Стары льнозавод у новым вымярэнні

У новым цэху.

Знакавым для ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” стаў 2014 год. Прадпрыемства было ўключана ў дзяржаўную праграму мадэрнізацыі вытворчасці і атрымала льготны крэдыт на закупку новага сучаснага абсталявання і ўзвядзення пад яго памяшканняў. У маштабную мадэрнізацыю ўкладзена больш за 190 мільярдаў рублёў.

Завод нібы нанова нарадзіўся. Кардынальнае абнаўленне дазваляе калетыву з аптымізмам глядзець ў заўтра. Пабудаваны прасторны вытворчы корпус, новыя шохі і кацельня, значна палепшыліся ўмовы працы і да мінімуму зведзена доля ручной – работа цэху аўтаматызавана. Устаноўлена высокапрадукцыйная сучасная лінія па вытворчасці льновалакна (на такой жа паспяхова працуюць на Пружанскім ільнозаводзе), што дазволіла павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі льнотрасты да 10000 тон у год і атрымліваць большую колькасць доўгага валакна. Аб’ём пропуску льнотрасты ў гадзіну павялічыўся ў 3 разы. Абноўлены аўтавагі, трансфарматарная падстанцыя і супрацьпажарная помпавая станцыя, цеплапункт і ўчастак брыкетавання адходаў, іншыя аб’екты. Добраўпарадкавана тэрыторыя завода.

Новыя фільтр-камеры забяспечваюць дасканалую ачыстку паветра падчас перапрацоўкі трасты.

Тэхнічнае абнаўленне ўжо дае чаканы плён. За 4-ы квартал ільнозавод перапрацаваў 1171 тону трасты, вырабіў 169 тон доўгага валакна і 156 тон кароткага.

Развіваюцца стасункі на ўнутраным рынку, актывізуецца і экспарт.

Не прымусілі чакаць сябе і новыя партнёры. Акрамя Расіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі доўгае валакно адпраўляецца ў Кітай.

Сёння льнаводы закладваюць аснову будучага ўраджаю – рыхтуюць глебу пад пасевы льну. Разумеюць, што 80 працэнтаў поспеху ў рабоце новай лініі будзе залежаць менавіта ад якасці і колькасці сыравіны, а значыць – ад выніковай працы ў полі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *