Тайны машыннага двара. Трэцім лепшым у вобласці прызнаны машынны двор СВК “Тальмінавічы” Ляхавіцкага раёна

Галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Юруць (на пярэднім плане) з падначаленымі Іванам Хлапянікам, Сяргеем Карыхала, Віктарам Багдановічам і Аляксандрам Русіным.

Трэцім лепшым у вобласці прызнаны машынны двор СВК “Тальмінавічы”.  Машынны двор сельскагаспадарчага прадпрыемства з’яўляецца не проста яго цяглавай сілай. Вельмі часта гэта яшчэ і досыць дакладны індыкатар агульнага стану вытворчых спраў. Таму і класічнае “гаспадарка пачынаецца з двара” сёння – у век машын і тэхналогій – актуальна як ніколі. Гаспадарка – з двара, двор – з прахадной.

У выпадку з машдваром СВК “Тальмінавічы” рука гаспадара адчуваецца ўжо тут: механічны прывад цэнтральных варот, на фасадзе дыспетчарскай – “навігатар” у выглядзе кідкай, нельга не заўважыць, схемы размяшчэння аб’ектаў. Яркі фон, рознакаляровыя прамавугольнікі будынкаў і пляцовак, штрыхавая лінія маршруту руху транспартных сродкаў… Заглянем за фасад. Пляцоўка для стаянкі рабочых трактароў і аўтамабіляў некранута белая. Тэхніка раз’ехалася па сваіх маршрутах, а невялікі ранішні сняжок паспеў ужо сцерці сляды яе нядаўняй тут прысутнасці. Цяперашняе кола сельскагаспадарчых клопатаў можна ахарактарызаваць коратка: міжсезонне. Вось і ў тальмінавіцкіх трактароў і трактарыстаў асноўным заняткам з’яўляецца абслугоўванне жывёлагадоўчых ферм, нарыхтоўка і вывазка арганікі.

Злева – закрытыя гаражы для аўтатрактарнай тэхнікі на 4 з паловай дзясяткі пастановачных месцаў. Гэтага з гакам хапае для належнага захоўвання ўсіх наяўных у сельгаскааператыве трактароў і аўтамабіляў. На сёння іх у “Тальмінавічах” 19 і 8 адпаведна. Свежа пафарбаваны, гаражны рад выглядае па-армейску стройна і надзвычай акуратна. Канешне ж, не выклікае сумнення і яго функцыянальнасць. Супрацьлеглы “полюс” тальмінавіцкага машыннага двара выгараджаны і абнавешаны для доўгатэрміновага захоўвання дарагой, складанай і грувасткай уборачнай тэхнікі. Сёння тут у зімовай спячцы знаходзяцца 3 корманарыхтоўчыя і 6 зернеўборачных камбайнаў. Самы “пажылы” з апошніх служыць гаспадарцы ўжо амаль дзясятак сезонаў. А самы «свежы» падобнага кшталту набытак – зернеўборачны КЗС-1218 – гаспадарка зрабіла ў 2013 годзе. Па-мінімуму, з такім уборачным паркам працаваць можна. Хоць, як абмовіліся ў гаспадарцы, пад тальмінавіцкія ўборачныя плошчы дадатковая пара КЗСаў была б зусім не лішняй. Цэнтральнае, і ў сэнсе размяшчэння, і з пункту гледжання значнасці, месца машдвара СВК “Тальмінавічы” займае будынак рамонтна-механічных майстэрняў. Тут ёсць многае і, што яшчэ важней, многія для правядзення якасных і дастаткова глыбокіх рамонтаў самай складанай тэхнікі. Асаблівае месца ў гэтай структуры займае пункт тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і трактароў. Як і павінна баць, ПТА абсталяваны ўсім неабходным для правядзення любых тэхнічных рэгламентаў. У тым ліку і, што тычыцца праверкі, рэгуліроўкі-настройкі элементаў паліўнай апаратуры дызельных рухавікоў. Майстар-наладчык Сяргей Карыхала выступае на гэтым участку і ў якасці камандзіра, і ў ролі галоўнага выканаўцы. Але праца вядзецца пры актыўным удзеле кожнага з механізатараў, слесара. Якасць работ гарантавана.

Прыкладна так, у падобнай танальнасці і ў форме стрыманага захаплення, можна было б прадоўжыць шлях па тэрыторыі машыннага двара СВК “Тальмінавічы”. Усё, што патрабуе ад такіх аб’ектаў стандарт – у “Тальмінавічах” у наяўнасці і ў выдатным ці, як мінумум, добрым стане. Аўтарытэтным таму пацвярджэннем стаў факт прызнання машдвара гаспадаркі “трэцім лепшым” сярод аналагічных структур сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Калегія камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама падвяла вынікі штогадовага агляду-конкурсу добраўпарадкавання машынных двароў за 2014 год і гатоўнасці рамонтнай базы сельгасарганізацый для падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ 2015 года. Дык вось, машдвор СВК “Тальмінавічы” ў гэтым ганаровым спаборніцтве заняў высокае трэцяе месца.

Часцінка працы і заслуга ў тым усяго працоўнага калектыву гаспадаркі. Усе прыклалі сваю руку да поспеху. Адны ўскосна, іншыя непасрэдна. Сярод апошніх у першую чаргу хочацца адзначыць галоўнага інжынера СВК Леаніда Юруця і яго каманду: загадчыка МТП Леаніда Еўтуха, слесара, а калі трэба і механізатара Івана Хлапяніка, маладога але не па ўзросце ўмелага і адказнага механізатара Сяргея Скубяту і ўсіх іншых працаўнікоў “Тальмінавіч” – і па вертыкалі, і па гарызанталі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *