Ліпень у лічбах і фактах

У аддзеле загса райвыканкама і сельвыканкамах Ляхавіччыны выдадзена 24 пасведчанні аб нараджэнні ( у тым ліку 12 — у горадзе, 29 — аб рэгістрацыі шлюбу (20 зарэгістравана ў загсе), 56 пасведчанняў аб смерці. Пакуль ліпень – самы багаты на вяселлі месяц: спякоты баяцца — замуж не хадзіць.
У роддоме Ляхавіцкай райбальніцы нарадзілася 17 дзетак: 5 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак. Як тут не заспяваць: “Па статыстыцы на 1 хлопчыка 2,5 дзяўчынкі”.
“Хуткая дапамога” ў ліпені 850 разоў (на 130 больш, чым у мінулагоднім ліпені) выязджала па выкліках. У тым ліку зарэгістравана 83 выезды на экстранныя выклікі, 385 на неадкладныя, 335 на тэрміновыя. 83 разы дапамога медыкаў спатрэбілася пры няшчасных выпадках, сярод якіх пераважалі траўмы і атручванні. Нягледзячы на спякоту, медыцынская дапамога ўсюды паспявала своечасова. Аднак, 14 разоў прыезд “хуткай” быў без патрэбы: хворага не аказвалася на месцы, хата закрыта ці ўвогуле гаспадары здзіўляліся прыезду медыкаў. А камусьці ў гэты час дапамога была вельмі неабходнай…
У судзе Ляхавіцкага раёна разгледжана 14 крымінальных спраў, 65 грамадзянскіх. Сярод апошніх — 6 спраў аб скасаванні шлюбу.
На тэлефон адзінай дыспетчарскай службы 101 паступіла 23 экстранныя выклікі, менавіта столькі разоў выратавальнікі выязджалі на тушэнне пажараў, у тым ліку і ў лясных масівах. За месяц устаноўлена 224 аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
Супрацоўнікі АДАІ за мінулы месяц выявілі 520 парушэнняў правіл дарожнага руху. За перавышэнне скорасных рэжымаў затрымана 229 вадзіцеляў, 16 пратаколаў складзена за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, 3 — за парушэнне правіл дарожнага руху пешаходамі (мабыць, прафілактычная работа, нарэшце, прыносіць вынікі ці павысілася свядомасць грама-дзян), зарэгістравана 8 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх пацярпелі аўтамабілі.
На тэрыторыі Ляхавіччыны за апошні месяц учынена 31 злачынства, з якіх 22 – па лініі крымінальнага вышуку; у ліку апошніх — 12 крадзяжоў і адно махлярства. Узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *