Дысцыпліна — складальнік паспяховасці. Сваім меркаваннем з “ЛВ” пра чаканы эфект ад новага заканадаўчага акта падзяліліся нашы ляхавічане

Дэкрэт № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый» , падпісаны Прэзідэнтам Беларусі 15 снежня, выклікаў вялікі рэзананс у грамадстве. Гэтым дакументам на кіраўнікоў ускладаецца персанальная адказнасць за ўсё, што адбываецца на падначаленых ім прадпрыемствах, – ад забеспячэння парадку і дысцыпліны да захавання ўмоў працы работнікаў. Адначасова кіраўнікам дадзены дадатковыя правы, што даюць магчымасць забяспечыць належную дысцыпліну і парадак. Сваім меркаваннем з “ЛВ” пра чаканы эфект ад новага заканадаўчага акта падзяліліся нашы землякі.

Вячаслаў ЖУКОЎСКІ, дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»:

– Для таго, каб на прадпрыемстве быў парадак, а гэта, безумоўна, надзвычай важна для эфектыўнай работы, кіраўнік павінен больш кантактаваць з работнікамі. Каб прымаць правільныя рашэнні, трэба ведаць праблемы знутры.

Можна сказаць, тая прававая база, якая дагэтуль існавала, дазваляла нармальна працаваць. Але змены ў эканоміцы, што адбываюцца зараз у нашай краіне і свеце, патрабуюць новых падыходаў. Дадатковыя паўнамоцтвы, дадзеныя кіраўніку Дэкрэтам №5, неабходныя ў сучасных умовах і адыграюць сваю станоўчую ролю. Палажэнні дакумента даюць магчымасць дзейнічаць хутка, своечасова, прымаць нестандартныя рашэнні з улікам змены кан’юнктуры рынку, аператыўна вырашаць праблемы.

Немалаважнае значэнне мае і разуменне людзьмі адказнасці за даручаны ўчастак работы, захавання вытворчай, тэхналагічнай, выканальніцкай, працоўнай дысцыпліны. Дэкрэт №5 закліканы, у тым ліку, фарміраваць такія адносіны, якія з прыняццем данага заканадаўчага акта выходзяць на больш высокі ўзровень. Гэта падштурхне і кіраўнікоў быць больш адказнымі за калектыў, забяспечваць належныя ўмовы працы.

Аляксандр ВІТКО, старшыня СВК “Ляхавіцкі”:

– Дэкрэт № 5, што Прэзідэнт падпісаў днямі, накіраваны на ўзмацненне адказнасці як кіраўнікоў, так і падначаленых.

Па сутнасці, у нашым калектыве такі парадак дзейнічае даўно: работнікаў, на якіх трымаецца сельгасвытворчасць, мы шануем, заахвочваем маральна і матэрыяльна. А ў адносінах да парушальнікаў працоўнай дысцыпліны ў калектыўным дагаворы так і запісана: за вымову работнік пазбаўляецца 50 працэнтаў даплат, а за дзве – усе 100 працэнтаў.

Мне асабліва імпануюць у новым дакуменце меры ў адносінах да нядбайных кіраўнікоў. Была такая практыка – “разваліў” чалавек справу і пайшоў на новую пасаду. Такога быць не павінна і цяпер гэта зацверджана заканадаўча.

Кіраўнік павінен стварыць належныя ўмовы працы, забяспечыць захаванне дысцыпліны, быць ініцыятыўным, творчым, сумленным і дальнабачным.

Сёння не кожны можа справіцца з роляй лідара. Час патрабуе адукаваных, таленавітых, сумленных кіраўнікоў. Дзе іх узяць? Яшчэ ў школе трэба пачынаць падрыхтоўку будучых галоўных спецыялістаў і кіраўнікоў. І не варта на гэтым эканоміць: хто не шкадуе грошай, накіроўвае моладзь на вучобу, падтрымлівае матэрыяльна, не прайграе. Нездарма ж гавораць, што самая вялікая аддача ад сродкаў, укладзеных у будучыню.

Мікалай ПЛАЎСКІ, начальнік участка “Кацельная гаспадарка” Ляхавіцкай ЖКГ:

– Участак “Кацельная гаспадарка” самы вялікі ў камунгасе: з 500 чалавек, што працуюць на прадпрыемстве, каля 200 – нашы.

Маем 25 кацельняў па ўсім раёне. На газавых – штаты пастаянныя, працуюць круглы год, а вось на кацельні на мясцовых відах паліва людзей набіраем на ацяпляльны сезон. З такімі, часцей за ўсё, і маем пэўныя праблемы. Сёлета за п’янкі і прагулы давялося развітацца ўжо з 24 работнікамі. І гэта адэкватныя меры, бо нецвярозы на працоўным месцы можа стаць прычынай шматлікіх непрыемнасцяў: ад нязручнасцяў для спажыўцоў нашых паслуг да аварыйнай сітуацыі і выхаду са строю зусім не таннага абсталявання. А ў горшым выпадку – пацярпець ад аварыі можа і сам вінаваты, і іншыя людзі.

Дэкрэт № 5 прадугледжвае жорсткае стаўленне і да ўтойвання фактаў п’янства на працоўным месцы – аж да звальнення кіраўніка.

Наогул, лічу, што дакумент своечасовы і правільны. Дысцыпліна – аснова парадку, бяспекі і эфектыўнай работы на любым працоўным месцы.

Парушыў дысцыпліну – застаўся без прэміі, а то і без работы. Нанёс страты прадпрыемству – кампенсуй. А калі чалавек працуе сумленна і без парушэнняў, то можа прэтэндаваць на павышэнне зарплаты – у дэкрэце прадугледжана права кіраўніка ўстанаўліваць даплаты работнікам за кошт прыбытку.

One thought on “Дысцыпліна — складальнік паспяховасці. Сваім меркаваннем з “ЛВ” пра чаканы эфект ад новага заканадаўчага акта падзяліліся нашы ляхавічане

  • 07/01/2015 в 11:56
    Permalink

    Декрет правильный и будет дисциплинировать всех. Обязанности свои надо выполнять качественно, своевременно и в полном объёме.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *