Бяспека ў творчым выкананні. У міжнародным валанцёрскім цэнтры абласнога ўпраўлення МНС у Брэсце ўзнагароджвалі пераможцаў конкурсу. «Ляхавіцкі веснік» сярод іх

У экспазіцыі сабраны больш за трыста экзэмпляраў кніг і перыёдыкі пра гісторыю станаўлення і развіцця выратавальнай службы

5 лютага ў міжнародным валанцёрскім цэнтры абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у Брэсце сабраліся прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Нагода – урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і асноў забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці. Конкурс, які штогод праводзіць МНС, стаў папулярным і традыцыйным у нашым рэгіёне.
Цёпла вітаў журналістаў начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін Шаршуновіч, які падкрэсліў значную ролю друкаваных і электронных СМІ ў справе забеспячэння бяспекі насельніцтва.
4079 разоў выратавальнікі Брэстчыны ў мінулым годзе выязджалі на ліквідацыю пажараў, на аб’екты гаспадарання, торфамасівы, аказанне дапамогі пры дарожна-транспартных здарэннях, на вадзе, пры паводках і іншыя. Часцей за ўсё прычынай станавілася незахаванне насельніцтвам правілаў бяспекі. Неабходна, каб дзелавое ўзаемадзеянне МНС і СМІ, па словах Канстанціна Яўгеньевіча, і далей удасканальвалася і ўмацоўвалася.
Рэдакцыі газеты “Ляхавіцкі веснік” у намінацыі “За аператыўнасць і аб’ектыўнасць” прысуджана трэцяе месца. Наша раёнка ўзнагароджана дыпломам абласнога ўпраўлення МНС і каштоўным падарункам.
Граматамі і сувенірамі за актыўнасць і творчы падыход у папулярызацыі культуры бяспекі жыццядзейнасці быў адзначаны і шэраг рэдакцый і карэспандэнтаў Брэстчыны.
Прыемным штрыхом да дзейства стала выступленне ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці.
Завяршылася святочная сустрэча азнаямленнем з выставай «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар»  і экскурсам у гісторыю станаўлення і развіцця выратавальнай службы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін Шаршуновіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *