Гатовы. Але не ўсе

Як заўсёды ў жніўні адно з галоўных пытанняў, што стаяць на парадку дня ў дзіцячых садах, школах, пазашкольных установах, – падрыхтоўка да сустрэчы дзяцей і паспяховага пачатку новага навучальнага года. Каб вызначыць ступень гатоўнасці, а пры выяўленні пэўных недахопаў мець час на іх выпраўленне, у апошнія два гады прыёмка навучальных устаноў праводзіцца ўжо на пачатку жніўня. Камісіі ў складзе спецыялістаў аддзела адукацыі райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду правяраюць усе аб’екты, каб высветліць ступень гатоўнасці і вынесці вердыкт “гатовы — не гатовы” 23 школам, 19 дзіцячым садкам, цэнтру паза-школьнай работы, 2 вучэбна-вытворчым камбінатам. Усё правяраецца і аглядаецца дасканала, грунтоўна, уважліва, каб рабяты не адчувалі нейкіх бытавых нязручнасцяў, вучыліся і адпачывалі ў бяспечных умовах. Пры адсутнасці значных заўваг і недапрацовак выдаецца пацвярджаючы дакумент – пашпарт гатоўнасці.
Сёлета адказная прыёмная кампанія пачалася 9 жніўня. У гэты дзень адна з дзвюх камісій працавала ў гарадскіх установах адукацыі.
Першы аб’ект для ўсебаковага вывучэння – сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 2 – самая вялікая са школ раёна і па колькасці вучняў, і па агульнай плошчы. Касметычны рамонт зроблены ў класах, калідорах, фае, спартыўнай і актавай залах. Прыемная навіна і для школы, і для школьнікаў: сёлета новымі партамі абсталяваны 5 класных пакояў. Змяніў аблічча трэці паверх будынка. Настаўніца выяўленчага мастацтва прыдумала эскіз, падабрала і падрыхтавала фарбы, яе задумку прыгожа і акуратна ўвасобілі ў жыццё тэхработнікі. І сцены калідора зайгралі бірузова-салатава-зялёнымі фарбамі. Новая палітра ўдала ўпісалася ў інтэр’ер. На сценах размешчаны малюнкі юных мясцовых мастакоў.
Інфармацыйна-тэматычнае аснашчэнне ў гэтай навучальнай установе ўвогуле заслугоў-вае ўвагі і нават пераймання. Кожны паверх ад 1-га да 4-га аддадзены пэўнай тэматыцы. Напрыклад, на стэндах у калідоры 4-га паверха можна па-знаёміцца з разнастайнымі промысламі Ляхавіччыны, цікавыя тэматычныя экспазіцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Наша Берасцейшчына”. На 2-м паверсе — інфармацыя пра піянерскую арганізацыю і БРСМ.
Але ёсць у гэтай навучальнай установы адна вельмі значная праблема – неабходна замена ўсіх вокнаў. І яна, зразумела, патрабуе значных сродкаў. Пакуль жа давядзецца выправіць нязначныя недахопы, каб быць поўнасцю гатовымі да новага навучальнага года. Вучэбна-выхаваўчы працэс у гэтай светлай і чыстай школе, якая на працягу трох гадоў прызнавалася лепшай сярод устаноў адукацыі такога кшталту, пачнецца без спазненняў.
Наступны адрас работы камісіі – дзіцячы сад № 3. Камісію сустракалі яго маленькія выхаванцы словамі здзіўлення: “Як многа гасцей прыехала!”. Утульны дворык гэтай дашкольнай установы патанае ў кветках і чысціні. Удала ўпісваюцца ў агульны пейзаж адрамантаваныя і падфарбаваныя дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, якія аддзяляюцца адна ад адной ззяючымі рознакаляровымі фарбамі кветкамі. Гульнёвыя і спальныя пакоі ў ідэальным стане.
Не застаюцца ў баку ад клопатаў адміністрацыі, выхавальнікаў і іх памочнікаў бацькі выхаванцаў. Яны дапамагаюць у рамонце гульнёвых пляцовак, размалёўваюць сцены казачнымі карцінамі, дапамагаюць выконваць іншыя работы. Па словах загадчыцы д/с №3 Ірыны Юрлевіч, гэтым летам да-школьная ўстанова на 90 працэнтаў забяспечана новымі, прама з вытворчага канвеера столікамі і стульчыкамі, а за кошт платных паслуг (работа гурткоў) закуплены пакрывалы для ложкаў, праўда, пакуль яшчэ не ва ўсе групы. Пахвалілася Ірына Аляксееўна і яшчэ адным важным і вельмі неабходным набыткам. Цяпер у дзіцячага сада ёсць уласны комплексны медыцынскі апарат “біяптрон” (выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння многіх хвароб, умацавання арганізма дзяцей і іх імунітэту). Кожны пакой гэтай дашкольнай установы — сапраўдная казачная краіна са сваёй назвай і адметнасцю. Ёсць тут групы “Сонейка”, “Вясёлка”, “Рамонак”, “Сяміцвецік” і іншыя, папулярная сярод дзяцей і іх бацькоў санаторная група, дзе рабяты не толькі весела і змястоўна праводзяць час, але і ўмацоўваюць здароўе.
Пашпарт гатоўнасці гэта навучальная ўстанова атрымала, аднак, па словах урача-гігіеніста — загадчыка аддзела райЦГіЭ Валянціна Скарыны, неабходна працягваць работу па падвядзенні гарачай вады да ўмывальных ракавін.
Нібы зачараваныя, члены прыёмнай камісіі хадзілі па двары дзіцячага сада № 2. Дзіву даешся, наколькі багатая фантазія ў работнікаў гэтай дашкольнай установы. А да ініцыятыўнасці яшчэ варта дадаць акуратнасць і трапнасць падчас увасаблення ідэі ў справу. Пад невялікімі елачкамі, якія цягнуцца да сонца, схаваліся штучныя грыбочкі; каля самаробнага мосціка зацішылася драўляная жаба; зусім недалёка ад гэтага “вадаёма” размясціўся сапраўдны сялянскі падворак з разнастайнай жыўнасцю: гусі, куры з куранятамі, свінні. Побач з імі— гаспадар на коніку з бочкай мёду, над якой круцяцца пчолы. Увогуле, гэты дзіцячы сад у апошнія гады славіцца з густам добраўпарадкаванай тэрыторыяй і непадобным на іншыя выглядам. Усё патанае ў зеляніне, на клумбах — мноства кветак. Не менш прыветна і сонечна ў гульнёвых і спальных пакоях. Няма пытанняў па тэхніцы электра- і пажарнай бяспекі. Выхавацелі і іх памочнікі папрацавалі на славу, каб дзеці тут адчувалі сябе, як дома. А вось, што датычыцца работы абсталявання ў харчблоках, то ў гэтым, па словах Валянціна Скарыны, ёсць недахопы. Таму пакуль д/с №2, як, дарэчы, па гэтай прычыне і САШ №1, пашпарт гатоўнасці не выдадзены. Але час для выпраўлення недахопаў ёсць.
У цэнтры пазашкольнай работы ў прыёмнай камісіі пытанняў да падрыхтаванасці гэтай пазашкольнай установы да новага навучальнага года не было. Хацелася б толькі, каб паклапаціліся яе супрацоўнікі пра эстэтыку тэрыторыі ля будынка, пра тое, каб было больш кветак каля гэтага аазіса творчасці.
Засталіся задаволены члены камісіі і наведваннем дзіцячага сада №1. “ У адрозненне ад іншых дашкольных устаноў Ляхавіччыны, у дзіцячым садку №1 гарачая вада падведзена да ўсіх умывальных ракавін. Тут не шукаюць прычыны, каб нешта не рабіць, а, наадварот, шукаюць спосабы, каб знайсці выйсце з сітуацыі”, — падкрэсліў Валянцін Скарына, падпісваючы пашпарт гатоўнасці д/с №1. Вось і прыклад для пераймання. Хаця варта адзначыць, што ўсе дашкольныя ўстановы горада і раёна вельмі самабытныя і прывабныя, і дзеткам там даволі ўтульна і цікава.
У наступныя дні тыдня прыёмныя камісіі пабывалі ў астатніх установах адукацыі раёна. Да 1 верасня засталося зусім мала часу. Вытрымаць экзамен на гатоўнасць да новага навучальнага года могуць толькі падрыхтаваныя, утульныя і эстэтычныя школы і дзіцячыя сады. І неабходна, каб адзнака была толькі вышэйшай, бо ў першы дзень восені менавіта сюды пасля летніх канікулаў прыйдуць адпачнуўшыя і засумаваўшыя па сябрах, настаўніках і роднай школе рабяты. А вучыцца яны павінны ў бяспечных і зручных умовах.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *