Сейце дабрыню! Акцыя «Жаданне ў далоньцы» сабрала ў гарадскім Доме культуры Ляхавічаў нераўнадушных землякоў

Паўдзельнічаць у дабрачынным мерапрыемстве запрашалі валанцёры з СШ№1

Паўдзельнічаць у дабрачынным мерапрыемтсве запрашалі валанцёры з СШ №1

Па добрай традыцыі напярэдадні навагодніх і калядных святаў 19-ы раз у рэспубліцы стартавала дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. На Ляхавіччыне яе пачаў дабрачынны марафон “Калядны падарунак”.

З асаблівым настроем чакаюць Дзеда Мароза і Снягурку выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, хлопчыкі і дзяўчынкі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для іх вельмі важна падтрымка іншых і адчуванне, што яны не адны.

Сёлета акцыя “Жаданне ў далоньцы” з магазіна “Дзіцячы свет “Аліса” перамясцілася ў фае ГДК. Усіх нераўнадушных тут сустракалі супрацоўнікі ЦКРНіР і валанцёры. А яшчэ навагоднія ёлачкі, упрыгожаныя 84 папяровымі дзіцячымі далонькамі (па колькасці дзяцей — інвалідаў у раёне).

Першай з імправізаванай ёлачкі зняла далоньку начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская, якая адзначыла, што добрыя справы робяць наша жыццё ярчэйшым, прыгажэйшым і святлейшым.

У першы дзень дабрачыннага марафону ляхавічане купілі для асаблівых рабят падарункаў (цукерак, цацак, канцтавараў і г.д.) амаль на 1,5 мільёна рублёў, яшчэ на 705 тысяч – сюрпрызаў, зробленых школьнікамі спецыяльна для каляднай акцыі.

Традыцыйна ў марафоне прымаюць удзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый розных формаў уласнасці. Напрыклад, часта аднымі з першых адклікаюцца на просьбу дапамагчы сабраць дзіцячыя падарункі ў кафэ “Калі ласка” ПУП “Арт-Наталі”. Ляхавічанкі Ларыса Іванаўна і Ала Дзмітрыеўна штогод здымаюць адбіткі маленькіх далонек, каб зрабіць прыемнае незнаёмаму хлопчыку ці дзяўчынцы. Наогул, добрых людзей сярод нашых землякоў многа.

У гэты ж дзень прайшоў дабрачынны канцэрт эстраднай студыі “Экспрэс” “У свеце гукаў, пачуццяў і слоў”, што сабраў поўную залу гледачоў, сярод якіх быў і старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Шчырая, цёплая атмасфера, што на працягу дзвюх гадзін стваралі самадзейныя артысты, напаўняла сэрцы землякоў радасцю і асаблівай узнёсласцю. Дружнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя выступленне выхаванкі ЦКРНіР Ангеліны Галіцкай, якая выканала песню “Зімушка-зіма”. Сродкі, сабраныя на дабрачынным канцэрце, таксама папоўняць скарбонку марафону.

Дарэчы, да акцыі ўжо далучыўся камунгас, на пералічаныя ім 3 мільёны рублёў заказваецца спецыяльнае абсталяванне для перамяшчэння інвалідных калясак. Дабрачынную скарбонку папоўнілі 1,5 мільёна рублёў, сабраныя вучнямі і педагогамі гімназіі, больш за 900 тысяч рублёў перадала Ліпская СШ, 540 тысяч – Малагарадзішчанская СШ, Ураджайнінскі дзіцячы сад – пару мячоў.

Усе пералічаныя сродкі пойдуць на стварэнне безбар’ернага асяроддзя для паўнацэннай жыццядзейнасці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Любы жадаючы зможа дапамагчы сабраць падапечным ЦКРНіР – дзецям з абмежаванымі магчымасцямі – падарункі 23-24 снежня ў магазіне “Усходні”, 29-30 снежня ў “Верасе”. У гэтыя дні з 11 да 14 гадзін у магазінах будуць працаваць валанцёры.

На перасоўнай раённай выставе «Краіна навагодніх цудаў», што на працягу тыдня будзе экспанавацца ва ўстановах адукацыі, можна ўбачыць творчыя работы асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак.

У праграме дабрачыннага марафону прадугледжаны «Навагодні серпанцін» для дзяцей, што праходзяць лячэнне ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы, «Калядныя сустрэчы» ў цэнтры, навагодні ранішнік для дзяцей з цяжкімі парушэннямі ў развіцці.

Навагоднія і калядныя канікулы абяцаюць рабятам нямала цікавых сустрэч і падзей. Шчаслівым білетам на рэспубліканскую дабрачынную ёлку ў Мінск для трох нашых юных землякоў стаў актыўны і паспяховы ўдзел у шматлікіх розных конкурсах. 15 школьнікаў з нашага раёна 29 снежня адправяцца ў Брэст на абласное навагодняе свята.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *