На ўсю акругу. Крывошынская ўчастковая бальніца абслугоўвае насельніцтва 14 навакольных вёсак

Медсястра Святлана Рамашка з душэўнай цеплынёй вырашае праблемы сваіх падапечных

Асабліва прыгожа тут вясной і летам, калі вакол будынка буяюць лісцем векавыя дрэвы. Зімой ці восеньскай слотай двор таксама здаецца прывабным у шэра-белых фарбах.
Крывошынская ўчастковая бальніца мае сваю спецыфіку: з 30 ложкаў (на столькі разлічана медустанова) 20 — сястрынскага догляду, 10 – для стацыянарнага лячэння тэрапеўтычных хворых. Абслугоўвае медустанова насельніцтва 14 навакольных вёсак Крывошынскага сельсавета.
Загадвае ўчастковай бальніцай Людміла Шкруць, а па сумяшчальніцтве з’яўляецца і лечачым урачом. Дапамагае ёй вопытны тэрапеўт Васілій Рамашка. За мінулы год у бальніцы пралячыліся 476 пацыентаў, з якіх 72 — на ложках сястрынскага догляду. Пераважна гэта пажылыя людзі з хранічнымі захворваннямі.
Штодзень тут вядзецца прыём пацыентаў, працуе лабараторыя, выконваюцца і заяўкі-выклікі ўрача на дом. Дарэчы, у бальніцы ёсць і свой транспарт – аўтамабіль меддапамогі.
Яшчэ адзін і вельмі важны клопат медыкаў – пацыенты, якія знаходзяцца на ложках сястрынскага догляду. Гэта жыхары з усяго раёна, каго па нейкай прычыне няма каму даглядаць. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца магчымасць правесці тут зіму. Круглыя суткі старыя людзі пад наглядам медыкаў, для іх арганізавана чатырохразовае паўнацэннае харчаванне. У прасторным светлым холе можна паглядзець тэлевізар, пры неабходнасці — патэлефанаваць.
Чаго толькі нельга вылечыць у поўнай меры, дык гэта душэўны боль некаторых састарэлых людзей, якія трапілі сюды, хоць і маюць дзяцей, блізкіх сваякоў. Як расказвае Людміла Аляксееўна, ёсць такія пацыенты, да якіх па 10 гадоў і больш не наведваліся дзеці. 80 працэнтаў з іх пенсіі вылічваецца за знаходжанне на ложках сястрынскага догляду.
Наогул жа, як расказвае загадчыца ўчастковай бальніцы, медустанова працуе стабільна, забяспечана ўсім неабходным, каб аказаць пацыентам першую дапамогу, пралячыць, сагрэць сэрцы людскія.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *