Упаўнаважана дапамагаць. Да яе — дэпутата Ганчароўскага сельскага Савета — у любы час сутак ідуць аднавяскоўцы і жыхары бліжэйшых вёсак Ляхавіцкага раёна

Валянціне Маслоўскай рады ў кожным доме: яна і здароўем пацікавіцца, і праблемамі, якія хвалююць аднавяскоўцаў, і слушную параду дасць. Незаменны чалавек.

Да яе ў любы час сутак ідуць аднавяскоўцы і жыхары бліжэйшых вёсак з упэўненасцю: ім абавязкова паспрабуюць дапамагчы. Яна вельмі адказны чалавек з адкрытай душой і шчодрым сэрцам, які на працягу многіх гадоў жыве праблемамі іншых і паспяхова іх вырашае. Гэта ўсё пра дэпутата Ганчароўскага сельскага Савета, вясковага старасту Падбарочча, Нівішча, Залужжа Валянціну Маслоўскую. Валянціну Міхайлаўну землякі іншы раз называюць “наша галава”. Нягледзячы на тое, што даўно на заслужаным адпачынку, усю сябе аддае грамадскай справе. Кола яе абавязкаў і інтарэсаў вельмішырокае, а ўклад у сацыяльна-эканамічнае  развіццё і добраўпарадкаванне яе ”падшэфных” вёсак значны. Можна сказаць, Валянціна Міхайлаўна — вельмі аўтарытэтная асоба, карыстаецца заслужанай павагай і пашанай. Ёй да ўсяго ёсць справа, яна не можа заставацца абыякавай да чужой бяды, несправядлівасці.
Як і ў большасці падобных населеных пунктаў, амаль усе тутэйшыя жыхары – людзі шаноўнага ўзросту. У акрузе даўно няма фельчарска-акушэрскага пункта, пошты, клуба, школы, магазіна. Замест апошняга па панядзелках і чацвяргах прыязджае аўталаўка. Сельвыканкам – у Ганчарах, за 13 кіламетраў.

Вяскоўцы за парадай і дапамогай звяртаюцца да Маслоўскай — яна ж свая, тутэйшая: у Падбароччы нарадзілася, вырасла, доўгі час узначальвала (да лета 2012 года, пакуль не закрылі) сельскі клуб, была ініцыятарам стварэння і мастацкім кіраўніком фальклорнага калектыву “Згода”.
— Клопат пра тых, хто жыве побач, для мяне ў радасць, адчуванне сваёй неабходнасці іншым прыносіць сапраўднае задавальненне. Для чалавека важна быць камусьці патрэбным, — разважае стараста Маслоўская. Яна — патрэбная. І сведчанняў таму мноства. У Залужжы зрабілі вулічнае асвятленне, праўда, як аказалася, для зручнасці жыхароў не хапіла аднаго ліхтара ў пачатку вуліцы. Залужанцы звярнуліся за дапамогай да дэпутата. Яна ўнесла пытанне на разгляд ў сельвыканкам, патэлефанавала начальніку раёна электрасетак. Ліхтар устаноўлены, уся вясковая вуліца – са святлом.
Работа ў старасты-дэпутата ўсесезонная. Вясной і летам – дапамагчы з вырашэннем пытання апрацоўкі прысядзібных участкаў, восенню – з нарыхтоўкай бульбы і іншых запасаў агародніны і садавіны, зімой – трымаць пад кантролем расчыстку дарог ад снегу.

Гаспадарчыя моманты, зразумела, ніколі не здымаюцца з парадку дня. Але за імі не забывае Валянціна Міхайлаўна і пра адзінокіх вяскоўцаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, мнагадзетныя сем’і.
88-гадовая Леаніда Казак у Падбароччы чалавек вядомы і паважаны, настаўніца, калісьці была і дырэктарам школы. Нямала яе лёс выпрабоўваў: памерлі сыны, дачка далёка, здароўе падводзіць пажылую жанчыну — з хатнімі клопатамі цяжка спраўляцца, што ж гаварыць пра рамонт агароджы ці іншыя гаспадарчыя работы. Валянціна Міхайлаўна не толькі дапамагла аднавяскоўцы зрабіць тэхпашпарт на дом, заказаць і прывезці газавую пліту — не паленавалася некалькі разоў патэлефанаваць старшыні праўлення райпо. Пры садзеянні старшыні Ганчароўскага сельвыканкама Уладзіміра Плескацэвіча прывезлі неабходны матэрыял на агароджу. “Я даўно ўжо не верыла ў цуды, але цуд адбыўся і для мяне. І 2015 год я сустрэла з радасцю ў сэрцы, нават здароўе палепшылася. Дзякуючы разуменню Уладзіміра Плескацэвіча і ініцыятыве Валянціны Маслоўскай, на маім участку з’явілася агароджа, адрамантаваны калодзеж, зрэзаны аварыйныя дрэвы”, — гэта радкі з пісьма-падзякі, напісанага Леанідай Казак.

Каб своечасова дапамагчы, неабходна быць у курсе падзей і дакладна ўяўляць, што неабходна жыхарам вёсак, якія выбралі яе дэпутатам сельскага Савета. Яна – сувязное звяно паміж насельніцтвам і органамі мясцовага кіравання. У сельвыканкаме Валянціна Міхайлаўна вядзе размову ад імя 50 жыхароў вёсак Падбарочча, Нівішча і Залужжа.
– Стараста я не першы год, як і дэпутат. Некалькі разоў узначальвала ўчастковую камісію па выбарах дэпутатаў розных узроўняў. Даводзіцца вырашаць многія пытанні. Але без дапамогі, падтрымкі і разумення з боку сельвыканкама вырашыць іх станоўча было б цяжка. І з былым старшынёй, і з цяперашнім узаемаразуменне поўнае. Старшыня сельвыканкама і сам часта прыязджае ў вёску, цікавіцца як ідуць справы, — расказвае Валянціна Маслоўская.
– Добры, актыўны стараста, дэпутат сельсавета — для вёскі сапраўднае выратаванне. Валянціна Маслоўская – прыклад менавіта такіх адносін да справы. Энергічная, дзелавая, яна сама імкнецца вырашыць многія пытанні, з якімі звяртаюцца вяскоўцы. А калі гэта не знаходзіцца ў яе кампетэнцыі і сілах, то просіць дапамогі ў старшыні Ганчароўскага сельвыканкама, у райсавеце, кіраўнікоў прадпрыемстваў ці арганізацый, – гаворыць старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і дадае: – Стараста ў вёсцы, што гаспадар у доме. Стараецца, каб людзям утульна і камфортна жылося.

Няма і дня, каб Валянціна Маслоўская не сустракалася з аднавяскоўцамі

Некаторыя думаюць, што раз абралі старасту, то ўсе абавязкі ўскладаюцца толькі на яго. Хаця ён павінен быць ініцыятарам, арганізатарам агульных для жыхароў спраў. Стараста, мясцовы дэпутат – навідавоку, ведае, што хвалюе людзей.
Здаецца, зусім нядаўна вырашалі транспартнае пытанне. Неаднойчы дзеля гэтага давялося тэлефанаваць начальніку аўтобуснага парка ў Баранавічах. Затое цяпер рэйсавы аўтобус ідзе праз вёску не толькі па суботах і нядзелях, але і па серадах. З’явіўся і дарожны ўказальнік з назвай вёскі Набярэжная. Адгукнуліся ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на просьбу і абследавалі ўмовы жыцця мнагадзетнай сям’і ў Задвор’і. Дзякуючы хадайніцтву Маслоўскай, з раённага бюджэту выдаткавана 1800 тысяч рублёў на набыццё штыкету для агароджы ў двор ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ў Набярэжнай.
За што ні бярэцца Валянціна Маслоўская – усё ў яе атрымліваецца. Хочацца спадзявацца, атрымаецца – дапамогай і сельвыканкама, і дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў па гэтай акрузе – добраўпарадкаваць, зрабіць больш зручнымі, утульнымі і аўтобусныя прыпынкі ў наваколлі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *