Штраф за прыгажосць. Зялёную прыгажуню можна набыць на спецыяльных ёлачных базарах

Традыцыйна ў снежні, асабліва ў другой палове, насельніцтва актыўна рыхтуецца да сустрэчы Новага года і Каляд. У гэты час практычна ў кожным доме з’яўляецца навагодняе дрэўца. Зараз штучную зялёную прыгажуню не праблема купіць у магазіне, але многія па-ранейшаму аддаюць перавагу сапраўднай, натуральнай, якую можна набыць на спецыяльных ёлачных базарах. Тым не менш, нямала і тых, хто збіраецца ссекчы святочнае дрэўца ў лесе.

Штогод Ганцавіцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету прымае меры па папярэджванні і недапушчэнні парушэнняў, звязаных з масавай нарыхтоўкай юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і грамадзянамі навагодніх дрэў.

Трэба памятаць, што ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае знішчэнне або пашкоджанне дрэў і кустоў у лясах першай групы ляснога фонду, а таксама драўняна-кустовай расліннасці (насаджэнняў), якія не ўваходзяць у лясны фонд, на грамадзян можа быць накладзены штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 20 да 200, а на юрыдычную асобу – ад 50 да 300 базавых велічынь.

У астатніх лясах ляснога фонду за аналагічныя правапарушэнні прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь для грамадзян, ад 10 да 150 — для індывідуальных прадпрымальнікаў, а на юрыдычную асобу – ад 50 да 300. Акрамя таго, за кожнае ссечанае навагодняе дрэва (дыяметрам каля пня да 12 см) вінаватыя абавязаны будуць кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, у памеры ад 0,1 да 0,2 базавай велічыні ў залежнасці ад месца здзяйснення парушэння, а таксама кошт самога дрэва пры немагчымасці яго адабрання – 1 базавую велічыню.

Сяргей КРЫСЮК,

начальнік Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы

жывёльнага і расліннага свету.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *