І ў панядзелак гультай, і ў аўторак не працаўнік

Даволі забытае паняцце “дармаед” зноў на слыху. Яно пакуль не замацавана заканадаўча, але пасля таго, як былі агучаны намеры па ўвядзенні для гэтай катэгорыі адміністрацыйнай адказнасці, колькасць усхваляваных будучымі змяненнямі значна павялічылася.

З мэтай прыцягнення да адказнасці асоб, якія нідзе не працуюць, не вучацца, сядзяць на шыі родных, і прыняцця да іх адпаведных мер дапрацоўваецца дэкрэт аб стымуляванні працоўнай занятасці.

Як падкрэсліў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса, на заканадаўчым узроўні прыняты палажэнні аб уліку пры налічэнні працоўнай пенсіі заробку па даных персаніфікаванага ўліку, узмоцнена залежнасць памеру працоўнай пенсіі ад стажу, павышаны ўзрост для звароту за сацыяльнай пенсіяй.

У Брэсцкай вобласці ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя на снежань 2014 года складаў 0,7 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Загадчыца сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла адзначае, што за мінулы год у раёне было зарэгістравана 284 чалавекі ў якасці беспрацоўных. На 25 студзеня сёлета 26 чалавек звярнуліся за садзейнічаннем у пошуках работы. У гэтым статусе яны, як правіла, не затрымліваюцца, чым адрозніваюцца ад тых, хто не абцяжарвае сябе працай. Хаця, па словах Ірыны Уладзіміраўны, 10 чалавек з вышэйназваных, ужо больш за год не працуюць.

Беспрацоўны – гэта працаздольны грамадзянін, які не мае працы і заробку і зарэгістраваны ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама з мэтай пошуку падыходзячага працоўнага месца, шукае яго і гатовы прыступіць да работы. Прычыны, па якіх людзі набылі падобны статус, розныя: нехта атрымаў свабодны дыплом і не здолеў самастойна працаўладкавацца, іншыя былі зволены ў сувязі са скарачэннем штатаў ці ліквідацыяй прадпрыемства і г.д. Па стане на 25 студзеня ў раёне ў такім статусе знаходзіўся 71 чалавек, 26 з якіх пражывае ў райцэнтры, 45 – у сельскай мясцовасці. 44 чалавекі атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі.

На 25 студзеня рынак працы ў раёне налічваў 79 вакансій, з якіх 56 у горадзе і 23 у раёне, 31 прапанова – рабочыя прафесіі. Прычым, сёння няма патрэбы ў некваліфікаванай рабочай сіле. Патрабуюцца арганізацыям раёна 2 аператары машыннага даення, прадавец, галоўны эканаміст, аграном, інжынер і іншыя. Больш за 20 вакансій прапануе цэнтральная раённая бальніца. Наогул, дакладную інфармацыю па працаўладкаванні можна атрымаць у сектары занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ці на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Начальнік інспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне Анатолій Жабік заўважае, што ў нашым раёне адсутнічаюць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія б не плацілі падаткі на працягу 12 месяцаў. Хаця адзначаецца праблема “цякучасці” сярод тых, хто вырашыў займацца сваёй справай – летась ліквідавана дзейнасць каля 70 ІП.

Пры распрацоўцы зака-надаўства важна не пераблытаць дармаедаў з тымі, хто працуе, атрымлівае даход, але не плаціць падаткі. Яны карыс-таюцца паслугамі медыцыны, адукацыі і іншымі і абавязаны плаціць падаходны падатак. Задача дзяржаўнай важнасці – прыцягнуць іх да адпаведных выплат.

Міліцыянеры асаблівую ўвагу надаюць грамадзянам, якія адбылі пакаранне, маюць непагашаную і не знятую судзімасць. Такіх на сёння ў РАУС на ўліку 179 чалавек, з якіх каля 70 працэнтаў маюць працоўнае месца. Старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Аляксей Смаршчок расказвае, што з такой катэгорыяй насельніцтва ў інспекцыі працуюць індывідуальна, дапамагаюць у працаўладкаванні і вырашэнні бытавых пытанняў. Звяртацца можна па тэлефоне 2-45-61.

На 1 студзеня ў раёне спажыўцы камунальных паслуг пратэрмінавалі плацяжы на суму больш за 44 мільёны рублёў. Але, як адзначаюць у камунгасе, не ўсе з іх злосныя неплацельшчыкі. Апошніх у раёне да 20 чалавек. З кожным супрацоўнікі камунальнай гаспадаркі праводзяць індывідуальную работу, нават працаўладкоўваюць да сябе ў арганізацыю, накіроўваюць справы ў суд, даюць растэрміноўку плацяжу. Для кагосьці гэтыя меры маюць вынік – за мінулы год спагнана больш за 46 мільёнаў рублёў доўгу, адзін неплацельшчык выселены судом за даўгі па камунальных паслугах з прадастаўленнем месца пражывання ў іншым населеным пункце.

У раённым аддзеле статыстыкі адзначаюць, што 14640 нашых землякоў знаходзяцца ў працаздольным узросце. Сюды ж “залічаны” студэнты, мнагадзетныя маці і маці, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, і тыя, хто займаецца хатняй гаспадаркай. Афіцыйна працуюць каля 10000 чалавек. Каго лічыць дармаедам і якія меры неабходны для барацьбы з гэтай з’явай? Пытанне сацыяльнае і эканамічнае. Непрацуючыя не ўдзельнічаюць у фарміраванні пенсійнага фонду, а калі падыходзіць час, хочуць, як усе, атрымліваць ад дзяржавы даброты: пенсію, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і г.д. Несправядліва, аднак…

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Праектам дэкрэта аб стымуляванні занятасці прапануецца абавязаць працаздольных грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, выплачваць аднаразовы збор.

Адпаведны дакумент абмяркоўваўся 13 студзеня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі. «Прэзідэнтам дадзены даручэнні аб дапрацоўцы праекта дэкрэта. Кіраўнік дзяржавы даручыў, каб дакумент быў вычарпальны і паўнацэнны для прымянення без усялякіх адсылачных нормаў», — расказаў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч.

Праектам дакумента прапануецца механізм, у адпаведнасці з якім працаздольныя грамадзяне, якія на працягу больш як паўгода не выплачвалі падаткі і, адпаведна, не прымалі ўдзел у фінансаванні дзяржрасходаў, будуць абавязаны раз у год выплачваць аднаразовы збор. На гэты час прапануецца спаганяць яго ў памеры 20 базавых велічынь. За ўхіленне, несвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Адначасова будзе вызначаны шэраг катэгорый грамадзян, якіх вызваляць ад выплаты збору, напрыклад, непрацаздольных або тых, хто займаецца выхаваннем дзяцей.

Пры гэтым размова ідзе аб тым, што адпаведны збор не будзе з’яўляцца нейкай легалізацыяй, напрыклад, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, калі чалавек працуе, але не выплачвае падаткі. У выпадку выяўлення такіх фактаў у адносінах да вінаватых будуць прымацца меры, прадугледжаныя дзеючым заканадаўствам.

Дармаедамі з’яўляюцца і тыя, хто атрымлівае зарплату ў канверце. Аб гэтым у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка.
Паясняючы паняцце сучаснага дармаедства, Сяргей Налівайка сказаў, што з аднаго боку гэта асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а з іншага — «своеасаблівыя сацыяльныя ўтрыманцы, асобы, якія займаюцца нелегальным бізнесам, атрымліваюць зарплату ў канвертах і не ў поўным аб’ёме выплачваюць падаткі».
Разам гэтыя дзве катэгорыі і з’яўляюцца дармаедамі, дадаў міністр.
Сяргей Налівайка адзначыў, што ў праекце дэкрэта аб стымуляванні працоўнай занятасці грамадзян прадугледжана норма, якая дасць магчымасць грамадзяніну даказаць, што ён не з’яўляецца дармаедам. «Грамадзянін мае права прыйсці ў падатковую інспекцыю, прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць, што ён не з’яўляецца дармаедам, што ён удзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, і гэта будзе прынята. Калі нават будзе дапушчана памылка на ўзроўні падатковай інспекцыі, то ў грамадзяніна ёсць права звярнуцца ў суд», — праінфармаваў міністр.
На думку Сяргея Налівайкі, для эфектыўнай барацьбы з дармаедствам неабходна ўзмацняць меры адказнасці, ствараць атмасферу нецярпімасці да гэтай з’явы ў грамадстве, а таксама ўзмацняць прафілактычную работу, у тым ліку па лініі падатковых органаў.

Па матэрыялах БЕЛТА.

One thought on “І ў панядзелак гультай, і ў аўторак не працаўнік

  • 03/02/2015 в 09:41
    Permalink

    Своевременный документ. Давно пора принимать меры против таких граждан. А то получается: они втихаря зарабатывают для себя неплохие деньги, а за счёт доброссовестных плательщиков получают бесплатное медицинское обслуживание, пользуются многими льготами, их дети бесплатно учатся в школе. Несправедливо. однако. Хотя по-прежнему, такия «незаконные» частники продалжают работать не по честному. Взять хотя бы нелегализованные автомастерские в гаражных застройках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *