У гушчыні жыцця

Пытанне аб падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі стала галоўным на пленуме раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы. Пасяджэнне адкрыў яе старшыня Генрых Траццяк, з дакладам выступіў ветэран працы Васілій Падзіна.

На іх дзяцінства, маладосць і сталасць прыйшліся цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, калі давялося аднаўляць разбураную народную гаспадарку, увекавечваць памяць пра тых, хто не вярнуўся з поля бою, — у помніках і сэрцах людскіх. Будавалі, вырошчвалі хлеб, вучылі і вучыліся, выхоўвалі патрыётаў сваёй краіны. Таму ў год юбілею Вялікай Перамогі пастаўлена задача правесці як мага больш мерапрыемстваў па ўшанаванні ветэранаў вайны, успомніць тых, хто аддаў сваё жыццё за Перамогу або ўжо ў мірны час закончыў свой жыццёвы шлях.

Сумесна з органамі ўлады, сацыяльнай службай раёна абследуюцца ўмовы пражывання ветэранаў вайны і працы, калі трэба, аказваецца дапамога. Новы імпульс надаецца рабоце з падрастаючым пакаленнем. Разам са школьнікамі ветэраны плануюць навесці парадак ля абеліскаў героям вайны, а вясной адправяцца ў мота-велапрабег па месцах баявой і працоўнай славы.

У раённай ветэранскай арганізацыі 9 тысяч чалавек. У кожнай пярвічкі – свае планы і мерапрыемствы. Як заўсёды, гэтыя людзі ў гушчыні жыцця.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *