У юрыдычным кантэксце

Начальніку юрыдычнага аддзела райвыканкама Дзіне Дуброўка веданне юрыспрудэнцыі проста неабходна. Дапамагае яно і ў дэпутацкіх клопатах: пракансультаваць, параіць, кваліфікавана абгрунтаваць адказ. Яна – дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Малагарадзішчанскай выбарчай акрузе № 32. Дарэчы, для Дзіны Станіславаўны гэта не першы вопыт у якасці народнага абранніка, яна з’яўлялася і дэпутатам папярэдняга склікання.

Асноўныя пытанні, з якімі да яе звяртаюцца выбаршчыкі, часцей за ўсё юрыдычна-прававога. Дэпутат Дуброўка вядзе актыўную работу ў райсавеце – узначальвае пастаянную камісію па пытаннях заканадаўства, захавання правоў і свабод грамадзян. Раз у квартал камісія збіраецца на пасяджэнні, дзе абмяркоўваюцца найбольш актуальныя пытанні. Так, у мінулым годзе камісія разглядала эфектыўнасць работы, накіраванай на прафілактыку правапарушэнняў; дэмаграфічную сітуацыю на Ляхавіччыне і меры па яе паляпшэнні.

– На прыкладзе работы, якую праводзіць Востраўскі сельвыканкам па каардынацыі дзейнасці органаў грамадскага самакіравання, аналізавалі дзейнасць па прафілактыцы злачыннасці на глебе п’янства і сямейна-бытавых канфліктаў. Каб дасягнуць поспеху ў барацьбе з гэтымі негатыўнымі з’явамі, неабходна каардынацыя намаганняў усіх зацікаўленых службаў, — зазначае Дзіна Станіславаўна.

Вопытны юрыст, які шмат гадоў працавала намеснікам пракурора раёна, адказны і шчыры чалавек, неабыякавы да праблем іншых, Дзіна Дуброўка паспяхова спраўляецца са службовымі і з дэпутацкімі абавязкамі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *