Сустрэча «без гальштукаў». Напачатку Года моладзі старшыня райвыканкама сустрэўся за «круглым сталом» з маладымі спецыялістамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Ляхавіцкага раёна

Дыялог за «круглым сталом».

Напачатку Года моладзі старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч сустрэўся за «круглым сталом» з маладымі спецыялістамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна.

Паўгода назад 65 юнакоў і дзяўчат – выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў – папоўнілі працоўныя калектывы сферы аховы здароў’я і адукацыі, перапрацоўчай прамысловасці, сельскай гаспадаркі і будаўніцтва і іншых.

Вячаслаў Сельмановіч, адкрываючы сустрэчу, адзначыў, што менавіта ад моладзі залежыць будучыня краіны і рэгіёна. І таму для мясцовай улады неабыякавыя праблемы, з якімі сутыкаюцца маладыя спецыялісты напачатку працоўнага шляху, цікавыя іх прапановы і ідэі. Кіраўнік раёна падкрэсліў: важна, каб на месцах былі створаны належныя ўмовы для развіцця прафесійных навыкаў маладых, каб было наладжана настаўніцтва. Неабходна рабіць усё, каб пасля тэрміну адпрацоўкі моладзь засталася ў калектывах.

Вячаслаў Сельмановіч нагадаў: каб стаць добрым спецыялістам у сваёй галіне, дасягнуць кар’ерных вышынь, неабходна многа працаваць – якасна і сумленна.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні памеру заработнай платы, жыллёвыя, бытавыя ўмовы маладых спецыялістаў. Яны атрымалі кансультацыю пра льготы ў вырашэнні жыллёвага пытання.

Статус маладога спецыяліста дае пэўныя перавагі. У тым ліку, напрыклад, магчымасць ільготнага крэдыту на набыццё хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень расказала пра розныя віды дапамогі і ўмовы яе атрымання як маладымі спецыялістамі, так і іншымі грамадзянамі.

Абмяркоўвалася на сустрэчы і пытанне арганізацыі адпачынку моладзі. Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалай Дабрыянец, праблема гэта надзённая, але і маладым неабходна быць генератарамі ідэй, актыўна ўключацца ў грамадскую дзейнасць. Быць заўсёды ў гушчыні падзей, не заставацца абыякавымі да ўсяго, што робіцца навокал, заклікалі першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ірына Чура.

Гаварылі на сустрэчы і пра перспектывы развіцця раёна, і пра тэхнічную мадэрнізацыю навучальных устаноў.

Цікавай і карыснай была кансультацыя па пытаннях прававой абароны маладых спецыялістаў.

Асобна падчас “круглага стала” спыніліся на патрабаваннях Дэкрэта №5, які ўступіў у сілу з пачатку гэтага года. Палажэнні дэкрэта напрамую датычацца і маладых спецыляістаў. У ім, акрамя шэрагу правоў, прапісана і безумоўнае выкананне прафесійных абавязкаў, добрасумленнае і адказнае стаўленне да работы.

Напрыканцы дыялогу, што прайшоў у цёплай атмасферы і атрымаўся канструктыўным і карысным, усім маладым спецыялістам уручылі выданні пра Ляхавіцкі край.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Маладое папаўненне райаграсэрвісу

Маладыя спецыялісты Ляхавіцкага малочнага завода

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *