Цяпло па правілах

У халодны час года ў зводках надзвычайных сітуацый час ад часу з’яўляюцца паведамленні пра тое, што адбыўся выбух ацяпляльнага бытавога катла. За апошнія 5 гадоў зарэгістравана 45 падобных фактаў, 9 – ужо сёлета. 2 чалавекі атруціліся чадным газам.

У зону рызыкі ў асноўным трапляюць прыборы, якія працуюць не пастаянна, а эпізадычна. Іх слабыя месцы – там, дзе сістэму ацяплення можа “прыхапіць” марозам: расшыральныя бакі, цыркуляцыйныя трубы, халодныя памяшканні накшталт гарышча. Асноўная прычына, па якой узрываюцца катлы, – замярзанне сістэмы ацяплення. У лепшым выпадку наступствам такой сітуацыі становіцца выбітае шкло, у горшым – разбураюцца канструкцыі памяшкання, могуць пацярпець людзі.

Для зніжэння рызыкі замярзання трубаправодаў катла і сістэмы ацяп-лення правілы бяспекі патрабуюць ад уладальнікаў вадагрэйных катлоў , каб мантаж і наладку сістэм ацяплення праводзілі толькі спецыялізаваныя арганізацыі, зарэгістраваныя на тэрыторыі краіны, якія  маюць адпаведны дазвол (ліцэнзію) Дзяржпрамнагляду на выкананне згаданага віду работ. Пры гэтым супрацоўнікі арганізацыі павінны правесці навучанне ўладальніка правілам бяспечнай эксплуатацыі катла і ацяпляльнай сістэмы, унесці адзнаку пра гэта ў пашпарт катла.

Перад пускам прыбора домаўладальнік павінен пераканацца ў тым, што запорныя сістэмы адчынены адразу на двух трубаправодах: тым, што падае цепланосьбіт у кацёл, і тым, што адводзіць яго з катла. Адчыніць патрэбна і ўсе запорныя ўстройствы, устаноўленыя на сістэме ацяплення. З ніжняга аддзялення коміна неабходна выдаліць кандэнсат. Гэта дапаможа пазбегнуць атручэння чадным газам. Трэба абавязкова рэгулярна правяраць стан агалоўка коміна і каналаў дымахода. Каб высветліць, ці не замерзла сістэма, перад распальваннем катла неабходна адкрыць лінію яе падсілкоўвання і кантрольную лінію запаўнення расшыральнага бака.

Што рабіць, калі з кантрольнай лініі сістэмы ацяплення вада не пайшла? Калі ціск у катле бесперапынна расце і дасягае паказчыка ціску водаправоднай сеткі, значыць сістэма замерзла. Распальваць кацёл у такім выпадку катэгарычна забараняецца. Трэба вызначыць прыкладнае месца замярзання і паспрабаваць адагрэць яго (толькі ні ў якім разе не з дапамогай адкрытага агню!). Калі вада пайшла з кантрольнай лініі, пачынайце распальваць кацёл, пры гэтым кантралюйце паказанні манометра. Калі ціск у сістэме набліжаецца да максімальна дапушчальнага, падачу паліва трэба тэрмінова спыніць.

Здараецца, што замярзае ўстаноўлены на гарышчы кацёл. Паспрабаваць адагрэць яго можна, напрыклад, гарачай вадой. Калі пры разагрэве з паверхні нагрэву катла пойдзе вада, гэта азначае, што прыбор разгерметызаваўся і яму неабходны рамонт у майстэрні, дзе спецыялісты маюць адпаведны дазвол.

Асаблівую трывогу выклікае эксплуатацыя катлоў, зробленых так званымі народнымі ўмельцамі. За апошнія 5 гадоў узарваліся 8 самаробных катлоў.

Дзяржпрамнагляд папярэджвае: не карыстайцеся самаробнымі прыборамі і не давярайце ўстаноўку сертыфікаваных цеплавых агрэгатаў асобам без спецыяльнай кваліфікацыі. Сэканомленыя такім чынам грошы могуць адгукнуцца пажарам, разбурэннем ці нават цяжкімі траўмамі.

Васілій ПАЎЛЮШЧАНКА,

галоўны дзяржінспектар

аддзела нагляду абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *