Вячаслаў СЕЛЬМАНОВІЧ: Працаваць так, каб ганарыцца зробленым

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Лукіч Сельмановіч

Хто аспрэчыць, што нармальныя рабочы рэжым і расклад — не дасягненне, а абавязак. З іншага боку, любы пражыты дзень з’яўляецца вяхой. У 75-гадовай гісторыі раёна шмат вызначальных перыядаў, і кожны з іх — унікальны, адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў СЕЛЬМАНОВІЧ падчас прэс-канферэнцыі журналістам “Ляхавіцкага весніка”. Хаця і адбылася яна напярэдадні юбілейнай для Ляхавіччыны даты, але вызначалася дзелавой канструктыўнай размовай не столькі пра дасягненні, колькі пра задачы і праблемы, над якімі належыць працаваць. Гаворка ішла пра надзённае.

Пра месца асобы ў гісторыі, суб’ектыўны фактар і патрыятызм

– Усё, што адбылося, адбываецца і адбудзецца, — гэта справа рук чалавека. Людзі ствараюць аснову, той базіс, які забяспечвае ўзровень і якасць жыцця. У гэтым, дарэчы, не апошнюю ролю адыгрываюць кіраўнікі. Ад іх у многім залежыць стан спраў у працоўных калектывах, эканамічная трываласць. Возьмем вёску: там, дзе ёсць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія развіваюцца, там і людзі добра жывуць. Развіццё і аптымізацыя — паняцці ўзаемазалежныя.

Апошнім часам на многія адказныя пасады ў раёне назначаны новыя кіраўнікі. Работа па ўдасканаленні кіраўніцкага апарату будзе працягвацца і далей. Хачу падкрэсліць: кадравыя перамены не самамэта, а спроба змяніць сітуацыю ў той ці іншай сферы ў лепшы бок.

Наш раён у чымсьці тыповы, і ў той жа час ён унікальны. А ўнікальнасць ствараюць зноў жа людзі. І сёння можна захапляцца і ўхваляць тых, хто быў ля вытокаў, іх патрыятызм, мэтанакіраванасць. Гэтыя традыцыі павінны працягвацца, быць уласцівы сённяшняму пакаленню і перададзены — будучаму. 70-годдзе Вялікай Перамогі, 75-годдзе Брэсцкай вобласці, юбілей Ляхавіцкага раёна — тыя знакавыя падзеі, якія нельга зводзіць да разавых акцый. Да ўсяго іншага яны павінны стаць школай патрыятызму і грамадзянскасці, у першую чаргу, для моладзі.

Пра прыярытэтныя напрамкі развіцця

– Праграма рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці, эканомікі па-ранейшаму на парадку дня. Так, зроблена маштабная справа — рэканструявана, мадэрнізавана і ўступіла ў строй сучасная вытворчасць на мясцовым ільнозаводзе. Каля 190 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў патрачаны даволі эканомна і вынікова. Сёння прадпрыемства ўжо выходзіць на праектную магутнасць. Выдатныя ўмовы працы, сучасная тэхналогія — тут усё цяпер па-новаму. Натуральна, што павінна быць аддача ў выглядзе высакаякаснай прадукцыі ў належных аб’ёмах, росце рэнтабельнасці вытворчасці, выхадзе са стратнасці, ва ўсім тым, што ставіць мэтай маштабная мадэрнізацыя.

У нас ёсць выдатны прыклад — СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Прадпрыемства трывалае, перадавое, робіць гонар не толькі раёну, але з году ў год застаецца сярод абласных і рэспубліканскіх лідараў.

А вось кансервавы завод чакае інтэнсіўная праца па мадэрнізацыі вытворчасці. Гэта датычыць і прыярытэтнай галіны раённага народнагаспадарчага комплексу — жывёлагадоўчай.

Што датычыць сацыяльнай сферы, то працягваецца аптымізацыя ў сістэме адукацыі. Інакш нельга: у раёне самае дарагое ў вобласці ўтрыманне з разліку на аднаго вучня менавіта з-за наяўнасці школ з малой колькасцю вучняў. Аптымізацыя закране сістэму аховы здароўя, установы культуры. Але ва ўсіх пачынаннях прыярытэтнымі застаюцца інтарэсы людзей, клопат пра іх.

Пра гандлёвае абслугоўванне і прадпрымальніцтва

— Перспектывы тут вядомыя: у раёне будуць створаны ўмовы для роўнага развіцця дзяржаўнага і прыватнага сектараў эканомікі, канешне, у рамках закона. У нас ёсць выдатныя прыклады, калі так званая “свая справа” спрыяе развіццю рэгіёна, умацоўвае эканоміку, якая заўсёды павінна быць першаснай, дае новыя рабочыя месцы. Назаву добра вядомыя адрасы: ТАА “Трансэлектракамплект”, ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”, ТАА “Ажуруна”. Не так даўно з’явілася новая для нашага раёна металургічная вытворчасць. Ёсць іншыя рэалізаваныя напрацоўкі і тыя, якія пакуль у планах. Мясцовая ўлада падтрымлівае цікавыя пачынанні і ініцыятывы.

Што датычыць гандлёвага абслугоўвання, то падыход тут просты: насельніцтва павінна быць забяспечана неабходнымі таварамі па даступных цэнах на іх і ў дастатковай колькасці гандлёвых аб’ектаў. І не важна, да якой формы ўласнасці гэтыя аб’екты адносяцца. Галоўнае — вынік.

Пра рэарганізацыю  сельгасвытворчасці

– Не сакрэт, што ў раёне ёсць эканамічна слабыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Але калі далучыць бедняка да бедняка, станоўчага эфекту не будзе. Неабходна базіснае развіццё сельгаспрадпрыемстваў: мадэрнізацыя, укараненне новых прагрэсіўных тэхналогій гаспадарання, зрэшты, як і ва ўсіх галінах, мадэрнізацыя мыслення. Трэба адысці ад “хлеўных” тэхналогій. На жаль, упушчаны вялікія магчымасці: калі можна было атрымаць ільготныя крэдыты на аднаўленне і развіццё сельгасвытворчасці і, у прыватнасці, жывёлагадоўчай галіны, у раёне асаблівай актыўнасці не праявілі. Сёння з 28 малочнатаварных фермаў па сутнасці толькі 2 адпавядаюць новым тэхналагічным патрабаванням. Але не ўсё залежыць ад крэдытаў. Скажу так: ёсць добры кіраўнік, здольны арганізаваць калектыў, – развіваецца і вытворчасць. Напрыклад, у СВК “Ляхавіцкі” прыродная бальнасць зямлі прыкладна такая ж, як і ў СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”. Аднак у “Ляхавіцкім” дзесяцігоддзямі настойліва працавалі над павышэннем урадлівасці ўгоддзяў. Таму і ўраджайнасць сельгаскультур тут лепшая, чым на самых багатых землях. У іншых названых сельгаскааператывах сітуацыя супрацьлеглая. Дзяржава ў свой час затраціла велізарныя сродкі, калі пабудавала ў гэтай мясцовасці прыгожыя пасёлкі з развітай інфраструктурай. Аднак вытворчай аддачы сёння няма. Для таго, каб змяніць сітуацыю, улада робіць рашучыя крокі ў гэтым накірунку. Мяняецца кіраўніцтва, метады гаспадарання. Вынікі ёсць. У СВК “Востраў-Агра” пашчыравалі на нарыхтоўцы кармоў – павялічыліся надоі малака, а гэта – жывыя грошы. Калі скласці бізнес-план, правесці аптымізацыю, гаспадарка можа значна палепшыць свае вынікі. Важна зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі і вымусіць людзей мысліць па-новаму. Некаторыя кіраўнікі гаспадарак скардзяцца на недахоп кадраў. Між тым, калі аптымізаваць штаты, правільна размеркаваць функцыі і паставіць задачы, гэтай праблемы не стане. Аптымізацыя вытворчасці – крок да таго, каб эканоміка запрацавала. Людзей у нас хапае, таленавітых – таксама. А вось кіраўніка трэба мэтанакіравана рыхтаваць: эфектыўна кіраваць можна тым, што ўмееш рабіць сам.

Пра будаўніцтва жылля

– Жыллё ў раёне ўзводзіцца, і гэта добрая прыкмета. У райвыканкаме вядзецца ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Сёння стаць уладальнікам квадратных метраў можна некалькімі спосабамі. У тым ліку, напрыклад, узяць участак пад індывідуальнае будаўніцтва.

Па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 35 хутка будзе здадзены ў эксплуатацыю шматпавярховы жылы дом, узведзены па дзяржзаказе. 40 сем’яў, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стануць гаспадарамі асобных кватэр.

Леніна, 56 – гэта адрас яшчэ аднаго наваселля. У будынку былога інтэрната каледжа праведзена рэканструкцыя другога і трэцяга паверхаў. У выніку жыллёвы фонд райцэнтра папаўняецца 14 арэнднымі кватэрамі, трэць з якіх будзе перададзена маладым спецыялістам аховы здароўя. Каб гэта падзея адбылася, з раённага бюджэту было выдаткавана больш за 7 мільярдаў рублёў. Дарэчы, будаўніцтва арэндных кватэр у горадзе гэтым домам не заканчваецца.

Наогул, у раёне за мінулы год было ўведзена ў эксплуатацыю 11076 квадратных метраў агульнай плошчы жылля (у 2011 годзе – 12765 квадратаў, 2012 – 7531, 2013 годзе – 11563). Сёлета ў раёне неабходна здаць 9 000 квадратных метраў жылля.

Пра добраўпарадкаванне

– На падрыхтоўку горада да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” былі накіраваны значныя сродкі з бюджэту. Нас сур’ёзна падтрымалі, дапамаглі прывесці райцэнтр у парадак. Сёння ён хутчэй нагадвае невялікі еўрапейскі гарадок. Выканана, можна сказаць, праграма-мінімум. І, канешне, у гэтым накірунку трэба працаваць далей.

Улічваючы няпростую эканамічную сітуацыю, у бліжэйшы час у краіне прыпынена будаўніцтва новых аб’ектаў. Неабходна сканцэнтравацца на завяршэнні пачатых, давесці да ладу старое, адрамантаваць, рэканструяваць. Такую задачу паставіў Кіраўнік дзяржавы. Таму, напрыклад, з басейнам землякам давядзецца пачакаць.

У раёне распрацавана праграма па добраўпарадкаванні, бягучым і капітальным рамонце жылога фонду, інфраструктуры, інжынерных сетак, зацверджаны перспектыўныя планы на 2014-2020 гады. Згодна іх летась капітальна адрамантаваны шматкватэрнік па вуліцы Южакова,4 у райцэнтры. Заменены дах у шматкватэрным доме ў Задвор’і, работы на гэтым доме адновяцца сёлета. Запланаваны капрамонт шматкватэрніка ў Тальмінавічах. Працягнецца рэканструкцыя вуліцы Южакова – да выезду з горада. Будзе прадоўжана работа па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый у раёне вуліц Южакова-Будаўнікоў. У планах – рэканструкцыя вуліц 60 гадоў Кастрычніка і Янкі Купалы. Шмат увагі будзе надавацца азеляненню населеных пунктаў.

У бліжэйшы час вернемся да пытання продажу былога будынка міліцыі, які сёння знаходзіцца ў аварыйным стане. Будынак паліклінікі, дзе раней размяшчаўся касцёл, плануем перадаць на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Што датычыць сямейнага кафэ, то яго мяркуем зрабіць ва ўніверсаме райпо. Вырашаем лёс і былой студэнцкай сталовай, хутчэй за ўсё, будынак будзе прададзены з умовай арганізацыі тут пункта грамадскага харчавання або гандлёвага аб’екта. У былым інтэрнаце побач са сталовай на першым паверсе з’явіцца гандлёва-забаўляльны цэнтр, на трох паверхах размесціцца жыллё.

Наогул, у планах многае: прывесці ў парадак вуліцу Камсамольскую, добраўпарадкаваць гарадскую набярэжную. Дарэчы, вырашаецца і праблема з забаронай на купанне на гарадской зоне адпачынку, адзін з крокаў – закуп 5 тон белага амура, які “будзе чысціць” вадаём ад водарасцяў.

Неабходна нарэшце зняць набалелае пытанне фарміравання пешаходнай зоны па вуліцы Арлоўскага ад гімназіі да дзіцячага сада, там запланавана будаўніцтва пешаходнай і веладарожкі. Працягнецца работа на інжынерных сетках на вуліцы Чэхава ў раёне індывідуальнай забудовы. Будзем таксама наводзіць парадак, у тым ліку ўбіраць несанкцыянаваныя гаражы і іншыя пабудовы ў цэнтры горада.

Ляхавічы павінны быць зручнымі, бяспечнымі і камфортнымі для жыцця. Для гэтага робіцца і будзе рабіцца ўсё. Зразумела, зыходзячы з фінансавых магчымасцяў. Улада спадзяецца на разуменне і дапамогу саміх жыхароў у захаванні зробленага і падтрыманні парадку ў горадзе і вёсках.

Пра мары

– Хочацца, каб людзі прыязджалі на Ляхавіччыну і заставаліся тут жыць. Каб у сем’ях нараджаліся дзеці, і ў нашым горадзе з’явілася чацвёртая школа. А яшчэ – уся неабходная інфраструктура, у тым ліку гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры. Тады нашым людзям не захочацца і не трэба будзе выязджаць у іншыя гарады ні за адзеннем, ні за адпачынкам, ні за тэхнікай і рознымі гаспадарчымі дробязямі.

Гэта не навіна: каб людзі ад душы працавалі, трэба стварыць для іх дастойныя ўмовы жыцця. А гэтыя самыя ўмовы не з’яўляюцца самі па сабе. Яны – заканамерны вынік работы ўсёй эканомікі і вытворчасці, сацыяльнай сферы і бізнесу. Усіх нас – кожнага на сваім працоўным месцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *