Сяргей і золата палей

Імчыць па знаёмай дарозе “поле – элеватар — поле” МАЗ-555142, за рулём якога малады вадзіцель Сяргей Гачко. У Ляхавіцкім райаграсервісе ён працуе зусім нядаўна – з сакавіка гэтага года, але і за такі кароткі тэрмін паспеў зарэкамендаваць сябе добрасумленным, адказным працаўніком, які не толькі хутка, але і якасна выконвае сваю работу.
Нягледзячы на малады ўзрост, Сяргей не навічок на жніве. З 2003 года ён працаваў механізатарам у СВК “Ліпнянка”, падчас уборкі садзіўся за штурвал камбайна. Па сямейных абставінах сёлета пераехаў у горад і адразу ўладкаваўся на працу ў райаграсервіс. Як толькі пачаліся гарачыя ўборачныя дзянькі, Сяргей амаль што не развітваецца са сваім МАЗам. Перавезці ўбраны ўраджай, які і сапраўды на вагу золата, хутка і без страт – як усё проста, як усё складана. Ён імкнецца працаваць так, каб увесь адгружаны з камбайна каштоўны груз трапіў у кузаў машыны і да зярнятка быў дастаўлены на элеватар, адтуль пасля дапрацоўкі на збожжапрыёмны пункт.
На ўборцы Сяргей Гачко паказвае сапраўдны майстар-клас. Пацвярджэнне таму – ганаровы другі радок на раённай Дошцы гонару ў намінацыі “Лепшыя маладыя вадзіцелі на адвозцы зерня”. Па стану на 12 жніўня Сяргей Гачко перавёз 1090 тон зерня”.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *