Фальклорны юбілей. Падлескі народны хор адзначыў 75-гадовы юбілей

Яркая культурная падзея – святочны канцэрт “Ад сэрца да сэрца. Разам – 75!” сабрала ў мінулую суботу ў ГДК прыхільнікаў творчасці народнага Падлескага хору. Таленавіты калектыў, што нарадзіўся дзякуючы легендарнаму Генадзю Цітовічу, адзначыў сёлета свой 75-гадовы юбілей.

З часам змяняўся склад удзельнікаў калектыву, але беларуская народная песня ў выкананні падляшан заўсёды гучала і гучыць мілагучна, самабытна, узнёсла. Песняй “Рэчанька”, якую некалі апрацаваў сам Генадзь Цітовіч, і пачалася ўрачыстасць. Кожны нумар у выкананні народнага хору зала сустракала шчырымі і дружнымі апладысментамі.

Сапраўдны знаўца народнай песні Міхаіл Жук, што прадоўжыў справу маэстра Цітовіча, аб’яднаў людзей розных характараў, прафесій у адну вялікую песенную сям’ю. 40 гадоў ён быў яе нязменным кіраўніком. Менавіта ў памяць Міхаіла Жука на канцэрце прагучала песня “Дума о Земле”.

Першыя ўдзельніцы калектыву Валянціна Жук, Таццяна Карповіч, Валянціна Праневіч, Надзея Ганчарык хоць сёння і не спяваюць, але цікавяцца жыццём хору. Больш за 30 гадоў яго актыўныя ўдзельніцы Ірына Керко і Галіна Мазюк.

Дакументальны фільм пра Падлескі народны хор стаў сапраўдным сюрпрызам для ўсіх прысутных, дазволіў убачыць і пачуць яго славутых арганізатараў і ўдзельнікаў, акунуцца ў атмасферу творчасці, унікальнасці, самабытнасці.

Цёплыя словы і шчырыя пажаданні гучалі ў адрас юбіляра. Ад раённай улады калектыў віншавалі намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень і начальнік аддзела ідэалагічнай работы , культуры і па справах моладзі Мікалай Дабрыянец. З задавальненнем хор прымаў музычныя падарункі ад сваіх калег – самадзейных калектываў Ляхавіччыны. А кіраўніцтва СВК “Жарабковічы” падарыла яму мэблю.

Юрый ГРЫНЬ,

дырэктар раённага метадычнага цэнтра.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *