З крыніц спрадвечных. З кожным годам Ляхавіччына становіцца багацейшай на культурныя падзеі

Спявае фальклорны калектыў «Таямніца» Жарабковіцкага СДК.

З кожным годам Ляхавіччына становіцца багацейшай на культурныя падзеі. Асаблівым і значным на фоне росквіту раённых талентаў стала святкаванне 75-гадовага юбілею славутага, непаўторнага, калісьці вядомага на ўвесь СССР Падлескага народнага хору (ён быў створаны ў 1939 годзе). Заснавальнікам і натхняльнікам стаў Генадзь Цітовіч — легенда беларускага песеннага мастацтва. У знак удзячнасці і пашаны да Генадзія Іванавіча адна з вуліц райцэнтра названа ў яго гонар. Цудоўна, што некаторыя ўдзельніцы першых саставаў хору перадаюць сваім маладым пераемнікам любоў да фальклору, мілагучнай беларускай песні.

Пераемнасць пакаленняў — вызначальная рыса Ляхавіччыны культурнай. Набывае ўсё большую папулярнасць свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных”, на якім сваім майстэрствам і творчасцю радуюць не толькі спевакі і танцоры, але і майстры ганчарнай справы, саломапляцення, вышыўкі, ткацтва. Усё больш прыхільнікаў самадзейнай творчасці збіраюць традыцыйныя фестывалі і конкурсы. Сярод іх свята дзіцячай творчасці “Вясёлка дзяцінства”, народныя абрады “Гуканне вясны” і “Сёмуха” (у 2014 у ваколіцах аграгарадка Дарава яно адбылося ўпершыню), конкурс патрыятычнай, ваеннай і афганскай песні “Памяць”.

Нашы землякі паспяхова выступаюць не толькі ў сябе дома, але на абласных, рэспубліканскіх і нават замежных сцэнічных пляцоўках, зрываючы апладысменты слухачоў і гледачоў, становяцца пераможцамі і дыпламантамі фестываляў і конкурсаў. Хутка наш Андрэй Цямчык, мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК, будзе змагацца за права прадстаўляць Беларусь на “Славянскім базары” ў Віцебску: ён ужо стаў пераможцам абласнога адборачнага тура. Такіх, як Андрэй, на Ляхавіччыне нямала. 12 народных, 4 узорныя і адзін заслужаны калектывы – таму яскравае пацвярджэнне!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *