На детях в Ляховичском районе не экономят

Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” аб’яднала дарослых у жаданні падарыць яркія імгненні радасці і шчасця дзецям. Калектывы, нераўнадушныя ляхавічане і валанцёры, спонсары актыўна далучаліся да дабрачыннага марафону.

З пачатку снежня ў раёне праводзіліся шматлікія ранішнікі з пачастункамі і сюрпрызамі. Але гэтым стварэнне святочнага настрою не абмежавалася. Дзіцячым дамам сямейнага тыпу перад самым Новым годам былі перададзены падарункі ад райвыканкама. Цацкі, канструктары і г.д. ад раённай улады адправіліся ў дашкольныя ўстановы раёна. Гарадскім дзіцячым садам сёлета падарылі і тэлевізары.

Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская, дзяржаўны клопат пра дзяцей не мае тэрмінаў і часу: пастаянна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база навучальных і дашкольных устаноў раёна, праводзяцца іх рамонт і мадэрнізацыя. Аўтамабіль з тэрмафургонам, 2 камп’ютарныя класы, мультымедыйныя сістэмы, спортінвентар, абсталяванне для харчаблокаў, камп’ютарных класаў і іншае – усяго амаль на паўтара мільярда рублёў з раённага бюджэту – гэта не поўны пералік абновак да навучальнага года для школ.

Ва ўсіх 18 школах раёна напрыканцы верасня ўстаноўлены камеры відэаназірання для забеспячэння бяспекі школьнікаў. За кошт абласнога ўпраўлення адукацыі Ляхавіччына набыла 2 аўтобусы для падвозу дзяцей у школу.

Выдатны падарунак сёлета атрымала Крывошынская СШ. У школе зроблены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, на што з раённага бюджэту было выдаткавана больш за 3,5 мільярда рублёў. Выхаванцы аздараўленчага лагера “Чайка” мінулым летам ужо ацанілі “абноўку” – гігіенічныя працэдуры прымалі пад новым навесам, на ўзвядзенне якога з мясцовага бюджэту пайшло 155 мільёнаў рублёў.

СШ №1 чакае новую “начынку” ў кабінет фізікі. Камплектацыя і ўстаноўка, дарэчы, пачалася.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *