Вяртанне радавога Жытко. Ён загінуў у ліпені 41-га пад Кіевам. Да сёлетняга кастрычніка лічыўся прапаўшым без вестак /фота/

Фотаздымак і асабістыя рэчы Міхаіла Жытко.

Ён загінуў у ліпені 41-га пад Кіевам. Да сёлетняга кастрычніка лічыўся прапаўшым без вестак. Перапахаваны на радзіме тыдзень назад.

І ад дня васемнаццатага, месяца снежня, года 2014 будуць гучаць над пагорачкам, што з’явіўся ля агароджы вакол Крыжаўзвіжанскай царквы, блаславенныя званы і малітоўныя словы: дзякуй, Божа… Дзякуй за тое, што салдат усё ж вярнуўся дадому. Што праз 73 гады яшчэ адзін невядомы герой Вялікай Айчыннай перастаў быць невядомым. Што цяпер ён пакоіцца ў роднай зямлі. Што над запозненым апошнім прытулкам яго маглі аплакаць родныя людзі. Што землякі аддалі даніну павагі памяці дваццацідвухгадовага чырвонаармейца радавога Міхаіла Жытко…

а праваслаўным крыжы таблічка з неверагодна блізкімі датамі: год нараджэння — 1919, дата гібелі — ліпень 1941-га. З таго часу ён лічыўся без вестак прапаўшым. Наш зямляк. Сялянскі хлопец. Малады чалавек, якому б жыць ды жыць, калі б не праклятая вайна.

…У маі 1941 года Міхаіла Жытко з вёскі Гукова прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. Перад гэтым, расказваюць, за месяцы тры ён ажаніўся з дзяўчынаю Верай. У войска праважалі салдата маладая жонка, бацька Адам, мама Антаніна, якая перахрысціла сыночка на шчаслівую дарогу. А потым пачалася вайна і вестак ад Мішы не стала. Не з’явіліся яны ні пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў, ні пасля Перамогі. У афіцыйных адказах на лісты родных, якія шукалі свайго дарагога воіна і звярталіся ў розныя інстанцыі, пісалі адно і тое: прапаў без вестак. Прапаўшым без вестак значыцца Міхаіл Адамавіч Жытко і ў кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён”.

Прайшлі дзесяцігоддзі. Нават тысячагоддзе памянялася. Не памянялася, на шчасце, разуменне велічнасці народнага подзвігу ў імя Перамогі і абсалютнага патрыятызму тых, хто без ваганняў стаў героем цаною ўласнай крыві, цаною жыцця. У Беларусі ёсць пошукавы батальён, які аднаўляе імёны загінуўшых за свабоду роднай зямлі. Святая гэта справа. Нездарма паўтараем справядлівае сцвярджэнне: вайна не закончана да той пары, пакуль не пахаваны яе апошні салдат. Ёсць пошукавая група і ва Украіне. Называецца яна “Карчагінец” і адносіцца да Украінскага дабрачыннага фонду пошуку “Памяць”. “Карчагінцы” пры раскопках у 15 кіламетрах ад Кіева, ля вёскі Навасёлкі, і натыкнуліся на астанкі трох загінуўшых у баях Вялікай Айчыннай савецкіх салдат. У аднаго з іх пры сабе былі асабістыя рэчы: медальён, пяць гільзаў ад вінтоўкі Мосіна, лыжка, нож, некалькі манетак, біклажка… І яшчэ праржавеўшая каска.

Спецыялісты ўкраінскага Нацыянальнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылі салдацкі медальён і даследавалі яго змесціва. У капсуле знайшлі папяровую ўкладку, загорнутую ў абрывак беларускай газеты. Паўсцёртыя радкі паведамлялі: “Баранавіцкай вобласці, Ляхавіцкага раёна, с/с Альхоўскага, вёскі Гукова, Жытко Міхаіл Адамавіч, краснаармеец, радавы, год нараджэння 1919”. Гэты ж запіс прадубліраваны і лацініцай.

Ну а далей усё адбывалася вельмі хутка. Да справы далучылася наша пасольства ва Украіне, пошукавая служба. Высветлілася, што на радзіме героя і сёння жывуць яго родныя. Самыя блізкія – пляменнікі. Сваіх дзетак у Міхаіла Жытко не было, не паспеў ён стаць бацькам. Загінуў дваццацідвухгадовым. А пляменнікі памяць пра дзядзьку свайго бераглі і шанавалі, дзецям сваім расказвалі пра сямейнае гора, якое прынесла вайна, — пра прапаўшага без вестак іх роднага. Старэйшы пляменнік з загінуўшым дзядзькам мае адно прозвішча. Пратаіерэй Георгій Жытко, настаяцель цэркваў Ляхавіцкай акругі і ёсць гэты самы пляменнік. А яшчэ яго стрыечны брат маёр запасу Уладзімір Столяр і стрыечная сястра Аляксандра Каролік з Баранавічаў.

Яны бясконца ўдзячныя Богу і людзям за тое, што ўсё ж даведаліся пра лёс дарагога ім чалавека. За тое, што прыняла ў рэшце рэшт родная ляхавіцкая зямля яго прах. За тое, што не існуе ні межаў, ні перашкод для таго, каб спраўдзілася, адбылося справядлівае завяршэнне – вяртанне праз бясконцыя зімы і вёсны дамоў. Няхай такое запозненае, але вяртанне. Гучала ўдзячнасць супрацоўнікам пасольстваў, а найперш тым, хто ў пошуку, хто запаўняе непрачытаныя старонкі гісторыі лёсамі яе герояў, хто называе іх па імені, хто імёны гэтыя адкрывае, дастае з гістарычных далячынь.

Не верылася, што так бывае, што гэта не кінасюжэт, а рэальнасць. Аднак бывае. На шчасце, бывае. І вось у Ляхавіцкі райваенкамат прыбыў памочнік аташэ па пытаннях абароны пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне. Сюды з-пад Кіева дастаўлена скрыня з астанкамі нашага земляка для ўрачыстага перапахавання на роднай зямлі.

…У Крыжаўзвіжанскай царкве ў Ляхавічах быў выкананы ўвесь праваслаўны рытуал – адпяванне раба Божага воіна Міхаіла Жытко, які загінуў у барацьбе з ворагам. Прысутнічалі не толькі родныя і блізкія родным людзі. Як і належыць, былі тут сённяшнія салдаты і афіцэры, прадстаўнікі раённай улады, ветэранскай і маладзёжнай арганізацый. І словы гучалі ўдзячныя і ўсхваляваныя, і ружэйныя залпы. І кветкі з гірляндамі ляглі да месца апошняга прытулку воіна, і свечкі плакалі васковымі слязінкамі, і строем прайшлі армейцы пад гукі марша.

Ён вярнуўся дамоў. Праз 73 гады. Яму не наканавана было даведацца, як доўга чакалі яго бацькі. “Бабуля Антаніна жыла ў Гукова. Калі чула залівісты брэх сабакі, часта спяшалася з дому ў двор, паглядзець на каго гэта «вартаўнік» голас падае, з надзеяй, што дачакалася – можа Міша вяртаецца”, – успамінаюць пляменнікі. Бацькі не дачакаліся…

Але ён усё такі вярнуўся.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Родныя ўжо і не думалі, што даведаюцца пра іх загінуўшага ў вайну дзядзьку. Але дачакаліся. Цяпер ён не прапаўшы без вестак.

One thought on “Вяртанне радавога Жытко. Ён загінуў у ліпені 41-га пад Кіевам. Да сёлетняга кастрычніка лічыўся прапаўшым без вестак /фота/

  • 05/01/2015 в 10:58
    Permalink

    Вось жа як жыццё складваецца. Прямо как сюжет из кинофильма. Жить и жить бы хлопцу… Спасибо добрым людям, что помогли вернуться в свою родную землю.У памяти народной нет границ и нет срока давности.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *