Маё ваеннае дзяцінства. Успамінамі пра Вялікую Айчынную вайну дзеліцца ляхавічанін

Чытачы “ЛВ” сталага ўзросту добра памятаюць публікацыі журналіста Фёдара Лапаніка ў раёнцы 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Ён узначальваў сельгасаддзел рэдакцыі і пісаў пераважна пра аграрыяў. Але не толькі – “грашыў” вершамі і мастацкай прозай. Пазней нават паэтычны зборнік выпусціў.

А ў сённяшнім нумары Фёдар Максімавіч дзеліцца ўспамінамі пра Вялікую Айчынную, якой яе бачыў хлапчуком.

У першыя дні вайны

Як толькі стала вядома пра пачатак вайны, жыхары нашай вёскі Новыя Фалічы, што на Старадарожчыне, не выйшлі ў поле і на сенажаць. Трывожная вестка прымусіла іх заняцца зусім іншымі справамі. Яны закопвалі ў зямлю свае кубельцы з салам, ваенныя фотаздымкі, паляўнічыя стрэльбы, плакаты. Шмат людзей сабралася на пагорку ля Глінішча. Хтосьці паведаміў, што там хаваюць харкаўчаніна.
—Збегай, сынок, туды, паглядзі, — сказала мне мама. — У нашым сяле ніхто не пражываў з Харкава, усе ў нас мясцовыя. Тутака штось не тое…
Я стрымгалоў паімчаў на пясчаны пагорак. Вакол глыбокай ямы стаялі мужчыны, некалькі жанчын і дзяцей. У яме, пабліскваючы жалезнымі шыпамі колаў, на малых абаротах тарахцеў трактар, на радыятары якога значыліся буйныя літары ХТЗ. Ён паступіў у калгас зусім нядаўна. Мабыць, і сотні гектараў глебы не паспеў узараць.
Неўзабаве сюды, на пагорак, прыехаў на кані старшыня гаспадаркі Васіль Пятровіч Жукавец. Павітаўшыся, сказаў:
—Дарагія калгаснікі, вы ведаеце ўжо, якая бяда прыйшла да нас. Але не адчайвайцеся. Фашысцкія акупанты доўга не пратрымаюцца на нашай зямлі. Выкурым іх з ганьбай. Усё харчовае зерне раздадзім вам. Пакінем толькі насеннае жыта, ячмень. А трактарок, я цвёрда ўпэўнены, нам яшчэ спатрэбіцца. Дачакаецца свайго гаспадара. Праўду кажу.
Старшыня пахлопаў далонню па плячы стаяўшага побач каржакаватага ў замасленым камбінезоне мужчыну Барыса Цюрына. Пасля гэтых слоў кабеты ахінулі трактар квяцістымі посцілкамі і ўсе гуртам пачалі засыпаць зямлёю.
На наступны дзень загадчык магазіна Павел Сідаравіч Шчэрба па спісе выдаваў фалічанам бясплатна соль, мыла, запалкі, газу і некаторыя іншыя прамысловыя тавары. Нас, хлапчукоў, частаваў пернікамі і цукеркамі.

Нечаканая знаходка

Час ад часу ў ваколіцах вёскі чуліся стрэлы, ірваліся снарады. Нашы чырвонаармейскія часці, адступаючы на ўсход, аказвалі нямецкім акупантам сур’ёзнае супраціўленне. То тут, то там узбоч шашы чадзелі падбітыя варожыя танкі, машыны, бронетранспарцёры і іншая тэхніка. Бацькі катэгарычна забаранілі мне хадзіць у лес. Але хіба можна ўседзець дома, калі на лясных палянках даспелі суніцы. Аднойчы, калі дарослыя пайшлі абганяць бульбу, я пакіраваў ва ўрочышча Дзянісаў бераг. Праз хвілін колькі мая конаўка напоўнілася духмянымі ягадамі. Сабраўся ўжо ісці дамоў, як раптам пачуў хрып каня. Ён намагаўся падняцца з зямлі, але заднія акрываўленыя ногі падкошваліся, і конь падаў. Паблізу пад кустом ядлоўцу ляжаў чалавек у вайсковай форме. Пачуўшы мае крокі, ляснуў затворам вінтоўкі. Аднак, убачыў, што перад ім чалавечак “ад гаршка паўвяршка”, і паклікаў да сябе. Гэта быў паранены ў плячо кавалерыст.
У вячэрніх прыцемках бацька, пераапрануўшы яго ў цывільнае, адвёў на свой хутар у пуню. Больш за два тыдні ён знаходзіўся тут. У чарговы раз, калі я прынёс яму хлеб і сёе-тое да хлеба, вайскоўца на месцы не застаў. Між бярвёнаў у шчыліне вецер хістаў паперку. Дома сястра Алёна чытала: “Спасибо вам, Максим Иванович, за заботу, сопряжённую с большим для вас риском. Рана моя зажила. Буду пробираться к своим. Надеюсь, что мы ещё с вами обязательно встретимся. Лейтенант П. Киреев”.

Хата, ахопленая  полымем

Мабыць з паўгода ў Новых Фалічах панавалі спакой і цішыня. Ні стрэлаў, ні выбухаў, ні ўскрыкаў, ні плачу. Толькі з ляснога ўрочышча Бярэзнікі часам даносіўся прыглушаны гул рухавікоў. І па шашы ў бок Бабруйска несліся днём і ноччу “тыгры” і “пантэры”. І вось сонечным летнім днём з пясчанага пагорка спаўзлі ў вёску два плямістыя фургоны і спыніліся ля крайніх хат. Раптам у вышыні пранізліва заскуголіла сігнальная ракета і ўпала на саламяны дах хаты дзядзькі Антона. Полымя ў адзін момант зашугала ва ўсю моц, пагражаючы перакінуцца на суседнія дамы і прыбудовы. Людзі з вёдрамі кінуліся тушыць пажар. На гэта і разлічвалі акупанты. Яны хапалі юнакоў, дзяўчат і маладых мужчын і запіхвалі іх у фургоны. У гэту “пастку” трапілі мой старэйшы брат Міхась і два ягоныя аднагодкі Вася Лаўрук і Анатоль Філіпеня. Усіх тушыльшчыкаў пажару адвезлі ў Слуцк, дзе фарміраваўся састаў для адпраўкі людзей у Германію на прымусовыя работы. З чыгуначнай станцыі і далі дзёру хлопцы, усе трое. Разумеючы, што іх могуць шукаць у родных і блізкіх, яны знайшлі часовы прытулак на дальнім балоце ў стагах сена. Я ведаў, у якім стозе “пасяліўся” брат. Прыносіў яму яду, чыстую бялізну, тытунь, запалкі.
Неяк раз мы з братам сядзелі ў стозе, хрумсталі яблыкі. Раптам пачулі чыесьці крокі. Праз хвіліну між лазовых пруткоў, якімі мацаваліся ўнутраныя сцены стога, ледзь не ўтыркнуўшыся ў мой бок, прасунуліся зубы жалезных вілаў. Пачуўся мужчынскі голас:
– Ну што там у цябе, Ціт? Можна пад’язджаць?
– Не трэба. Не сена тут, а адно гніллё ды пацяруха.
Сказаў і папрасіў у напарніка запалак, каб падпаліць стог. Я сцяўся ў клубок. Твар Мішы пабялеў, як папера. Крычаць, выскокваць на волю не адважыліся: нешта стрымлівала нас. На шчасце, стог не загарэўся. Мабыць, быў вільготны. Фурманка хутка загрукатала коламі па хісткім насціле грэблі, пачуўся вінтовачны стрэл. Мы выпаўзлі з логава. Ля стога ляжалі абрыўкі нямецкай газеты, пачак ад цыгарэт. Пазней стала вядома, што гэта былі паліцэйскія.

Шлях да партызан

Параіўшыся, хлопцы-аднавяскоўцы пачалі шукаць дарогу да партызан. Ужо тады, на першым годзе вайны, на Старадарожчыне дзейнічаў партызанскі атрад, камандзірам якога быў галоўны ўрач раёна Пётр Нічыпаравіч Шуба. Праз сувязнога Івана Данілавіча Пратасевіча ім удалося трапіць у гэты атрад, на рахунку якога было ўжо некалькі падарваных шашэйных і чыгуначных мастоў, складаў са зброяй. Пасля адпаведных праверак усе трое – Міхась, Васіль і Анатоль – уліліся ў атрад народных мсціўцаў.
Глыбокай восеньскай ноччу 42-га года ў аконную шыбу нямоцна пастукалі.
– Адчыні, мама, гэта я, Міша.
На прыпечку загарэлася газоўка. У хату ўвайшоў Міхась і з ім яшчэ трое партызан. У цёплых куртках і кубанках з чырвонымі стужкамі. Усе з аўтаматамі – пасылка з Вялікай Зямлі. Завесіўшы посцілкамі вокны, маці насыпала ў міску вараную бульбу, нарэзала маленькімі кавалачкамі сала, агуркі. Сказала, быццам апраўдваючыся, што няма больш ніякіх прысмакаў. З далейшай гутаркі мы ўпершыню за ўвесь час вайны даведаліся пра тое, што нашы войскі не толькі не пусцілі ворага ў Маскву, а і адкінулі ад яе супастатаў на многія дзясяткі кіламетраў, і што партызаны таксама паспяхова дзейнічаюць у тыле ворага. Было радасна ад гэтай добрай весткі.
А я пахваліўся, што ля вёскі Кавалічы, куды мы хадзілі аднойчы з сябрам да збітага самалёта, знайшлі цэлую кучу патронаў, дзве гранаты і дзесяцізарадную вінтоўку з перабітым прыкладам.
— Прыхавай, — папрасіў брат. — Пры першай магчымасці забяру. Зброя нам спатрэбіцца – атрад увесь час папаўняецца новымі людзьмі.
У тую ноч мне не спалася. Думаў пра заўтрашні паход да збітага самалёта і новыя трафеі. Аднак, ажыццявіць задуманае не давялося. Назаўтра з самай раніцы ў вёску зноў нячыстая сіла прыгнала карнікаў. Няпрошаныя госці разам са старастам уварваліся ў хату. Злосныя, азвярэлыя. Стараста ўвёў ім у вушы, што Міхась дзесьці хаваецца ад нямецкіх улад. Цыбаты белабрысы афіцэр нервова тупае ад парога да стала, пастуквае нагайкай па халявах ботаў, гаворыць на ламанай рускай мове, што калі сын заўтра не з’явіцца ў камендатуру, то ўся сям’я будзе расстраляна. Маці роспачна і разгублена корпаецца ў куфры і шуфлядзе стала, ператрэсае розныя квітанцыі і не можа знайсці патрэбную паперку. Нарэшце знаходзіць і дрыжачымі рукамі падае яе немцу. Той доўга трымае даведку перад акулярамі, па складах чытае: Лапанік Міхаіл Максімавіч добраахвотна адпраўлены ў Германію на ваенны завод. Унізе даведкі стаяў выразны подпіс бургамістра з пячаццю. Афіцэр рэзка павярнуўся да старасты і наводмаш уляпіў яму аплявуху за зман. Калі за імі зачыніліся дзверы, уся наша сям’я з палёгкай уздыхнула. Дарослыя і малыя сталі перад іконай і перахрысціліся. На гэты раз мама акуратна абгарнула даведку хусцінкай і паклала яе на дно куфра асобна ад іншых папер. Калі знойдзецца яшчэ адзін здраднік, то будзе чым адвесці бяду.

Смяротная “рама”

Неяк раз ліпеньскім ранкам да мяне завіталі сябры Коля Дубовік, Лёня Балоцька і Толік Загорскі, спыталі, ці пайду я з імі і братамі Валодзем і Сашам Лапанікамі ў лес па грыбы. Мама строга сказала, што не пайду, паколькі я яшчэ добра не ачомаўся ад тыфу. Сябрукі накіраваліся ў лес без мяне.
Пачало ўжо хіліцца да вячэрніх прыцемак, а грыбнікоў не было. Устрывожаныя бацькі, узброіўшыся факеламі, адправіліся ў пошукі. Першым убачылі Колю Дубовіка. Ён ляжаў каля пня з заціснутым у руцэ грыбам. Нежывы. У некалькіх кроках ад яго ляжалі астатнія чацвёра хлопчыкаў. Таксама мёртвыя. То тут, то там валяліся, як адсечаныя сякерай, зялёныя галінкі і вершаліны дрэў. Высветлілася, што над гэтым лясным масівам днём каршуном кружылася нямецкая “рама” — самалёт-разведчык. Ён і прыняў рабят за партызан…

Іх з сабой не ўзялі

У апошнія дні чэрвеня 44-га года з боку Бабруйска даносіўся гром кананады. У начным небе ні на хвіліну не знікаў водбліск пажару. Перадавыя часці нашай арміі выбівалі акупантаў з горада і яго ваколіц. Доўгачаканае вызваленне набліжалася. Гэта адчувалася і ў паводзінах паліцаяў, якіх нагнала ў вёску аднекуль. Цяпер яны швэндаліся па вуліцах з нізка апушчанымі галовамі. Дзе толькі падзеліся іх ваяўнічасць, пагардлівыя адносіны да мясцовага насельніцтва. Яшчэ праз колькі часу паліцаі заварушыліся, забегалі па вёсцы. Гаспадары, якім яны служылі, паабяцалі ўзяць іх пад сваё крыло. Цяпер трэба было дабрацца як-небудзь да Слуцка. Знайшлі для гэтага некалькі фурманак. На другі дзень, вярнуўшыся з абозу, мужчыны расказвалі, што немцы не ўзялі з сабой сваіх памагатых…
Восенню таго ж 44-га года брат Міхась, змяніўшы партызанскую куртку на вайсковы шынель, пайшоў на фронт, а я з такімі ж, як сам, пераросткамі, упершыню пераступіў парог школы.
Фёдар ЛАПАНІК,
ветэран журналістыкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *