Русінавіцкія гаспадыні

Тамара Яраш і Надзея Асаскала.

Некалі, як выганялі ў поле дагледжаную карову, цяля, людзі казалі, што гэта жывёла сапраўднай гаспадыні. Так можна сказаць пра цялятніц СВК “Ляхавіцкі” Тамару Яраш і Надзею Асаскала, бо маладняк, які яны даглядаюць, – на зайздрасць іншым: цяляты здаровыя, укормленыя, аж блішчаць на сонцы.

Надзея мае багаты вопыт догляду за жывёлай: 34 гады то цялят песціла, то нейкі час працавала свінаркай, а пасля зноў перайшла на сваё ранейшае рабочае месца. Ёй пастаўляюць на гадаванне цялят з 2-месячнага ўзросту, і яна шчыруе над імі яшчэ 2 месяцы. Гэта якраз самы складаны перыяд, калі закладваецца аснова здароўя і прадукцыйнасці жывёлы. Таму ў Надзеі ўсё па раскладзе, паенне строга па вызначанай схеме. А яшчэ да кожнага ”малыша” свой падыход: пагладзіць, паразмаўляе, прыкмячае, што не так са здароўем, каб своечасова выклікаць на дапамогу ветфельчара. Праўда, у яе рэдкія выпадкі, калі ўзнікаюць нейкія праблемы. Толькі здаровыя і моцныя жывёлы могуць у суткі прыбываць па 880 грамаў.

Падгадаваных цялят Надзея перадае ў надзейныя рукі сваёй сяброўкі Тамары Яраш. Няхай сабе вопыт работы цялятніцай у яе ўтрая меншы, але яна такая ж добрая гаспадыня, як і Надзея Асаскала. Старанная, вельмі адказная, трымае пад кантролем усе пытанні, якія датычаць гадавання маладняку. Строга па гадзінах, строга па распрацаваных рацыёнах – кармленне, абавязкова выгул, чыстыя стойлы. У рэшце рэшт, сярэднясутачныя прывагі маладняку ад 4 да 10 месяцаў, які так старанна даглядае Тамара, складаюць 828 грамаў.

На першы погляд, у рабоце гэтых жанчын нічога асаблівага: накармілі, напаілі жывёл – уся справа. Але гэта толькі для недасведчаных. Дабіцца поспеху нялёгка. Але магчыма: дзякуючы такім гаспадыням, як Надзея і Тамара, у СВК “Ляхавіцкі” няма праблем з маладняком, прызначаным для аднаўлення статка. Сёння маецца 973 цялушкі — 105 працэнтаў да наяўных кароў у статку сельгаскааператыва.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *