Спыніць і папярэдзіць

З 1 студзеня ўступіў у сілу Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 «Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў».

Згодна гэтага дакумента ўзмацняюцца крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, а таксама меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў гэтай сферы.

Дэкрэт накіраваны на забеспячэнне абароны жыцця і здароўя беларускіх грамадзян, стварэнне ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спыненне распаўсюджвання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфічнай бяспекі і здароўя нацыі. Комплекс неадкладных мер па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў прадугледжвае максімальную актывізацыю намаганняў дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, добраахвотных дружын, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый.

Павялічаны максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці абцяжваючых прыкмет (напрыклад, учыненыя групай асоб, або адносна асабліва небяспечных наркотыкаў, або ў буйным памеры, або на тэрыторыі ўстановы адукацыі), – з 13 да 15 гадоў; збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму – з 8 да 15 гадоў; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай, – з 15 да 20 гадоў, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах – з 8 да 20 гадоў.

Уведзена крымінальная адказнасць за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, якія прывялі па неасцярожнасці да смерці чалавека ў выніку спажывання ім наркотыкаў (пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў); незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную граніцу Беларусі пры адсутнасці прыкмет кантрабанды (пазбаўленне волі на тэрмін да 12 гадоў). Паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення, знаходжанне на рабочым месцы ў рабочы час у стане наркатычнага ап’янення прыводзіць да максімальнага пакарання ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады.

Зніжаны ўзрост надыходу крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 гадоў.

Уведзена адміністрацыйная адказнасць за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення (штраф у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь); непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай мер па недапушчэнні на дыскатэках, у культурна-забаўляльных (начных) клубах, ігральных установах спажывання наркотыкаў або іх збыту, а таксама за неінфармаванне органаў унутраных спраў пра выяўленыя факты ўчынення такіх дзеянняў (штраф у памеры ад 20 да 50 БВ).

Павялічаны максімальныя памеры штрафаў за знаходжанне на рабочым месцы ў рабочы час у стане наркатычнага ап’янення (з 10 да 12 БВ); спажыванне наркотыкаў без назначэння ўрача ў грамадскім месцы (з 8 да 15 БВ).

Дэкрэтам замацаваны палажэнні, якія даюць магчымасць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесей, спайсаў) і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюджвальнікаў. Прадугледжана ўдакладненне паняцця аналагаў наркотыкаў, якое дае магчымасць адносіць да іх больш шырокі спектр хімічных рэчываў. Максімальна спрошчана працэдура аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў і ўвядзення тым самым забароны на іх незаконны абарот у Беларусі.

У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджвання наркотыкаў з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт замацаваны механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Рашэнне пра такое абмежаванне прымае Мінінфарм на падставе пісьмовых паведамленняў МУС.

З 1 сакавіка 2015 года ў краіне ўводзіцца адзіная сістэма ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі.

Аляксандр ШУЛЯК,

старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці

па наглядзе за аператыўна-вышуковай дзейнасцю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *