Падбароччанскае наваселле. У Ляхавіцкім раёне здадзена ў эксплуатацыю першая чарга Падбароччанскага комплексу

У даільнай зале Падбароччанскага комплексу.

На фоне зімовага лесу ярка пафарбаваныя будынкі жывёлагадоўчай фермы выглядаюць святочна. Але ж тут і сапраўды падзея: здадзена ў эксплуатацыю першая чарга Падбароччанскага комплексу, разлічанага на ўтрыманне 600 жывёл. Пакуль што наваселле адбылося ў адным памяшканні: тут зімуюць 126 нецеляў. Умовы ўтрымання самыя камфортныя: цёпла, прасторна, збалансаваныя рацыёны, кармавы стол запаўняе механізаваны раздатчык.

Непадалёку адміністрацыйнае памяшканне. Загадчыца МТФ Мая Зайцава, не хаваючы радасці, знаёміла з кабінетамі спецыялістаў, паказала пакой для адпачынку даярак, ёсць санвузлы, душавыя.

— Гатовая да работы даільная зала,— расказвае загадчыца. – Тут камп’ютарнае кіраванне і нават падлога з падагрэвам. Адразу будуць даіцца 28 кароў. У малочным блоку ўстаноўлены 2 халадзільнікі. У нас цяпер усё па-новаму, таму спадзяёмся, што і вынікі працы будуць радаваць.

Неўзабаве на Падбароччанскую ферму перавядуць 186 кароў, якіх будуць абслугоўваць 3 даяркі (адна падменная).

ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” плануе адразу прыступіць да будаўніцтва жывёлагадоўчага памяшкання, дзе будуць пастаўлены на ўтрыманне яшчэ 400 кароў. Зразумела, што і кармавыя запасы для такога комплексу павінны захоўвацца побач: адна сянажная траншэя ўжо гатова, яшчэ тры – у планах.

Вясной рыхтуюцца здаць у эксплуатацыю другую чаргу комплексу. Калі першыя тоны малака адсюль адправяцца на перапрацоўку, можна будзе сказаць, што ў раёне запрацаваў па новых тэхналогіях яшчэ адзін жывёлагадоўчы комплекс.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *