Пытанні першай важнасці

Cустрэчы Кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі – не толькі замежных і цэнтральных, але і рэгіянальных – у Беларусі даўно сталі традыцыйнымі. І кожны раз выклікаюць павышаны інтарэс, шырока абмяркоўваюцца журналістамі, шматлікімі экспертамі ў галіне палітыкі і эканомікі, чытачамі і гледачамі. Для раённага журналіста гэта, без перабольшвання, унікальная магчымасць: далёка не кожнаму ў яго прафесійным жыцці выпадае адчуць на сабе непаўторную атмасферу такіх сустрэч, пачуць адказы на хвалюючыя пытанні з першых вуснаў, на ўласныя вочы пераканацца ў тым, што беларускі Прэзідэнт – асоба і сапраўды надзвычай неардынарная, адкрытая і харызматычная, здольная захапіць і аб’яднаць стваральнымі ідэямі і прапановамі.

Сёлета, збіраючыся ў Палацы Незалежнасці, журналісты нават не маглі ўявіць, што размова з першай асобай дзяржавы працягнецца больш за 7 гадзін. Гэты час, як потым адзначаць у прэс-службе Прэзідэнта, стаў рэкордным для падобных мерапрыемстваў. Але для нас, тых, хто знаходзіўся ў зале, ён праляцеў нечакана хутка.

З першых хвілін Аляксандр Лукашэнка запрасіў да адкрытага канструктыўнага дыялогу. Новы фармат, прапанаваны замест звыклай прэс-канферэнцыі, даў магчымасць прадстаўнікам СМІ не проста задаць пытанні, але і выказаць уласную пазіцыю.

Улічваючы, што, па афіцыйнай статыстыцы, у сустрэчы прынялі ўдзел 253 журналісты з 235 СМІ, у тым ліку прадстаўнікі бадай усіх рэгіёнаў краіны, шэрага замежных агенцтваў , не толькі дзяржаўных, але і недзяржаўных выданняў, пытанні гучалі самыя розныя. Ад абмеркавання эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і ўкраінскага канфлікту журналісты зноў і зноў вярталіся да перспектыў Еўразійскага эканамічнага саюза, знешняй палітыкі Беларусі, барацьбы з карупцыяй. Калегі цікавіліся перспектывамі будаўніцтва, росту заработнай платы і тым, як дзяржава будзе стымуляваць так званых дармаедаў да працаўладкавання, фарміраваннем цэн на тавары, аптымізацыяй органаў кіравання, кадравымі пераменамі ў беларускім урадзе і іншым, што сёння хвалюе вельмі многіх жыхароў краіны. Адной з самых абмяркоўваемых стала, канешне, тэма міру – і ва ўкраінскім кантэксце, і адносна нацыянальнай бяспекі і перспектыў развіцця Узброеных Сіл Беларусі, і што датычыць вытокаў і вынікаў “гандлёвых войнаў”. Не засталіся па-за ўвагай пытанні ўдасканалення ўзаемадзеяння дзяржорганаў і іншых афіцыйных структур са сродкамі масавай інфармацыі.

На кожнае пытанне – грунтоўны адказ: сур’ёзны – пра набалелае і злабадзённае, даступны і зразумелы, нават калі прадмет размовы не настолькі глыбока знаёмы для кагосьці з прысутных.

Так атрымалася, што на падобнай сустрэчы давялося быць не ўпершыню. І колішнія ўражанні пра адкрытасць беларускага Прэзідэнта, яго шчырую зацікаўленасць у канструктыўным дыялогу, імкненне разабрацца ў кожнай сітуацыі, уменне дастойна адказаць на самыя вострыя і “нязручныя” пытанні сёлета толькі знайшлі пацвярджэнне.

Вельмі паказальным, на маю думку, з’яўляецца тое, што нават прадстаўнікі не самых лаяльных да ўлады СМІ падчас гэтай сустрэчы згадзіліся: канфрантацыя зараз нікому не патрэбна, на змену ёй павінны прыйсці дыялог і кансалідацыя намаганняў.

Адназначныя акцэнты і прыярытэты, расстаўленыя Кіраўніком дзяржавы падчас адкрытага дыялогу, – не толькі важная інфармацыйная нагода для ўсеагульнага абмеркавання. Для кагосьці яны стануць ці ўжо сталі штуршком, які дапаможа ўбачыць рэальныя праблемы, што хвалююць насельніцтва, скарэктаваць работу з улікам агучаных на сустрэчы з журналістамі заўваг і прапаноў.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

У час адкрытага дыялогу Кіраўнік дзяржавы гаварыў з журналістамі пра глабальныя рэчы, жыццё беларусаў, пра асабістае. На сустрэчу былі запрошаны не толькі прадстаўнікі беларускіх СМІ, але і замежных мас-медыя. Гэта патрэбна, каб свет ведаў, як і чым жывуць беларусы. Закранутыя пытанні цікавяць і жыхароў Брэстчыны: агучаныя праблемы актуальныя для ўсіх рэгіёнаў.

Прэзідэнт адказваў на пытанні шчыра, адкрыта і падрабязна. І гэта выклікае давер. Пагаджуся з некаторымі ўдзельнікамі сустрэчы, якія дзяліліся ўражаннямі ў друку: калі б усе нашы чыноўнікі так прама, адкрыта і лёгка, як Кіраўнік дзяржавы, ішлі на кантакт з прэсай, з простымі працаўнікамі, інфармацыя была б больш аператыўнай і дакладнай, а пытанні, што ўзнікаюць на месцах, вырашаліся б хутчэй.

Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ,

начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры

і па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *