А ў садку — абед

Мы - дзяжурныя!

Знаёмая абмовілася, што дачка заўсёды просіць прыгатаваць так смачна, як у садку. Дзіцячы сад №1 райцэнтра (а менавіта сюды карэспандэнты “ЛВ” завіталі для азнаямлення з асаблівасцямі і ўмовамі харчавання дашкольнікаў) сустрэў прыемным пахам абеду.

Першае, што цікавіць маці, калі яна аддае дзіця ў сад, – якраз-такі харчаванне. Большую частку дня малыя знаходзяцца ў дашкольнай установе. Таму дзіцячы рацыён павінен быць арганізаваны так, каб забяспечыць нармальны рост і развіццё арганізма.

Тры разы на дзень у дашкольнай установе повары гатуюць для 187 хлопчыкаў і дзяўчынак 2-6-гадовага ўзросту, якія займаюцца ў 11 групах, плюс асобнае меню для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Калі з’яўляюцца на пачатку восьмай гадзіны першыя наведвальнікі, установа ажывае. А сняданак практычна ўжо гатовы. Памочнікі выхавальнікаў яго атрымліваюць па ўстаноўленым раскладзе. Раніца пачынаецца з кашы ці макаронаў з сырам або тварожнай запяканкі ці чагосьці падобнага. Па словах загадчыцы сада Людмілы Бародка, дзеці з задавальненнем ядуць кашы грэцкую і рысавую, звараныя на малацэ. Плюс абавязковы бутэрброд: пшанічны хлеб з маслам, з сырам ці з павідлам.

Дзіцячае харчаванне ў раёне знаходзіцца ў кампетэнцыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і пад пільным наглядам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. А вырашае ўсе пытанні цэнтралізаванага забеспячэння прадуктамі садкоў і школ служба харчавання, створаная пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму. У мінулым годзе ва ўсіх гарадскіх дзіцячых садах і трох вясковых укаранёна электронная праграма “МАП”, сёлета плануецца ўстанавіць яе яшчэ ў 10 установах адукацыі. “МАП” падлічвае каларыйнасць страў, падсумоўвае колькасць прадуктаў і іх астатак, вылічвае кошт страў і іншае. Дарэчы, з красавіка 2014 года бацькоўская аплата за харчаванне ў дашкольных установах складае 100 працэнтаў. Бацькі, у адпаведнасці з дзённым коштам харчавання, уносяць перадаплату. Цяпер у яслях яна складае 15410 рублёў у дзень, у старэйшай групе – 19550. Дзяржаўнай падтрымкай карыстаюцца дзеці-інваліды (такіх у раёне 8), і харчуюцца яны бясплатна, 218 выхаванцаў маюць 50-працэнтную льготу ў аплаце (мнагадзетныя сем’і), 101 чалавек – 30-працэнтную льготу (сем’і, дзе выхоўваюцца 2 дашкольнікі). За 2014 год расходы дзяржавы на харчаванне ў дашкольных установах раёна перавысілі 2,5 мільярда рублёў.

Тэхнолаг службы харчавання распрацоўвае прыкладнае меню на 10 дзён, якога дакладна прытрымліваюцца ў садку (стравы гэты час амаль не паўтараюцца). У абавязкі медыцынскага работніка ўваходзіць не толькі кантроль за выкананнем санітарных правілаў і якасці ежы. Медсястры д/с №1 Наталлі Гуляевай трэба так разнастаіць меню, каб не выйсці за межы дзённага бюджэту. Да таго ж, калі ў групе ёсць дзіця-алергік, улічваюцца і яго інтарэсы.

Смачныя стравы дашкольнікаў – справа рук шэф-повара Наталлі Таранда (справа налева) і яе каманды ў складзе Тамары Рабцэвіч і Юліі Шчука.

У падрыхтоўцы да абеду, як і да сняданку і падвячорка, існуе цэлы рытуал. Пачынаючы са студзеня, рабяты з другой малодшай групы дзяжураць па сталовай: раскладаюць сталовыя прыборы, сурвэткі, хлебніцы. Такім чынам прывіваюцца ўменні сервіроўкі і культура прыняцця ежы. Дарэчы, посуд у кожнай групе свой – фарфоравы.

Ежа выдаецца са спецыяльнага акенца харчаблока, уваход у які пабочным асобам забаронены. Яна раскладваецца з пылу з жару.

У дзень наведвання карэспандэнтаў у талерцы садкоўцаў былі салат, суп са свежай капусты, пюрэ бульбяное і катлеты з птушкі (кнэлі), хлеб, запівалі кампотам. У рэйтынгу папулярнасці ў рабят боршч, лянівыя галубцы, сокі і салаты. У дзіцячым рацыёне яны пазначаны першым нумарам. З чаго б салат ні быў прыгатаваны (са свежай капусты ці з марской, буракоў ці морквы), запраўляецца алеем. Улічваючы, што для дзяцей гатуюць толькі дыетычныя стравы, у меню адсутнічае свініна. З мясных страў гатуюцца катлеты, біточкі, гуляш, бефстроганаў. У якасці гарніраў да другіх страў часта выкарыстоўваецца агародніна – адвараная ці тушаная. У гэтым навучальным годзе, як адзначыла Людміла Бародка, 2 тоны бульбы дзіцячаму саду выдзеліў райаграсэрвіс.

Бацькі могуць быць спакойныя: у меню іх хлопчыкаў і дзяўчынак толькі свежыя натуральныя прадукты, прыгатаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі СаНПіН.

Падвячорак дзеці вельмі любяць. Падчас апошняга прыёму ежы ў дашкольнай установе ім могуць даць вафлю ці пячэнне, тварожную запяканку ці бульбяную бабку, яблык, піццё і іншыя стравы.

Улічваючы памер дзённай грашовай нормы, атрымліваецца спалучэнне карыснасці з таннасцю.

Такім чынам, малюнак у дзіцячай талерцы выходзіць здаровы і сонечны. Малых кормяць своечасова, смачна і якасна. А яны – ва ўсякім выпадку многія — у адзін голас зазначаюць, што ў садзіку ежа нават смачней, чым дома.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *