Асаблівасці нацыянальнай рыбалкі

Штогод павялічваецца колькасць тых, хто лічыць рыбалку сваім захапленнем. Гэты занятак не толькі дазваляе атрымаць жаданы трафей, але і станоўча ўплывае на здароўе, пашырае кола сяброў і інтарэсаў.

Права парыбачыць на беларускіх вадаёмах маюць як жыхары краіны, так і замежныя грамадзяне. Пры гэтым трэба памятаць, што забараняецца лоўля рыбы ў штучных вадаёмах, якія выкарыстоўваюцца для рыбаводства, у водных аб’ектах, што з’яўляюцца крыніцамі водазабеспячэння, размешчаных у зонах эвакуацыі (адчужэння), а таксама на асабліва ахоўваемых прыродных і іншых тэрыторыях, на якіх у адпаведнасці з рэжымам іх аховы і выкарыстання рыбалоўства забаронена.

Аматарскае рыбалоўства ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства.

Кожны рыбалоў-аматар можа выбраць месца для лоўлі рыбы – платнае ў арандаваных угоддзях, дзе створаны пэўныя ўмовы, ці займацца ціхім паляваннем бясплатна ў фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў.

Парадак рэалізацыі пуцёвак на платнае аматарскае рыбалоўства і рэжым рыбалоўства ва ўгоддзях вызначаюцца арандатарамі, інфармацыя пра гэта размяшчаецца на аншлагах. Лоўля рыбы без пуцёўкі на такіх вадаёмах і участках рэк забараняецца.

Перад паходам на рыбалку трэба ўдакладніць, ці не дзейнічаюць у адпаведным рэгіёне або на вадаёме ў даны час якія-небудзь абмежаванні на вылаў пэўнага віду рыб, на спосаб лоўлі, які плануеце выкарыстаць. Катэгарычна забараняецца лоўля рыбы, занесенай у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Неабходна падтрымліваць належны санітарны стан на вадаёмах.

Па даных Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, у мінулым годзе на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна выяўлена 25 парушэнняў правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, большасць з якіх – менавіта за здабычу забароненымі прыладамі (сеткай, астрогам). Канфіскавана 32 сеткі даўжыней 1200 метраў, 30 іншых прылад рыбалоўства, 28 кілаграмаў незаконна здабытай рыбы, прычынена шкода прыродзе больш чым на 7 мільёнаў рублёў. На вінаватых накладзены штраф на суму больш за 23 мільёны рублёў.

Сяргей КРЫСЮК,

начальнік Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы

жывёльнага і расліннага свету.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *