суд пазбавіў парушальніка права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў, ён заплаціў штраф 7 мільёнаў рублёў. Не прайшло і 3 гады, як гэты ж самы грамадзянін зноў “ падшафэ”, без праў садзіцца за руль. Пра што думаў, на што спадзяваўся? Відаць, пад уздзеяннем алкаголю яму было ўсё роўна. Вось і ўзяў на сябе адказнасць за дзяцей, якія шпарка перабягаюць вуліцу, спяшаючыся на ўрокі, за бабульку, якая, абапіраючыся на кіёк, збочыла з тратуара на праезную частку, за прахожых, якія спяшаюцца кожны па сваіх справах, за іншых вадзіцеляў. За іх здароўе і жыццё. Магчымыя трагічныя вынікі гэтай паездкі папярэдзіла дарожна-патрульная служба.

Суд строга пакараў парушальніка. Да прыгавору далучана неадбытая частка ранейшага пакарання, і канчаткова аматар такой язды зарабіў арышт на 4 месяцы, пазбаўленне права займацца дзейнасцю, якая звязана з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на тэрмін 2 гады

4 месяцы 12 дзён і дадатковае пакаранне – пазбаўленне гэтага ж права тэрмінам на 5 гадоў, штраф у памеры 300 базавых велічынь (45 мільёнаў рублёў), яшчэ штраф 3 мільёны 400 тысяч рублёў. Да Н., акрамя вышэйзгаданага, прыменена прымусовае лячэнне ад алкагалізму. У даход дзяржавы канфіскавана аўтамашына “Фольксваген-Джэта”.

На стале ў суддзі чарговая судовая справа. Грамадзянін С., раней пазбаўлены права на ваджэнне аўтамабіля, зноў сеў за руль у стане алкагольнага ап’янення. Суду патлумачыў, што хацеў паехаць на дачу. І гэта яму каштавала нятанна: па сукупнасці прыгавораў 45 мільёнаў рублёў, арышт на 3 месяцы, пазбаўленне права займацца дзейнасцю, якая звязана з кіраваннем транспартнымі сродкамі на 8 гадоў 9 месяцаў 7 дзён. У даход дзяржавы канфіскаваны аўтамабіль.

Можна сказаць, што сапраўдны дэтэктыў “закруціў” яшчэ адзін аматар выпіць за рулём. Грамадзянін Т. хацеў пазбегнуць матэрыяльнага пакарання і пайшоў на заведама непраўдзівы данос. На добрым падпітку сабутэльнікі вырашылі пракаціцца з ветрыкам. Уладальнік машыны Т., які ў ліпені мінулага года быў асуджаны за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, перадаў руль п’янаму сябру. Іх спынілі. Ведаючы, што на гэты раз аўтамабіль будзе канфіскаваны, Т. вымусіў сабутэльніка напісаць распіску на 8 тысяч долараў (у столькі ён ацаніў свой аўтамабіль), у іншым выпадку пагражаў заявіць аб угоне аўто. Суд разабраўся і ў гэтай заблытанай гісторыі.

На жаль, як зазначае Таццяна Жэрка, судовых разбіральніцтваў такога кшталту шмат. І гэта нягле-дзячы на тое, што работнікі праваахоўных органаў, АДАІ заўсёды на варце. Прафілактычная работа на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах набывае ўсё новыя формы, сярод якіх ранішнія і вячэрнія рэйды па дарогах з удзелам наркалагічнай службы раёна, алкатэсціраванне перад пачаткам і пасля завяршэння работы, строгія меры пакарання. Некаторыя станоўчыя зрухі намячаюцца. Начальнік АДАІ Юрый Малевіч расказаў, што сёлета (на момант размовы) затрымана 107 п’яных вадзіцеляў, што на 55 выпадкаў менш, чым летась у гэты ж перыяд. Усе затрыманыя пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання, права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, аштрафаваны.

Але пытанне застаецца надзвычай вострым. Сустрэць п’янага за рулём — вельмі небяспечная дарожная прыкмета для любога ўдзельніка дарожнага руху.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота з  http://новости-волжского.рф

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *