12 месяцаў – як імгненне. Ляхавічане згадваюць, якім быў год 2014

Маладосць, высокі прафесіяналізм і прага самаўдасканальвання – гэта тое, што ўласціва маладому ўрачу Сяргею Памазанскаму. А яшчэ добразычлівасць і міласэрнасць, без якіх не можа адбыцца класны спецыяліст, чыя рабочая форма – белы медыцынскі халат.

Сяргей ПАМАЗАНСКІ,
загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі
цэнтральнай раённай бальніцы

Гэты год быў для мяне напоўнены радасцю прыемных падзей і сустрэч, таму праляцеў як адно імгненне. Вялікае задавальненне прыносіць любімая работа. Працую на сучасным медабсталяванні і з нецярпеннем чакаю адкрыцця новага рэнтгенкабінета з яшчэ больш дасканалай апаратурай. Радуе, што сёлета ў ЦРБ прыйшлі маладыя кваліфікаваныя спецыялісты.
Год быў багаты на знаёмствы і сустрэчы з калегамі з іншых раёнаў. Гэта не толькі сяброўскія адносіны, але і каштоўны прафесійны вопыт, якім мы заўсёды дзелімся.
Шчаслівая падзея для мяне – вырашэнне кватэрнага пытання. Асобнае добраўпарадкаванае жыллё вельмі важна для любога чалавека.
А яшчэ ў 2014-ым мая любімая пляменніца-хросніца зрабіла свае першыя крокі. Цікава назіраць, як яна радуецца прасцейшым рэчам. Ад гэтага жыццё нас, яе родных, напаўняецца яркімі эмоцыямі.
Год добры яшчэ і таму, што магу кожныя выхадныя наведваць бацькоў, дапамагчы ім.
Вось так 2014-ы імкліва, пазітыўна, насычана прамчаў праз 12 месяцаў майго жыцця.
Жадаю ўсім землякам, каб 2015-ы прынёс усім здароўе, добры настрой і дабрабыт. Часцей усміхайцеся!

Здаецца, яшчэ нядаўна ён быў школьнікам, друкаваўся на старонках нашай раёнкі, пісаў даследчыя работы. Зрабіў свой выбар і крочыць па жыццёвай дарозе з верай, надзеяй і любоўю.

Серафім Жытко, тэхнічны рэдактар выдавецтва і сайта
Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі (а/г Жыровічы)

Год 2014 для мяне стаў багатым на падзеі. З дапамогай Божай я закончыў Мінскую духоўную семінарыю. Цяпер працую тэхнічным рэдактарам выдавецтва і сайта Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі.
Перамены закранулі і маё асабістае жыццё: я ажаніўся, і мая каханая падарыла мне сына.
А напрыканцы года адбылася значная падзея для ўсёй нашай сям’і: былі знойдзены і перададзены для перапахавання астанкі майго дзеда Міхаіла Адамавіча Жытко, які загінуў пад Кіевам напачатку Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер яго прах пакоіцца ў роднай зямлі.
Усіх чытачоў “Ляхавіцкага весніка” хочацца ад душы павіншаваць з надыходзячымі святамі Нараджэння Хрыстова і Новым 2015 годам. Сардэчна жадаю душэўнай і цялеснай трываласці, міру і дабрабыту!

Калі ўжо гаварыць пра «спалучэнне» фізіка і лірыка, то лепшай кандыдатуры, чым Ірына Рабцэвіч, не прыдумаеш. Яна ўлюбёная ў педагогіку, у свой прадмет, у жыццё і ў дзяцей.

Ірына РАБЦЭВІЧ,
настаўніца фізікі
Крывошынскай СШ

Адыходзячы  2014-ы апраўдаў мае спадзяванні і прынёс пэўны вопыт. Галоўнае дасягненне года – поспехі маіх вучняў. Рабяты, з якімі я займалася, паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Ёсць станоўчыя змяненні і ў алімпіядным руху. Упершыню мая вучаніца атрымала дыплом 3 ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Быў адзначаны і накіраваны для ўдзелу ў абласным конкурсе і праект па энергазберажэнні, які мы распрацоўвалі.
Адна з важных падзей для ўсяго нашага педагагічнага калектыву – капітальны рамонт школы. У кабінетах стала ўтульней і цяплей. Для мяне, настаўніцы фізікі, умовы і магчымасці правядзення лабараторных работ і доследаў змяніліся непараўнальна.
Я – мама дзвюх цудоўных дзяўчынак. Сёлета 12-гадовая Дар’я на раённай алімпіядзе па рускай мове парадавала дыпломам 3 ступені, атрымала дыплом 3 ступені на раённым этапе адкрытага публічнага конкурсу дзіцячага малюнка “Пасябруй са спортам”. 4-гадовая Маша пастаянна ў руху – спявае і танцуе. Надзейны дарадца і памочнік – муж. Менавіта дзякуючы падтрымцы сям’і шмат часу магу аддаваць любімай рабоце.
Спадзяюся, што надыходзячы 2015 год будзе да мяне і да іншых спагадлівым і прымножыць здабыткі, падорыць новыя сустрэчы і ўражанні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *