Пяціпавярховік святкуе юбілей

24 лютага 1998 года быў дадзены старт будаўніцтву ў Ляхавічах новага маладзёжнага жыллёвага будаўнічага кааператыва. Адрасам будаўнічай пляцоўкі стала пустка на заканчэнні вуліцы Чкалава. А літаральна праз два гады (у верасні 2000 года) прыгожы, з сучаснай планіроўкай кватэр пяціпавярховы дом на два пад’езды вітаў першых навасёлаў.
Шмат сіл, энергіі ў станаўленне кааператыва ўклаў яго былы старшыня Уладзімір Трызна, цяпер эстафету падхапіла ініцыятыўная энтузіястка грамадскай справы Алена Валчэцкая. Заўсёды дбае пра інтарэсы сваіх суседзяў па дому бухгалтар Ніна Адаська.
Увогуле, усе жыльцы дома № 23 па вуліцы Чкалава шчыруюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол кааператыва, на лесвічных пляцоўках. Апошнім часам шматпавярховік зазіхацеў новымі фарбамі, якія дадалі добраўпарадкаванасці і ўтульнасці.
У мінулую суботу каля дома № 23 было святочна і весела – кааператыў святкаваў 10-гадовы юбілей. Віталі шчыра ўсіх жыльцоў, асабліва – першую бабулю дома Наталлю Лойка, мнагадзетную матулю Алену Валчэцкую і яе 6-месячную дачушку Сафію, самую сталую жыхарку Фроню Плюцінскую. А яшчэ былі танцы, песні, конкурсы, віктарыны і шчырыя пажаданні жыць яшчэ сто гадоў разам.
Наталля САЛАГУБ, жыхарка дома № 23, вул. Чкалава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *