На Лугавой спрыяльнае надвор’е

Паміж лясоў і палёў схавалася вёсачка з запрашальна-прыгожай назвай Гасцілавічы. Не адразу яе знойдзеш, калі будзеш ехаць праз Пад’язаўле – указальнік на яе з гэтага боку знік…

Адкуль пайшла гасцінная назва, сёння не скажуць і самі жыхары. Пэўна, з-за добразычлівасці і шчырасці тутэйшых людзей, а можа з-за прозвішча пана, які тут некалі жыў. Вёска згадваецца ў 1616 годзе як сяло маёнтка Гарадзішча, уладанне Яна Казіміра Хадкевіча, пазней Бухавецкіх. Праз 3 стагоддзі ў Гасцілавічах пражываў 231 чалавек у 37 дварах. Амаль 300 вяскоўцаў жылі тут у 1959 годзе.

а адзінай вуліцы Лугавой жывуць-вякуюць вяскоўцы. Дзесяць чалавек ужо на дзявятым дзясятку. ”Сёння нашы Гасцілавічы не параўнаць з некалішнімі. Гудзела вёска! Жаніліся, нараджалі дзяцей, будавалі свае дамы”, – апавядае 84-гадовы Вячаслаў Кучура. Яго карэспандэнты “ЛВ” сустрэлі, калі ён ішоў адведаць свайго сябра – цёзку па прозвішчы Міхаіла. З ім яшчэ ў дзяцінстве разам кароў пасвілі. І сёння сябруюць, не забываюць адзін аднаго, абмяркоўваюць мясцовыя навіны. Вячаслаў Пракопавіч доўгі час працаваў будаўніком, потым шчыраваў у саўгасе. Хваліцца, што не адзін аб’ект у Ляхавічах пабудаваны з яго ўдзелам. Жонку, з якой больш за 50 гадоў разам крочаць, прыглядзеў у суседнім Гукове. Хату пабудавалі (тут і спатрэбіўся вопыт будаўніка), дзяцей выгадавалі – дзвюх дачок і сына, чатырох унукаў прычакалі, шасцёра праўнукаў. Ніна Аляксандраўна, нягледзячы на свае 82, жанчына прывабная і рухавая, хоць і пражыла нялёгкае жыццё. У доме чыста і ўтульна, здаецца, тут заўсёды чакаюць і рады гасцям. З ложкаў, прыгожа засцеленых пакрываламі, велічна ўзвышаюцца горы падушак. На кожнай рэчы ў доме адчуваецца клапатлівая рука гаспадыні, яе адменны густ.

На дваіх Ніне і Вячаславу Кучурам -- 166 гадоў.

Раней з мужам трымалі кароў, свіней, каня і дзялкі калгасныя апрацоўвалі. Абавязкова рыхтаваліся да святаў, варылі квашаніну (халадзец). “А якія булкі мая Ніна выпякала, жытнёвы хлеб! Яго і ўсухамятку было смачна есці”, – успамінае Вячаслаў Пракопавіч. Глядзіш на гэтых людзей і думаеш, што ні гады, ні жыццёвыя цяжкасці не здольны сцерці сапраўдныя пачуцці і ўзаемапавагу.

Для Пятра Дразда яго вёсачка – не толькі месца, дзе прайшло дзяцінства, абпаленае вайной, але час руплівай працы ў сельскай гаспадарцы. З чэрвеня 1941 па ліпень 1944 Гасцілавічы былі акупаваны фашысцкімі захопнікамі. Пятру на пачатку вайны было 6 гадоў. Днём лютавалі немцы, ноччу вяскоўцы дапамагалі партызанам. “Малым я пасвіў кароў і прыносіў партызанам тытунь. Мы, дзеці вайны, якія спазналі гора і нястачу, ведаем цану міру, добрасуседскім адносінам”, – гаворыць Пётр Фёдаравіч. З жонкай Кацярынай вырасцілі трох сыноў. У клопатах паўстагоддзя сумеснага жыцця праляцелі птушкай. І заўсёды дапамагала ім вера ў лепшае. Сёння асаблівы гонар і багацце Драздоў – унукі і праўнукі.

Жыццё часцяком падобнае на раман. Са сваіх 84 Ванда Кучура 38 вёснаў сустрэла ў Гасцілавічах – цікавага лёсу жанчына. Сама з Гайнінца, працавала на хлебазаводзе, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У таго жонка памерла, пакінуўшы пяцярых дзяцей – чацвёра хлопцаў і дзяўчынку. Самы малодшы хадзіў у другі клас, старэйшы служыў у арміі. Ім яна і замяніла маці, аддала ўсю сваю пяшчоту і любоў. Працавала ў саўгасе (мае граматы, нават была раённым дэпутатам), з мужам трымалі вялікую гаспадарку, а па вечарах зай-малася рукадзеллем. Вязала, вышывала, ды якія адмысловыя карціны нараджаліся пад яе рукой, на падлозе і сёння цудоўныя рознакаляровыя дыванчыкі. Зараз яна ўжо бабуля і прабабуля. Унукі і праўнукі прыязджаюць і тэлефануюць. Яна ж, у сваю чаргу, вельмі хвалюецца за іх. Просіць перадаць праз газету, якую з цікавасцю чытае і ў свае 84 гады, удзячнасць сацыяльнаму работніку Казіміру Герасімовічу. Яны з жонкай Галінай жаданыя ў доме сталых вяскоўцаў: прынясуць ваду і дровы, расчысцяць дарожкі, дапамогуць у іншых дамашніх клопатах. Як да роднага, звяртаюцца з просьбамі пенсіянеры да паштальёна Дзмітрыя Гатоўчыца. Больш за 4 гады спраўна дастаўляе ён ім не толькі карэспандэнцыю.

Кацярына і Пётр Дразды разам 51 год.

Любяць і ганарацца мясцовыя жыхары родным куточкам, гісторыю і слаўныя традыцыі якога перадаюць унукам і праўнукам.

Ёсць тут дамы, што памерлі разам з гаспадарамі, а некаторыя сталі дачамі. Успамінаюць гасцілаўчане, як жылі, калі была свая школа, як у кожнай вёсцы ў акрузе быў магазін. А зараз двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка, але, гавораць, асартымент яе не заўсёды задавальняе.

Ходзіць праз вёску і рэйсавы аўтобус. Вельмі зручна: можна да доктара трапіць ці праведаць родных у райцэнтры. Але, наракаюць вяскоўцы, месца прыпынку зусім не абсталявана. Няма нават дзе ад дажджу схавацца.

…Вёска з такой назвай не адзіная на карце Беларусі, але наша ”зямлячка” непаўторная сваімі людзьмі – гасціннымі, жыццялюбівымі, стараннымі і вельмі працавітымі. У гэтым, відаць, сакрэт шчасця і даўгалецця і яе, і людзей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ванда Кучура даўняя прыхільніца раёнкі.

Карэнная жыхарка Гасцілавічаў Валянціна Шода.

Вясковы дызайн

Надзейны вартавы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *