Смерць па інтэрнэце

Увага: небяспека! Гэта папярэджанне – не нагнятанне абстаноўкі, калі справа датычыць распаўсюджвання курыльных сумесяў, якія ў сваім складзе ўтрымліваюць сінтэтычны наркотык. А рэкламуецца такі “мікс” як бяскрыўдны прадукт, што далёка не адпавядае рэальнасці.

…У прыёмнае аддзяленне райбальніцы маладыя людзі прывялі свайго сябра, які быў узбуджаны і неадэкватна сябе паводзіў, разбіваў і разбураў усё на сваім шляху. Псіхічнае расстройства ў 23-гадовага юнака было настолькі выяўленым, што пэўны час яго не маглі ўтаймаваць ні сябры, ні медыкі. Істотныя намаганні спатрэбіліся, каб у прамым сэнсе пакласці яго на ложак у рэанімацыйным аддзяленні, давялося нават прывязаць, каб пачаць седатыўную тэрапію – дэзынтаксікацыю арганізма.

З бальніцы яго ўжо выпісалі, аднак гэта страшная цыгарэта назаўсёды пакінула след у арганізме юнака: спайс разбуральна падзейнічаў на галаўны мозг.

Яшчэ адзін выпадак: работнікі пазаведамаснай аховы ў час рэйду ля гарадскога стадыёна знайшлі маладога чалавека ў непрытомным стане, даставілі яго ў прыёмны пакой райбальніцы. Яму пашанцавала, што гэта здарылася своечасова. Потым ён расказаў, што па інтэрнэце заказаў курыльную сумесь. Пераслаў грошы. Доўга чакаць не давялося: у названым месцы знайшоў “заказ”. Хапіла пары зацяжак, а далей нічога не памятае…

Яшчэ аднаго “дапытлівага” без прыкмет жыцця знайшлі непадалёку ад гімназіі і выклікалі хуткую дапамогу – выратавалі і гэтага курыльшчыка.

Уздзеянне на арганізм чалавека курыльных сумесяў, прыпраўленых сінтэтычнымі рэчывамі, у 5-10 разоў мацнейшае за ўздзеянне раслінных прэпаратаў, якія ў сваім складзе ўтрымліваюць наркотыкі. Практычна адразу пасля іх прыняцця з’яўляюцца зрокавыя і слухавыя галюцынацыі. Спайс можа выклікаць псіхоз, эйфарыю, смех, страх і заўсёды — страту кантролю над сваімі дзеяннямі. Нават аднойчы выкураны спайс становіцца прычынай незваротных працэсаў у цэнтральнай нервовай сістэме чалавека. Па сутнасці, пачынаецца разбурэнне нейронаў галаўнога мозга.

За апошні час у прыёмны пакой райбальніцы трапілі 6 маладых людзей, якія шукалі сабе смерць па інтэрнэце. Сярод іх і падлетак. Асноўныя знешнія прыкметы ўжывання наркотыкаў, у тым ліку спайсаў, – расшырэнне або звужэнне зрэнак, чырвоныя вочы, павышаная рухальная актыўнасць, зблытаная, незразумелая мова, рэзкая змена настрою. Чалавек адчувае сухасць у роце, павышаны артэрыяльны ціск, сэрцабіццё, у яго з’яўляюцца галюцынацыі, схільнасць да суіцыдаў. Вельмі важна, каб бацькі, настаўнікі былі ўважлівымі да фізічнага і псіхічнага стану сваіх дзяцей і вучняў. Асаблівую трывогу павінна выклікаць тое, што падлеткі становяцца скрытнымі, часцей прападаюць на вуліцы, страчваюць цікавасць да вучобы або да прывычных захапленняў, у іх з’яўляюцца новыя, падазроныя сябры. Безумоўна, трывожная прыкмета, калі прападаюць грошы з бацькоўскіх кашалькоў, каштоўныя рэчы з дому. Закрываць вочы на такое, пускаць справу на самацёк ні ў якім разе нельга.

Здараецца, педагогі, якія западозрылі вучняў ва ўжыванні ці распаўсюджванні курыльных сумесяў, імкнуцца разабрацца ў межах сваёй навучальнай установы. Каб “не ўпаў на школу цень”, не паведамляюць у міліцыю, у бальніцу. А, між тым, чым раней будзе прыняты комплекс мерапрыемстваў аператыўнага, прафілактычнага і медыцынскага характару, тым больш эфектыўным ён будзе.

Прафілактычныя гутаркі, сустрэчы, кіналекторыі на гэту трывожную тэму павінны арганізоўвацца часцей. Не лішнім будзе падняць праблему на бацькоўскім сходзе, як, напрыклад, нядаўна зрабілі ў гімназіі. Гутаркі, тлумачэнні, прыклады, забарона – усе метады апраўданы, каб толькі падлеткі зразумелі: наперадзе жыццё цікавае, прыгожае, у якім кожны зможа праявіць сваё шматграннае “я”, стаць паўнапраўным і паўнацэнным гаспадаром будучыні. І гэтага нельга прамяняць на разавае сумніўнае спайсавае “задавальненне”, якое можа ўсё перакрэсліць.

Леанід ЛАПІЧ,

урач псіхіятр-нарколаг.

One thought on “Смерць па інтэрнэце

  • 17/12/2014 в 22:27
    Permalink

    И сколько не пишут о страшном последствии употребления спайсов, всё равно находятся «смельчаки». Казалось бы, столько в жизни способов самоутвердится, показать своё я, интересно и с пользой провести время нет , им надо идти по краю лезвия. Не научили родители , как можно радоваться жизни, достигать цели, добиваться победы. Наблюдают плоды воспитания…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *