Дарагія мае землякі

Прытуліўся да Палесся блаславенны куточак ляхавіцкай зямлі. Ды што там прытуліўся – ён і ёсць пачатак гэтага беларускага прыроднага феномена, які называюць лёгкімі планеты і які славіцца чыстымі азёрамі, журавінавымі россыпамі, запаветнымі лясамі і балотамі, непаўторнай прагажосці пейзажамі. Ад Свяціцы, Вострава, Ліпска і пачынаецца гэты цуд. Тут жа, ад Выганашчанскага возера, што размешчана на мяжы трох раёнаў – нашага, Ганцавіцкага і Івацэвіцкага, бярэ свой плынны шлях канал Агінскага. Невялікі ляхавіцкі рэгіён кампактны – 0,6 працэнта тэрыторыі краіны, размясціўся ад Тухавіч да Адахаўшчыны, ад Дарава да Жарабковіч, ад Тальмінавіч да Кулікоў. Але менавіта ў нас праходзіць водараздзел Балтыйскага і Чорнага мораў, у нас багатыя тарфяныя залежы, свае “чырванакніжнікі”, шчодрыя сенажаці. Свая геаграфія і свая біяграфія, у якой і гісторыя, і дзень сённяшні, поўныя падзей і лёсаў.

Па апошняй статыстычнай інфармацыі, у раёне пражывае каля 27400 чалавек. Усяго тры дзесятых працэнта ад насельніцтва краіны. Такая вось вялікая-невялікая сям’я. Людзі-суседзі, землякі аб’яднаны не толькі агульным адрасам, але і асаблівым пачуццём да месца пад сонцам, якое стала тваім домам. Хаця, удакладнім для аб’ектыўнасці, дарагіх маіх землякоў значна больш: хтосьці памяняў месца жыхарства пасля вучобы, па сямейных абставінах, па працоўным інтарэсе… І нават не толькі ў Беларусі “нашы ляхавіцкія” — бывае, далёка за яе межамі, але з любоўю да сваёй малой радзімы. Пранізліва пяшчотна і лірычна выказаў любоў да яе пісьменнік, паэт, журналіст Алесь Бадак: “Вельмі шкада, што ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова палюбіў бы яго. Палюбіў бы задумлівы гарадок з нягучнаю назваю Ляхавічы. Палюбіў бы сціплыя, мудрыя вёсачкі з тутэйшымі шчодрымі і працавітымі людзьмі. Бо шчодрасць і працавітасць на гэтай зямлі перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.

І так, напэўна, было заўсёды.

І вельмі хочацца верыць, што так будзе і надалей, пакуль не перавядзецца апошні род маіх гасцінных і шчырых землякоў…”

Гісторыю ствараюць людзі. Гэта дзякуючы ім, не вельмі даўно (але ўжо ў мінулым тысячагоддзі) лепшыя працоўныя калектывы не аднойчы станавіліся ўдзельнікамі ВДНГ СССР і вярталіся дамоў адтуль медалістамі. І народнаму Падлескаму хору Крамлёўскі Палац з’ездаў апладзіраваў стоячы. Шмат працавалі і шмат вучыліся, ішлі на рэкорды, будавалі, а самае галоўнае — заваявалі Вялікую Перамогу, чый юбілей адзначым сёлета. Бязмежная ўдзячнасць пакаленню, якое змагло, здолела зрабіць усё гэта. Сёлета звання “Ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці” ўдастоены былы кіраўнік нашага раёна Віктар Бурскі. Летась “Чалавекам года” зноў жа вобласці названы дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслаў Жукоўскі. Годам раней гэтага гонару быў удастоены дырэктар аўтацэнтра “Вікторыя” Віктар Шчука.

Бацька, сын, унук: старшыня СВК «Ляхавіцкі» Аляксандр Вітко, намеснік старшыні Іван Вітко, галоўны аграном Аляксандр Шымкевіч.

Адным з брэндаў раёна даўно і па праву стаў заможны СВК “Ляхавіцкі”, і ва многім дзякуючы старшыні Аляксандру Вітко – выдатнаму кіраўніку, арганізатару і да таго ж заснавальніку сямейнай дынастыі: поруч працуюць сын Іван Вітко, ён жа намеснік старшыні, унук Аляксандр Шымкевіч – галоўны аграном, жонка ўнука Анастасія – аграном-насеннявод…

У сваім творчым праекце “Аповесць пра Ляхавічы ў маналогах ляхавічан” летась раёнка расказала пра мясцовы эксклюзіў – пра тое, што адрознівае наш раён ад іншых, і пра тое, як гісторыя цесна звязана з днём сённяшнім, і наколькі ўплывае на наша заўтра. Ветэран Вялікай Айчыннай Дзмітрый Буйкевіч разважаў пра лёс ягонай Свяціцы – вёскі, якая ў вайну была спалена фашыстамі, пасля вызвалення адбудавана землякамі. Дзеючымі асобамі “Аповесці” сталі Герой Сацыялістычнай Працы, кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Генрых Траццяк; апантаны ўсім, што звязана з дзецьмі і аздараўленчым лагерам “Чайка”, яго дырэктар Надзея Патапчык; чэмпіён Еўропы, ураджэнец Ліпска, грамадзянін Расіі, мецэнат, заснавальнік штогадовага турніру на прыз яго імя, які праводзіцца ў Ляхавічах, Генадзій Валюкевіч; улюбёная ў педагогіку, па-ранейшаму актыўная і нераўнадушная, хаця даўно на пенсіі, заслужаная настаўніца Марыя Махнавец – у мінулым выпускніца, а потым выкладчыца СШ № 1. У нас нават свой святы ёсць – ураджэнец Падлесся, ў міру Раман Шахмуць быў кананізаваны, і сёння мы молімся Святому Серафіму Жыровіцкаму. І алімпійскі, дакладней, паралімпійскі чэмпіён з Ляхавіччыны – гонар асаблівы: Дзмітрый Лобан у Ванкуверы ўзяў “бронзу” ў лыжных гонках, а потым у Беларусі ў адкрытым публічным конкурсе “Трыумф. Героям спорту” ў намінацыі “За волю да Перамогі” прызнаны лепшым. А яшчэ адна з дзвюх мусульманскіх суполак Брэстчыны ляхавіцкая і адна з буйнейшых у рэспубліцы торфабрыкетных вытворчасцяў з’яўляецца цёзкай раёна…

Вячаслаў Жукоўскі – кіраўнік, які здолеў стварыць узорны калектыў і ўзорную вытворчасць.

Колькі лёсаў – столькі сюжэтаў. Ляхавічане… Звычайныя і асаблівыя, з адкрытым чулым сэрцам і поўнымі каштоўных таямніц душамі, у якіх багата дабрыні, спагады, мудрасці, талентаў і, канешне, любві да сваёй радзімы. Захапляемся творчасцю нашага земляка, паэта, літаратара Леаніда Пранчака, мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Адама Мурзіча. Ганарымся тым, што малая радзіма сусветнавядомага рэжысёра Міхаіла Пташука – вёска Федзюкі нашага раёна, што вялікую матэрыялізаваную шматлікімі гістарычнымі адкрыццямі памяць пакінуў пасля сябе цудоўны чалавек і гісторык у другім пакаленні Віталь Скалабан… Гэта толькі некалькі непаўторных сусветаў з ляхавіцкімі каранямі. Калі гаварыць шчыра, то кожны чалавек – сусвет, і кожны жыццём сваім, памкненнямі і справамі піша радкі ў хроніцы быцця.

Сучаснік, зямляк – значыць разам у часе, побач. Такі вось злучальны, аб’ядноўваючы шлях па жыццёвай сцяжыне. Хтосьці “адказны за наваселлі” ўзводзіць будынкі, хтосьці выбраў формай рабочага адзення медыцынскі халат, кагосьці ўсё жыццё кліча на ўрокі школьны званок, а нехта вырошчвае непераўзыдзены па важнасці і важкасці, ва ўсе часы галоўны прадукт – хлеб ці піша вершы або працуе ў заводскім цэху, праектуе, наводзіць парадак на вуліцах і ў дварах, спявае са сцэны мясцовага клуба, ідзе на прафесійны ці спартыўны рэкорд… Выйдзіце на вуліцу, азірніцеся, убачце тое, што за прывычнымі клопатамі часам не заўважаецца. І ўсміхніцеся людзям-суседзям, парадуйцеся за шчаслівых закаханых, бесклапотна радасных дзетак, прыгожую моладзь, удзячна павітайце ветэрана…

Аднойчы, 75 гадоў назад, 15 студзеня 1940 года з’явіўся на свет як адміністрацыйная адзінка Ляхавіцкі раён. Тры чвэрці стагоддзя – каронны юбілей. У самыя каштоўныя дыяменты скарбу ўвасоблены справы рук людскіх – маіх дарагіх землякоў.

Былі. Ёсць. Будзем!

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Лепшы прадпрымальнік, «Чалавек года-2013» – гэтай адзнакі Віктар Шчука ўдастоены па праву.

Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк

Мужчынскі характар і воля прывялі Дзмітрыя Лобана да «бронзы» Ванкуверскай Паралімпіяды.

Генадзій Валюкевіч – кумір сваіх юных землякоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *