Казка пачынаецца. Гарадская ёлка ў Ляхавічах расквецілася рознакаляровымі агнямі /фота/

У мінулую  пятніцу  вечарам цэнтрам прыцягнення ляхавічан і гасцей нашага горада стала плошча  Леніна. Менавіта тут разгарнулася яркае дзейства — урачыстае адкрыццё галоўнай ляхавіцкай ёлкі “Калядная саната” . Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч павіншаваў землякоў з надыходзячымі Калядамі і Новым годам, шчыра пажадаў, каб у кожным доме, у кожнай сям’і панавалі мір і ўзаемаразуменне, гучаў шчаслівы дзіцячы смех.

Святочнае шэсце сёлета было відовішчным і масавым, нікога не пакінула без прыемных уражанняў. Галоўны Дзед Мароз са Снягуркай віталі прысутных з імправізаваных “саней” – упрыгожанага аўтамабіля. Шматлікія Дзяды Марозы і Снягуркі, казачныя героі прайшліся па галоўнай вуліцы горада пад гукі духавога аркестра. Асобным сюрпрызам свята стаў флэш-моб у выкананні навагодніх персанажаў, што пацешыла як дзяцей, так і дарослых. І вось чаканы момант: ёлка-прыгажуня расквецілася рознакаляровымі агеньчыкамі! Карагоды вакол лясной госці, гульні і конкурсы суправаджалі прадстаўленне. Прысутных ад душы забаўлялі самадзейныя артысты. Здаецца, так і пайшоў бы ў скокі пад вясёлыя песні “Вечарніцы”.

А райпо частавала землякоў духмяным чаем. Навагодняя казка пачалася!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *