Дабрыня — паняцце агульнае. Да акцыі “Нашы дзеці” далучаецца ўсё больш нераўнадушных ляхавічан /фота/

Падчас ранішніка ў кафэ "Калі ласка"

Кожная добрая справа кагосьці робіць шчаслівым, запальвае агеньчык надзеі і веры ў сэрцах людзей. Да акцыі “Нашы дзеці”, якая актыўна крочыць па краіне, далучаецца ўсё больш нераўнадушных землякоў.

Акрамя сабраных сродкаў, пра што “ЛВ” ужо згадваў, дабрачынную скарбонку папоўніў уклад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Вучні і педагогі СШ №1 штогод актыўныя ўдзельнікі дабрачыннага марафону. 1 мільён 750 тысяч рублёў перадалі яны на патрэбы выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі сёлета. На паўтара мільёны рублёў заключаны дагавор з сялянска-фермерскай гаспадаркай “Жарск”.

У панядзелак у кафэ “Калі ласка” дзяцей з цяжкімі парушэннямі ў развіцці на святочны абед з салодкімі падарункамі запрасіла яго гаспадыня Наталля Лойка. Конкурсамі і карагодамі, песнямі і вершамі забаўлялі выхаванцаў ЦКРНіР навагоднія героі. Падрыхтавалі ранішнік “Ёлка паклікала ў госці” валанцёры, педагогі школ горада і каледжа. На свята з падарункамі – абсталяваннем для заняткаў і развіваючымі гульнямі – завіталі супрацоўнікі РАУС , раённага аддзела Следчага камітэта, ЦБП №117 ААТ “ААБ Беларусбанк”. Дзед Мароз і Снягурка раздалі хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія пачастункі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Падарункі, сабраныя падчас акцыі “Жаданне ў далоньцы”, спраўдзілі жаданні многіх рабят.

Сёння ў магазіне “Усходні” (29-30 снежня ў «Верасе») Дзед Мароз і Снягурка, педагогі і валанцёры запрашаюць далучыцца да акцыі – падарыць добры настрой дзеткам-інвалідам.

– Не ўсе рабяты ў гэтыя снежаньскія дні знаходзяцца дома. Каб узняць настрой юным пацыентам райбальніцы і павіншаваць іх з цудоўным святам, да іх з сюрпрызамі і забаўляльнай праграмай гэтым вечарам завітаюць навагоднія чараўнікі і валанцёры цэнтра, – расказала дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская.

У сераду раніцай у СШ № 1 адбылося свята для сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Захапляльнае тэатралізаванае прадстаўленне ў выкананні педагогаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пакінула ў рабят незабыўныя ўражанні. Па словах дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіны Пішч, падарункі дзецям падрыхтаваны за кошт спонсарскіх сродкаў ПГУП “Владзін”, фермерскай гаспадаркі “Машэй М. В.”, ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”, ПМК-13.

Рабіць дабро – так проста!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Не першы год гаспадыня кафэ "Калі ласка" Наталля Лойка запрашае дзяцей на свята

Госці дабрачыннага свята прыйшлі з падарункамі

Падарункі ад супрацоўнікаў ЦБП №117 ААТ “ААБ Беларусбанк”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *