Меню для школы. Арганізацыя гарачага харчавання ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна — тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама

Арганізацыя гарачага харчавання ва ўстановах адукацыі раёна – асноўная тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.

Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Якубоўскай, усе 2914 мясцовых школьнікаў атрымліваюць гарачае харчаванне, 83,6 працэнта — за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, астатнія, у асноўным вучні 5-11 класаў гарадскіх школ, — за кошт бацькоўскай даплаты. Толькі ў мінулым годзе больш за 2 мільярды дзяржаўных грошай пайшло менавіта на школьнае харчаванне. Было адзначана, што з кожным годам паляпшаецца матэрыяльная аснашчанасць харчаблокаў, праводзіцца рамонт, набываецца новае абсталяванне. Разам з тым, патрабуецца капітальны рамонт харчаблока Навасёлкаўскай СШ, іншых навучальных устаноў.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў: перш чым планаваць рамонт ці рэканструкцыю школьных аб’ектаў грамадскага харчавання, неабходна падлічыць усе за і супраць, каб не атрымалася, што значныя бюджэтныя сродкі ідуць на рамонт памяшканняў тых устаноў адукацыі, якія праз год-два закрыюцца ў рамках аптымізацыі.

Большасць прадуктаў харчавання ў школьныя сталовыя пастаўляецца з прадпрыемстваў Ляхавіччыны: малако і малочныя прадукты — з малочнага завода; мяса, хлеб і хлебабулачныя вырабы, садавіна і агародніна – з райпо. Кіраўнік раёна пацікавіўся якасцю пастаўляемай прадукцыі.

Увядзенне сістэмы электроннага меню, бясспрэчна, дае свае плюсы. У прыватнасці, вырашылася актуальная для многіх школ праблема адсутнасці медыцынскай сястры, стала магчымым рэальна адсочваць, куды ідзе бацькоўская аплата на харчаванне дзяцей. Разам з тым, ёсць і мінусы: літаральна ва ўсіх навучальных установах меню цяпер аднолькавае. Напрыклад, калі ў панядзелак каша, то і ў гарадской школе, і ў вясковай яна аўсяная.

Патрабуе дакладнага вывучэння слушная прапанова старшыні райвыканкама аб стварэнні так званага адзінага харчовага цэнтра, дзе пад кіраўніцтвам повараў-прафесіяналаў будуць гатавацца разнастайныя паўфабрыкаты і развозіцца па школах. Дарэчы, арганізаваць такі цэнтр могуць ці райпо, ці прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці і г. д. Па-ранейшаму актуальным застаецца і пытанне адкрыцця ў школах буфетаў.

Намеснік дырэктара Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Аляксандр Каваленка паведаміў, што напачатку лютага плануецца адкрыццё студэнцкай сталовай на 40 месцаў.

Сваім бачаннем работы школьных сталовых падзяліўся галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *