Дакладная жанчына працуе на кансервавым заводзе ў Ляхавічах

Ала Жагунь працуе галоўным бухгалтарам на ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” – выбрала прафесію дакладную,надзвычай адказную. Аднак у душы яна, як і большасць жанчын, лірык і летуценніца.  Любіць  падумаць і паразважаць у цішыні, напрыклад, над сэнсам жыцця з яго нечаканымі паваротамі.

Некалі закончыла Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум і працавала ў райпо. Пасля прыйшла на кансервавы завод бухгалтарам, праз 6 гадоў узначаліла гэтую заводскую службу. Мінула амаль 3 дзесяцігоддзі з той пары, а, здаецца, што ўсё было нядаўна. Але галоўнае, лічыць Ала Іванаўна, ёй пашанцавала і з калектывам, і з кіраўніцтвам  прадпрыемства, бо заўсёдныя падтрымка, разуменне, узаемапавага дапамагаюць у вырашэнні нават самых складаных пытанняў. За час яе работы многае змянілася на вытворчасці. А прадукцыя завода, як і раней, застаецца запатрабаванай, бо яе пастаянныя складальнікі – якасць і канкурэнтаздольнасць. Да самых дробных велічынь пралічвае ўсё гэта бухгалтарская служба на чале з Алай Жагунь.

Яна задаволена працоўным лёсам. А што зоркі наканавалі ёй асабіста? У дзецях яна знайшла сваё шчасце. Выгадавала дачку і сына разумнымі і добрымі людзьмі.

… У кішэні білет у Лондан, да дачкі: разам з сынам ( ён мае сваю справу ў Мінску) яны ляцяць туды сустракаць Новы год. Гэта будзе ўжо яе чацвёрты візіт у Англію (дачка выйшла замуж і працуе там праграмістам у адным з банкаў). Зразумела ж, сярод самых родных людзей успомняць дзеці і пра мамін юбілей – адметны і прыгожы. А родны калектыў Алу Іванаўну ўжо шчыра павіншаваў.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *