Няўважлівасць, абыякавасць і недысцыплінаванасць — крыніца бяды

Нягледзячы на прынятыя меры, аператыўная сітуацыя на тэрыторыі Ляхавіччыны характарызуецца павелічэннем больш чым на 15 працэнтаў колькасці зарэгістраваных злачынстваў (за 1-е паўгоддзе 2009 года іх было зарэгістравана 145, за такі ж перыяд 2010 – 167). І гэта ў той час, калі на Брэстчыне колькасць злачынстваў знізілася.
За справаздачны перыяд у раёне з 1 да 3 вырасла колькасць забойстваў, з 2 да 5 – грабяжоў і хуліганстваў, з 69 да 83 – крадзяжоў. Апошнія па-ранейшаму складаюць большую частку злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, прычым практычна кожны другі ўчынены з жылых памяшканняў.
Не ўдалося знізіць і колькасць злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама асобамі, якія маюць судзімасць.
Найбольш крымінагенным населеным пунктам па-ранейшаму застаюцца Ляхавічы, дзе зарэгістравана 77 злачынстваў – 46 працэнтаў ад агульнай колькасці. 8 злачынстваў зарэгістравана на тэрыторыі Свяціцкага сельсавета, 9 – Жарабковіцкага, 10 – Начаўскага, 13 – Конькаўскага.
Недахопы ў прафілактычнай рабоце паслужылі адной з умоў учынення 3 асабліва цяжкіх злачынстваў.
31 студзеня 2010 года С. Доўнар, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення ў адной з кватэр дома № 18 па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры, з асаблівай жорсткасцю нанёс ляхавічаніну не менш як 36 удараў нажом, ад якіх пацярпелы памёр на месцы здарэння. У ходзе папярэдняга расследавання было ўстаноўлена, што і абвінавачаны і пацярпелы былі нецвярозымі, а распіццё спіртных напіткаў і наступны за ім канфлікт адбыліся ў кватэры, якая мела рэпутацыю прытона, дзе розныя грамадзяне збіраліся менавіта для распіцця спіртнога. Усё гэта сведчыць пра тое, што з боку супрацоўнікаў аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС удзяляецца недастатковая ўвага кантролю за асобамі, якія злоўжываюць спіртным, выяўленню асоб з антыграмадскімі паводзінамі.
Менавіта гэтым абумоўлена і наступнае злачынства. 27 сакавіка жыхар вёскі Задвор’е А. Герашчанка нанёс сваёй былой жонцы не менш як 6 удараў нажом і не змог давесці свой злачынны намер да канца толькі таму, што пера-шкодзілі староннія людзі, якія пачулі крыкі жанчыны аб дапамозе… Як высветлілася, прафілактычную работу з гэтым чалавекам участковы інспектар не праводзіў. А, між тым, Герашчанка ўжо некалькі гадоў стаяў на ўліку ва ўрача-нарколага з дыягназам “сіндром залежнасці ад алкаголю”, раней прыцягваўся да адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, неаднаразова падчас сварак прымяняў да былой жонкі фізічную сілу.
Яшчэ адзін прыклад. 5 мая зноў жа ў адным з дамоў на вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры І. Фірусь, які стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў ударыў нажом грамадзяніна С., ад чаго пацярпелы памёр на месцы. Нягледзячы на тое, што Фірусь стаяў на ўліку ў КВІ РАУС, меры па яго працаўладкаванні прыняты не былі, не кантраляваўся яго лад жыцця, ён выпіваў (і стаяў на ўліку нарколага як хранічны алкаголік), у нецвярозым стане сварыўся з сужыцелькай. Пытанне аб накіраванні яго ў ЛПП своечасова не было вырашана.
Адной з асноўных задач, пастаўленых перад дзяржаўнымі органамі Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1, з’яўляецца забеспячэнне бяспечных умоў працы і ўмацаванне працоўнай дысцыпліны. У першым паўгоддзі 2010 года зафіксаваны выпадак вытворчага траўматызму са смяротным зыходам і 3 выпадкі – з цяжкім. Аналіз падобных здарэнняў у 2009 і 2010 гадах паказвае, што асноўным фактарам траўмавання работнікаў з’яўляюцца не тэхнічныя прычыны, а арганізацыйныя, абумоўленыя чалавечым фактарам. Сярод апошніх – невыкананне кіраўнікамі арганізацый службовых абавязкаў па забеспячэнні бяспекі працы, адсутнасць належнага кантролю з боку ўпаўнаважаных асоб за выкананнем работнікамі даручанага задання, захаваннем імі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, патрабаванняў лакальных нарматыўных актаў па ахове працы, спраўным станам тэхналагічнага абсталявання, а таксама парушэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны, правілаў унутранага працоўнага распарадку і інструкцый па ахове працы самімі пацярпелымі.
Так, 6 сакавіка вадзіцель СВК “Жарабковічы” падчас паездкі ў Клецк атрымаў траўму, упаўшы з платформы аўтамабіля пры выкананні пагрузачных работ. Прычынамі няшчаснага выпадку сталі недахопы ў арганізацыі бяспечнага правядзення работ: незабяспечанасць вытворчага ўчастка тэхнічнай дакументацыяй на правядзенне пагрузачна-разгрузачных работ, няякасна распрацаваная інструкцыя па ахове працы, адсутнасць назначанай адказнай за вядзенне такіх работ асобы, недастатковы кантроль з боку наймальніка за распрацоўкай тэхналагічнай дакументацыі. Старшыні СВК “Жарабковічы” накіравана пастанова аб узбуджэнні дысцыплінарнай вытворчасці і прыцягненні да матэрыяльнай адказнасці галоўнага агранома і намесніка старшыні СВК.
Не спрыяюць умацаванню працоўнай дысцыпліны знаходжанне работнікаў на працоўным месцы ў нецвярозым стане, а таксама ў шэрагу выпадкаў – бяздзейнасць наймальнікаў па ўстаноўленых падобных фактах. У адносінах начальніка падсобнай гаспадаркі УП “Ляхавіцкая СПМК-18” была ўзбуджана крымінальная справа па артыкулу 428 КК (службовая халатнасць). Адказваючы за забеспячэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны, ён не адхіліў ад выканання работ машыніста растворабетоннага вузла, які знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення. Рабочы ўпаў з даху растворабетоннага вузла і атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх памёр на месцы.
Пракуратура рэкамендавала райвыканкаму зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да кіраўнікоў прадпрыемстваў за неналежную арганізацыю работы па ахове працы, а таксама па фактах вытворчага траўматызму, прычынай якіх стала знаходжанне пацярпелага ў стане алкагольнага ап’янення, прапанавала актывізаваць дзейнасць грамадскіх інспектараў працы, правесці сумесна з Баранавіцкай дзяржаўнай міжраённай інспекцыяй працы навучанне спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый па актуальных пытаннях аховы працы. Распрацаваны і шэраг рэкамендацый РАУС па ўхіленні недахопаў, у тым ліку ў прафілактычнай рабоце.
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ, пракурор Ляхавіцкага раёна, саветнік юстыцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *