Валакністы, залацісты, праблемны

На льняных плантацыях раёна час пік: гарачае надвор’е паспрыяла не толькі хлебаробам на ўборцы, але і льнаводам. Начныя і ранішнія буйныя росы, а днём цяпло выдатна садзейнічаюць вылежцы трасты. Дзякуючы таму, што асноўная маса пасеваў была выцераблена дастаткова рана і хутка, лён ужо вылежаўся, траста залацістая і якасная. Усе сельгаспрадпрыемствы, а таксама льнозавод паспелі амаль на ўсіх плошчах перавярнуць яе на другі бок, каб вылежка была раўнамернай. Ільнозавод па-за канкурэнцыяй: ён адзіны ў раёне ўжо займаецца прасаваннем трасты. Зрабіў гэта і звёз трасту з плошчы амаль 55 гектараў.
Варочаюць трасту льнаводы СВК ”Канюхі”, ААТ ”Ляхавіцкі райаграсервіс”, а СВК “Шлях новы” паслаў сваю прадукцыю ў лабараторыю для вызначэння якасці. Дарэчы, сёлета гэты паказчык станоўчы амаль што паўсюдна: і надвор’е спрыяе, і своечасовая апрацоўка пасеваў згодна тэхналогіі дала свой плён. Напрыклад, сёлета СВК “Канюхі” вырошчваў лён на плошчы 120 гектараў. У гэтай гаспадарцы год ад году даўгунец расце на славу, не аднойчы сельгаскааператыў выходзіў пераможцам спаборніцтва сярод ільнаводаў вобласці і рэспублікі. Сёлета таксама спадзяюцца, што іх паўночны шоўк будзе адметным па якасных паказчыках. Механізатар Сяргей Каралёў, які штогод працуе з гэтай культурай, задаволена зазначае, што ў 2 разы перакрыў свой мінулагодні паказчык: летась намалаціў 35 тон ільнасемя, а цяпер – больш за 70 тон.
Пры гэтым ільнозавод ў такі гарачы час знайшоў магчымасць а-правіць ільноўборачную тэхніку і механізатараў на дапамогу суседняму Баранавіцкаму раёну.
Між іншым, з уборкай ільну не ўсё так добра. Напрыклад, ільнонасенстанцыя, якая па ўсіх параметрах павінна быць у ліку першых, аказваць дапамогу іншым, а не чакаць яе, недаравальна пасіўная ў гэты гарачы час. Арганізацыя пасеяла сёлета 180 гектараў ільну на землях СВК ”Жарабковічы”. Па ацэнцы галоўнага агранома райсельгасхарчу Мікалая Каплынова, з якім пабывалі на полі, лён тут вырас выдатны. Па-другому і быць не магло, бо на тутэйшых землях спрадвеку вырошчваўся цудоўны даўгунец. Сёлета тут паказаў сябе галандскі сорт “мэрлін”. Па словах дырэктара льнонасенстанцыі Аляксея Раманава, поўнасцю захавана тэхналогія вырошчвання культуры. Аднак “закульгалі” на фінішнай прамой. Усё пачалося з таго, што непадрыхтавалі да ўборкі тэхніку, і частка спрыяльных дзён была ўпушчана, хоць, па сутнасці, першыя гектары выцераблены яшчэ 23 ліпеня. Сёння за рулём ільноцерабілкі сам дырэктар, але ў імгненне абняць неабдымнае не атрымліваецца. Прыйшлі на дапамогу яшчэ 2 камбайны: адзін з ільнозавода, другі з СВК “Дарава”, і толькі цяпер справа зрушваецца з месца. Аляксей Раманаў апраўдвае адставанне чаканнем пакуль ільнасемя дойдзе да патрэбнай кандыцыі на корані і не спатрэбіцца дасушванне, маўляў, ільнонасенстанцыя павінна здабываць насенне высокай якасці. Малоцяць яго прыкладна па 7-8 цэнтнераў з гектара, а было б значна больш: Мікалай Каплыноў звярнуў увагу на тое, колькі насення паспела ўжо высыпацца… Улічым і ня-якаснае церабленне: лён на асобных участках не роўны, і неадрэгуляваны агрэгат яго не поўнасцю абмалочвае.
— Добра, што стаіць спрыяльнае надвор’е, — зазначае Мікалай Іванавіч, — але лён відавочна перастоены, на асобных участках пакруціўся – страцілі частку ўраджаю…
На той час заставалася яшчэ дні на два работы на льняной плантацыі. Калі надвор’е паспрыяе. Але ж трэба яшчэ трасце вылежацца.
— Укладваемся ў тэрміны, якраз у разгары жнівеньскія росы, — спадзяецца на лепшае Аляксей Раманаў і таропка садзіцца за руль ільнокамбайна. Спадзявацца, зразумела, трэба, але і паспяшацца варта, каб максімальна знізіць выдаткі недаравальнага спазнення..
Аліна ЛАПІЧ.

5 thoughts on “Валакністы, залацісты, праблемны

  • 18/08/2010 в 12:06
    Permalink

    Ну харашо, убяруць іх — а што дальшэ? У нас ільназаводы ў тры раза менш выхад дліннага льнавалакна чым у цывілізованных краінах!

  • 18/08/2010 в 12:11
    Permalink

    Ну і што? Усё роўна малайцы! У заводаў цэлы год уперадзі, паспеюць!

  • 18/08/2010 в 12:30
    Permalink

    Што яны паспеюць? Прадацца буржуям ці зніадкуда ўзяць ды прыдумаць новую цехналогію пераработкі льна?

  • 18/08/2010 в 12:50
    Permalink

    Да хаця б і буржуям — абы плацілі!

  • 19/08/2010 в 08:33
    Permalink

    Няма дурняў, маё сэрца, кідацца на шанец —
    Хай сабе прыходзіць немец і дзяцей германіць! (С)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *