Час разумных ініцыятыў. Уражаннямі аб рабоце 42-га з’езда ГА «БРСМ» падзялілася яго ўдзельніца

20 студзеня – у Мінску адбыўся 42-і з’езд грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Форум такога кшталту збіраецца раз у 3 гады. Сёлетні — асаблівы, праходзіў у фармаце адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”.

Для ўдзелу ў з’ездзе былі дэлегаваны лепшыя з лепшых прадстаўнікоў самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны. Уражаннямі аб рабоце форуму з чытачамі “ЛВ” падзялілася яго ўдзельніца – першы сакратар райкама БРСМ Тамара ПРАКАП’ЮК:

— Сімвалічна, што пачаткам разнастайнай праграмы з’езда стала грамадзянска-патрыятычная акцыя “Мы помнім і ганарымся!”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Бээрэсэмаўцы ўсклалі вянкі і кветкі да манумента Перамогі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у гады вайны. Потым у кінатэатры “Кастрычнік” была сустрэча з аўтарамі і вядучымі акцёрамі стужкі “Дзяржаўная граніца. Фільм дзявяты: Кур’еры страху”. З цікавасцю пазнаёміліся з выставай патрыятычных фотаздымкаў “Разам дом пабудуем”, якая дэманстравалася ў Палацы Рэспублікі.

Асноўныя мерапрыемствы адбыліся 20 студзеня. Акрамя дэлегатаў з’езда, партнёраў БРСМ з маладзёжных арганізацый Беларусі, Расіі, Казахстана і Латвіі, каля тысячы юнакоў і дзяўчат удзельнічалі ў яго рабоце з дапамогай відэаканферэнцыі.

Запамінальна прайшла прэзентацыя новага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі!”. Яго сімвал — яблыневы цвет – увасабленне росквіту і поспеху суверэннай незалежнай Беларусі. Выбар такога сімвала невыпадковы. У ім і свежасць квітнеючага яблыневага саду, і чаканне шчодрага ўраджаю. У беларускага народа яблыневы цвет звязаны яшчэ і з вялікім маем, Вялікай Перамогай, што дазволілі і сёння ўяўляць маладую Беларусь квітнеючым садам, які трэба любіць, беражліва даглядаць, каб атрымаць багаты ўраджай. Так прадставіў новы праект выконваючы абавязкі першага сакратара ЦК БРСМ Андрэй Белякоў. Яблыневы цвет стаў візітоўкай маладзёжнага руху. Праект прапаноўваецца зрабіць дабрачынным. Яго сімвалы будуць распаўсюджвацца за зусім нязначную плату. Атрыманыя грошы плануецца выкарыстоўваць для аказання адраснай дапамогі ветэранам.

Першы значок у выглядзе чырвона-зялёнай стужкі з яблыневай кветкай у цэнтры быў уручаны Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які прыняў удзел у форуме і падтрымаў гэтую прыгожую ініцыятыву моладзі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць таго, што моладзь адкрыта і ў шырокім саставе распрацоўвае далейшую стратэгію дзейнасці сваёй арганізацыі, дае ацэнку работы кіраўніцтва і актыву. Прэзідэнт адзначыў, што яму цікава пачуць думкі моладзі пра важнае і карыснае для краіны. Што сёння ва ўсім свеце, і Беларусь не выключэнне, запатрабаваны моцныя, самастойныя, мэтанакіраваныя людзі. Яны патрэбны ўсюды – на вытворчасці і ў палітыцы, бізнесе і навуцы, адукацыі і дзяржкіраванні. Гэта рухавік прагрэсу, ад энергіі і магутнасці якога залежыць дынаміка развіцця грамадства. Прэзідэнт паабяцаў падтрымліваць разумныя ініцыятывы маладых. А на з’ездзе іх прагучала нямала: ад удасканалення самой сістэмы правядзення маладзёжнай палітыкі да прапаноў па развіцці канкрэтных накірункаў дзейнасці. Ад дэлегацыі Брэстчыны, напрыклад, паступіла прапанова адраджэння жанра грамадскай лірыкі. Што маецца на ўвазе, была магчымасць пераканацца на ўласныя вочы: песня пра героіку Вялікай Айчыннай вайны суправаджалася вельмі пранікнёнымі відэаролікамі.

Кіраўнік дзяржавы даручыў сваёй Адміністрацыі дасканала прааналізаваць усе прапановы і распрацаваць канкрэтны план рэалізацыі найбольш цікавых і дастойных.

Работа Цэнтральнага камітэта БРСМ па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі была высока ацэнена Кіраўніком дзяржавы і адзначана прэміяй Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. На з’ездзе прынята рашэнне перадаць усю суму прэміі на новы праект БРСМ – стварэнне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.

Вырашаліся і надзённыя пытанні. Унесены змяненні і дапаўненні ў статут арганізацыі, зацверджаны новы ўзор маладзёжнага білета. Акрамя таго, на з’ездзе абраны Цэнтральны камітэт. Першым сакратаром ЦК ГА БРСМ стаў Андрэй Белякоў.

Калі вярталася дамоў, мяне перапаўняла пачуццё гонару, што была ўдзельніцай такой грандыёзнай падзеі. 42-і з’езд БРСМ вызначыў высокую планку дзейнасці маладзёжнага аб’яднання. Але я пераканана, што ўсё павінна атрымацца. Год моладзі – выдатны шанц паказаць сябе праз канкрэтныя справы.

Рада і ганаруся, што ўношу свой уклад у развіццё і пашырэнне бээрэсэмаўскага руху.

Атмасфера на форуме была душэўная, натхняла на новыя ініцыятывы і ідэі. Шмат творчых, таленавітых, жыццярадасных, апантаных людзей сустрэла там. Усе апладысменты выступаючым былі ад душы і шчырымі. Шкада толькі, што непасрэднымі ўдзельнікамі з’езда былі ўсяго каля тысячы дэлегатаў.

“Сёння ваш лепшы час. Ажыццяўляйце свае мары, укладвайцеся ў тое, што вы робіце”, – гэтыя словы Прэзідэнта краіны – наказ нам, бээрэсэмаўцам. Галоўнае — быць патрэбнымі сваёй любімай краіне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *