Рэкордны “Фекорд”. Асноўным напрамкам дзейнасці ТАА “Фермент” Ляхавіцкага раёна — укараненне навуковых распрацовак беларускіх вучоных

Намеснік упраўляючага ТАА «Фермент» Віталій Бястолкаў.

Гісторыя прадпрыемства бярэ пачатак з 1993 года, калі група энтузіястаў, якая не пабаялася “прагарэць”, акунулася ва ўмовы рыначнай эканомікі і адной з першых у рэспубліцы асвоіла вытворчасць ферментнага прэпарата “Глюкавамарын”. Ён прымяняецца ў якасці каталізатара тэхналагічнага працэсу ў спіртавой прамысловасці. Пазней, калі ўпраўляючым прадпрыемства стаў Валерый Бястолкаў, быў наладжаны выпуск серыі ферментных прэпаратаў для вытворчасці этылавага спірту, якія прымяняюцца на большасці спіртзаводаў. Аднак утрымацца на прасторах рынку не проста, і прадпрыемства, пралічыўшы розныя сітуацыі, пайшло па іншым шляху — выбрала асноўным накірункам сваёй дзейнасці ўкараненне навейшых распрацовак беларускіх вучоных. Сумесна з РУП “Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага” НАН Беларусі быў распрацаваны і асвоены выпуск ветэрынарнага прэпарата “Гумавет”, які не мае аналагаў у СНД.

Галоўны інжынер прадпрыемства Валерый Пашкевіч (з першага дня стварэння “Фермента” і па сення з’яўляецца яго на-дзейным прадстаўніком), яго намеснік Уладзімір Галімзянаў расказалі, што сыравінай для атрымання прэпарата “Гумавет” з’яўляецца сфагнавы торф, які валодае бактэрыцыднымі ўласцівасцямі, аказвае пры-гнятальнае ўздзеянне на хваробатворныя мікраарганізмы. У сфагнавым торфе шмат біялагічна актыўных рэчываў, якія адносяцца да розных класаў хімічных злучэнняў (у тым ліку амаль 30 працэнтаў яго біялагічнай масы складаюць гумінавыя рэчывы), шырокая гама макра- і мікраэлементаў.

Атрыманы з яго прэпарат уяўляе сабой біялагічна актыўную вадкасць цёмна-карычневага колеру, якая пры прымяненні аказвае на арганізм жывёл станоўчае дзеянне: умацоўвае імунітэт, рэгулюе мікрафлору страўнікава-кішачнага тракта, павышае ўзровень засваяльнасці кармоў і інш. Прэпарат прымяняецца для прафілактыкі і лячэння рэспіраторных і страўнікава-кішачных захворванняў у цялят, парасят, птушкі і пушных звяроў. Да таго ж “Гумавет” – прэпарат прыроднага паходжання і не забруджвае навакольнае асяроддзе, садзейнічае атрыманню экалагічна чыстай прадукцыі, не мае супрацьпаказанняў для прымянення.

У 2004 годзе ТАА “Фермент” аднавіў вытворчасць ферментнага біякомплексу “Фекорд” (раней яго выпускала РУП “Белмедпрэпараты”), пры гэтым істотна палепшыў яго ферментную кампазіцыю. Інстытут жывёлагадоўлі НАН Беларусі правёў усебаковыя даследаванні біякомплексу, у выніку чаго пацвердзілася не толькі яго высокая эфектыўнасць, але і той факт, што па некаторых пазіцыях ён пераўзыходзіць замежныя аналагі. Ферментны біякомплекс дазваляе павялічыць канверсію корму на 7-12 працэнтаў, што ўплывае на прывагі жывёлы, павышае яе імунітэт і забяс-печвае захаванасць пагалоўя.

Выкарыстанне ферментных біяпрэпаратаў у кармавых рацыёнах з’яўляецца не толькі мэтазгодным, але і эканамічна выгадным: на сённяшні дзень гэта адзін з самых даступных і найбольш эфектыўных спосабаў павышэння рэнтабельнасці грамадскай жывёлагадоўлі.

Заслугоўвае ўвагі і кармавая дабаўка новага пакалення “Фітазім”, якая валодае шырокім спектрам дзеяння і рэкамендуецца да выкарыстання ў кармавых рацыёнах сельскагаспадарчай жывёлы, птушкі і рыбы.

Камбікормавая прамысловасць краіны яшчэ нядаўна шырока прымяняла імпартныя кармавыя дабаўкі. Цяпер жа ёсць ферментныя, якія выпускае ТАА “Фермент”, і па сваёй эфектыўнасці не саступаюць, а часта і значна пераўзыходзяць завезеныя з-за мяжы, прытым, што каштуюць яны значна танней. Напрыклад, цэлая група фекордавых прэпаратаў.

Сумесна з Інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі асвоены выпуск экалагічна бяспечнага рэгулятара росту раслін “Аксігумат”. Яго прымяненне дазваляе павысіць энергію прарастання насення, актывізуе рост і развіццё, павышае імунітэт раслін, павялічвае ўраджайнасць ад 10 да 40 працэнтаў у залежнасці ад культуры. Прычым, прымяняючы гэты прэпарат, можна атрымаць экалагічна чыстыя прадукты, знізіць утрыманне нітратаў за кошт інтэнсіфікацыі азотнага абмену ў раслінах.

Што уяўляе сабой ТАА “Фермент” сёння? Прадпрыемства, якое забяспечана неабходным абсталяваннем, на ім працуюць высокакваліфікаваныя кадры. Бізнес-план, дарэчы, прадугледжвае пашырэнне вытворчасці.

Сёння прадукцыю “Фермента” закупляюць многія сельгас-прадпрыемствы рэспублікі, у тым ліку Баранавіцкі камбікормавы завод. Таварыства працуе і з давальніцкай сыравінай. Што асабліва важна, ТАА “Фермент” мае ветэрынарную ліцэнзію на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі.

За гады станаўлення на прадпрыемстве з’явіліся свае традыцыі, напрыклад, узаемазамяняльнасць работнікаў у любым звяне вытворчасці, калі ёсць на тое неабходнасць.

А яшчэ тут шануюць сваіх працаўнікоў, даражаць імі і ганарацца. Гэта пра галоўнага інжынера Валерыя Пашкевіча, тэхнолага Святлану Кабарыха, аператараў Аляксандра Морскага, Сяргея Падгайскага, электрыка Мікалая Бізу і іншых.

Калектыў прадпрыемства невялікі, аднак вынік яго дзейнасці важкі і запатрабаваны.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Юбілейныя даты на прадпрыемстве адзначаюцца ўрачыста: прэміі і падарункі галоўнаму інжынеру Валерыю Пашкевічу, аператарам Аляксандру Морскаму і Сяргею Падгайскаму.

Намеснік галоўнага інжынера Уладзімір Галімзянаў рэкламуе прадукцыю.

Тэхнолаг Святлана Кабарыха.

Па тэхналогіі мука – напаўняльнік камбікормавых дабавак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *