У ляхавіцкім «Дабраноме» ўсё па-новаму

Напярэдадні навагодніх святаў у Ляхавічах з’явіўся яшчэ адзін магазін з шыльдай “Дабраном”. Прапісаўся ён на вуліцы Матросава, 2. Густанаселенасць мікрараёна вуліцы Інтэрнацыянальнай даўно “прасіла” з’яўлення сучаснага гандлёвага аб’екта. Таму жадаючых зрабіць першыя пакупкі ў дзень адкрыцця магазіна было шмат. Дарэчы, новы гандлёвы аб’ект забяспечыў рабочымі месцамі 17 чалавек.

Ветлівы персанал, сучасны інтэр’ер, новае тэхналагічнае абсталяванне. У дзвюх прасторных гандлёвых залах, плошча якіх складае 157 квадратных метраў, размясціліся харчовыя тавары: разнастайныя фрукты і агародніна, малочная прадукцыя як мясцовага завода, так і іншых, вялікі выбар гатовай мясной прадукцыі, хлебабулачных вырабаў ў харчовай плёнцы, рыба і кураціна, цукеркі і марожанае, чай і кофе і шмат яшчэ чаго да стала землякоў. У шырокім асартыменце прадстаўлена дзіцячае харчаванне як айчыннай, так і замежнай вытворчасці.

– “Дабраном” – магазін самаабслугоўвання. Тавар раскладзены такім чынам, каб пакупнік мог яго добра разглядзець і зрабіць свой выбар. У нас можна знайсці тавары па “добрым кошце”, цана на якія значна зніжана. Акцыйны асартымент змяняецца кожныя 2 тыдні, – раскрывае асаблівасці работы гандлёвай кропкі яе загадчыца Святлана Жабік. – Магазін абсталяваны сістэмай відэаназірання.Для аператыўнасці абслугоўвання працуюць 3 касы. Дарэчы, каля іх размясцілася і вітрына спадарожных тавараў. Спадзяёмся, што ў хуткім часе “Дабраном” стане сваім для многіх ляхавічан.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *