Школа пачынаецца з якасці

Які ж прыгожы і багаты апошні месяц лета на кветкі, шчодры на ўраджай садавіны і агародніны, а яшчэ адметны сваёй блізкасцю да надзвычай важнай і знамянальнай падзеі – 1 верасня. Менавіта ў першы восеньскі дзень 3302 хлопчыкі і дзяўчынкі, прыгожыя і ўзрушаныя, пераступяць школьны парог у навучальных установах раёна. І званок пакліча іх на ўрок.
А напярэдадні трымалі экзамен перад новым 2010-2011 навучальным годам настаўнікі, выхавацелі, кіраўнікі гурткоў, якія ў апошнюю пятніцу жніўня сабраліся на традыцыйную педагагічную канферэнцыю.
САШ № 1 (менавіта тут праходзіла нарада) сустракала педагогаў святочнай і падрыхтаванай да новага навучальнага года. У калідорах і фае размясціліся выставы прысмакаў “Уладар смаку”, кветак, фота “Бацькаўшчына светлая мая”.
У пленарным пасяджэнні работнікаў адукацыі ў якасці гасцей прынялі ўдзел прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі і грамадскасці раёна, начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый, устаноў, старшыні сельвыканкамаў. Такое прадстаўніцтва чарговы раз падкрэсліла, што жнівеньская канферэнцыя – мерапрыемства не радавое. Тым больш, што сёлетняя тэма “Якасная адукацыя – важнейшая ўмова дынамічнага развіцця рэгіёна” — надзвычай важная і актуальная.
Пасля гукаў урачыстых мелодый, цёплых і шчырых слоў вядучых галоўная ўвага прысутных сканцэнтравалася на тых, хто ўпершыню 1 верасня ўвойдзе ў клас у якасці настаўніка. У гэтым навучальным годзе сеяць разумнае, добрае, вечнае пачнуць 13 маладых спецыялістаў, якія папоўнілі педагагічныя калектывы Востраўскай, Жарабковіцкай, Ліпскай, Альхоўскай САШ, Дараўскага, Падлескага, Малагарадзішчанскага ДС-САШ, Галаўнінскага ДС-ПШ, САШ № 1 і № 2. Для іх гучалі словы віншаванняў, наказы і шчырае запрашэнне ў дружную настаўніцкую сям’ю. Ад імя маладых спецыялістаў слова ў адказ трымала дэфектолаг САШ № 1 Вольга Салодкая. Апладысментамі сустракалі прысутныя выступленне-прывітанне юных выхаванцаў САШ № 1.
Да сваіх калег з прывітаннем з нагоды новага навучальнага года і пажаданнямі плённай працы, рэалізацыі творчых планаў, добрых пачынанняў звярнулася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч. У справаздачным дакладзе яна падвяла вынікі, дасягнутыя ў развіцці адукацыі летась, і акрэсліла задачы на новы навучальны год. Дакладчык прааналізавала дасягненні і перспектывы ўсіх этапаў дашкольнага і школьнага жыцця, засяродзіла ўвагу на рабоце спецыяльных устаноў адукацыі. Прагучалі і імёны самых творчых, таленавітых настаўнікаў, выхавацеляў, кіраўнікоў гурткоў. Сярод іх – Ніна Смаршчок, Генадзій Шадура, Людміла Раманенка, Святлана Ермаковіч, Марына Півавар (гімназія), Ала Долмат і Алена Кісель (САШ № 2), Аляксандр Касабуцкі (Малагарадзішчанскі ДС-САШ), Тамара Васько і Ірына Банецкая (Тухавіцкая САШ), Галіна Бунель і Іна Бортнік (САШ № 1), Пётр Юркавец (Ліпская САШ), Святлана Арлоўская (Тальміна-віцкая САШ), Святлана Падгурская (Начаў-ская САШ), Жанна Станкевіч (Русінавіцкая ПШ), Алена Варабей (ДС №3), Святлана Штундзер (Жарабковіцкі ДС) і іншыя.
“Гавораць, што добры будаўнік ніколі не эканоміць на фундаменце. Фундамент нашага настаўніцкага дома – прафесійны і творчы патэнцыял педагогаў”, – адзначыла Святлана Юрлевіч. Сярод асноўных творчых дасягненняў і здабыткаў начальнік аддзела адукацыі прыгадала высокі працэнт паступлення сёлетніх выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы (47 працэнтаў ад агульнай колькасці). Прычым парадавалі не толькі гарадскія рабяты, але і выпускнікі Тухавіцкай САШ і Дараўскага ДС-САШ. Як заканамерны вынік зацікаўленасці педагогаў, выкарыстання імі ў навучанні новых метадычных распрацовак і аўтарскіх праграм – перамогі ляхавіцкіх школьнікаў на разнастайных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядах і конкурсах.
“Ад мудрасці настаўніка, яго педагагічнага таленту, вытрымкі і тактычнасці, мабільнасці і творчага пошуку залежыць, якім будзе заўтра нашай краіны”, – з такімі словамі да педагогаў Ляхавіччыны звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук. Ад імя кіраўніцтва раёна ён пажадаў настаўнікам здароўя, цярпення і мудрасці ў нялёгкай і адказнай справе – выхаванні і навучанні падрастаючага пакалення.
З віншаваннямі і пажаданнямі да ўдзельнікаў нарады і гасцей звярнуўся начальнік аддзела адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Мікалай Хітрык.
На канферэнцыі былі агучаны перспектывы развіцця як у цэлым сістэмы адукацыі раёна, так і асобных навучальных устаноў. Сваімі напрацоўкамі і сучасным бачаннем справы падзяліліся прадстаўнікі педагагічных калектываў. Загадчыца Жарабковіцкага дзіцячага сада Святлана Селяйковіч расказала пра прыярытэты і патэнцыял дашкольнай установы аграгарадка ва ўмовах узаемадзеяння з соцыумам. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Федзюкоўскага ДС-САШ Таццяна Нічыпарук расказала пра прыступкі станаўлення маладога настаўніка. Пра разнастайныя накірункі работы цэнтра турызму і краязнаўства апавядаў дырэктар гэтай установы Уладзімір Погас. Вельмі запамінальным, цікавым і насычаным на прыклады было выступленне дырэктара гімназіі Леаніда Калбасы пра імідж установы адукацыі.
На жнівеньскім педсавеце падведзены вынікі і адзначаны пераможцы раённага спаборніцтва сярод устаноў адукацыі Ляхавіччыны за мінулы год. Сертыфікаты пераможцаў і падарункі атрымалі Начаўскі і Навасёлкаўскі дзіцячыя сады, ДС № 2, Русінавіцкая ПШ, Зубелевіцкая БШ, Тухавіцкая і Крывошынская САШ, гімназія.
Заключным акордам свята стала багатая на сюрпрызы і запамінальныя нумары канцэртная праграма, падрыхтаваная педагогамі і выхаванцамі баранавіцкага цэнтра маладзёжнай творчасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *